ЦЮ́ПА Вячаслаў Алегавіч (н. 10.1.1955, Душанбе),
расійскі і бел. рэжысёр. Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі (1969—71), скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных (1976), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1981). З 1981 рэжысёр-пастаноўшчык Растоўскага т-ра муз. камедыі. З 1984 в.а. гал. рэжысёра, з 1987 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі, у 1992—98 рэжысёр-пастаноўшчык Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Яго работы вызначаюцца рэжысёрскай фантазіяй, паэтычна-рамант. светаадчуваннем, пошукам новых выразных сродкаў. У т-ры муз. камедыі паставіў «Сірано» С.Пажлакова (1984), «Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна, «Сільва» І.Кальмана (абедзве 1986), «Клоп» У.Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1992), «Халопка» М.Стрэльнікава (1994), «Чараўнік» Д.Рансуінка (1992, Дзіцячы муз. т-р «Казка»); у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (1989, канцэртная версія), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1996). З 1998 працуе ў Расіі.
Літ.:
Брылон В. Слава для мяне не самамэта // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.
В.Г.Брылон.
т. 17, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)