ЧАБАНЕ́НКА Віктар Антонавіч (н. 12.9.1937, с. Елізаветаўка Васільеўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна),
украінскі мовазнавец, лексікограф, літ.-знавец, крытык, паэт. Засл. дз. нав. і тэхн. Украіны (2002). Скончыў Запарожскі пед. ін-т (1959). З 1965 працуе ў Запарожскім ун-це (з 1984 заг. кафедры, у 1985—96 дэкан ф-та). Друкуецца з 1957. Даследуе праблемы лінгвастылістыкі, сацыялінгвістыкі, укр. дыялекталогіі, гісторыі ўкр. мовы, міжслав. моўных і літ. узаемасувязей. У працы «Асновы Моўнай экспрэсіі» (1984) аналізуе экспрэсіўна-стыліст. функцыі беларусізмаў ва ўкр. мове. Склаў «Слоўнік гаворак Ніжняй Наддняпроўшчыны» (т. 1—4, 1992). Выдаў працу «Вялікі Луг запарожскі: Гісторыка-тапанімічны слоўнік» (1999). Кн. «Славістычныя даследаванні» (2003) пра беларусазнаўчыя зацікаўленасці ўкр. вучоных і бел.-ўкр. літ. сувязі. На ўкр. мову пераклаў вершы М.Багдановіча, Р.Барадуліна, Я.Купалы, А.Лойкі, П.Макаля, П.Панчанкі, М.Танка і інш. Запісвае ўкр. фальклор (зб-кі «Савур-магіла», 1990; «Сястра арлоў», 1991; «Мудрае слова», 1992; «Гартаванае слова», 1995; «Сечавая скарбніца», 1999). У паэт. зб-ках «Сабор душы маёй» (1996), «У вечным змаганні» (2000), «Аратанія» (2001) філас. роздум над гісторыяй Украіны, над праявамі дабра і зла.
Літ.:
В.А.Чабаненко: Біобібліогр. покаж. Запоріжжя, 1997.
І.У.Саламевіч.
т. 17, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)