ЦІ́ХАНАЎ Віктар Пятровіч (н. 27.9.1955, в. Пук шына Віцебскага р-на),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Адрадзіў на Беларусі стараж. тэхніку разьбы на ляўкасе ў спалучэнні з жывапісам: «Дзед Сцяпан» (1976), «Успамін» (1977), «Слова аб Радзіме. Ф.Скарына», «Песня-ўспамін. М.Гусоўскі» (абодва 1980), «Свята ўраджаю», «Вянок жыцця. М.Багдановіч» (абодва 1981), трыпціхі «Сейбіты», «Вяртанне» (абодва 1982). Аўтар манум. работ: фрэска «Горад юнацтва» ў СШ № 67 (1981), вітражы «Прырода» ў Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (1982), у Літ. музеі М.Багдановіча (1991) у Мінску; мазаіка «Лясная песня» ў кінатэатры «Радзіма» (1982), вітраж «Гарады Беларусі» ў будынку аўтавакзала (1984, усе ў сааўт.) у г. Маладзечна Мінскай вобл., размалёўка царквы святых Пятра і Паўла ў г. Семятычы (Польшча, 1987); іканастас Свята-Мікалаеўскай царквы ў Брэсце; кампазіцыя «Мір табе, зямля пад белымі крыламі» (1989). Жывапісныя творы вылучаюцца пуантылістычнай манерай выканання, экспрэсіўнасцю, гарманічнымі тонавымі суадносінамі: «Спадчына» (1978), «Мой родны кут. Я.Колас» (1982), «Ля вытокаў. В.Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Сустрэча ў вёсцы Белае» (1984), «Восень на Браслаўшчыне», «Кастрычнік» (абодва 1997), «Цёплы дзень» (2001), цыкл з 21 карціны «Восень у Баварыі» (2000).