найпрасцейшая форма добраахвотнага аб’яднання сялян для сумеснай гасп. дзейнасці. Існавалі ў СССР да суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Далучалі сялян да вядзення калект. гаспадаркі.
У т-вах абагульвалася толькі зямля і сродкі вытв-сці, а праца сялян аб’ядноўвалася ў перыяды с.-г. работ. Прыбыткі размяркоўваліся адпаведна колькасці абагуленай зямлі, колькасці і якасці працы. Існавала таксама размеркаванне прыбыткаў па колькасці едакоў, выкарыстаных сродкаў вытв-сці і рабочай жывёлы. За кошт прыбыткаў т-ва набывалі сродкі вытв-сці і прадукцыйную жывёлу. У 1929 у СССР ТАЗы складалі 60% агульнай колькасці калект. гаспадарак. На Беларусі ў 1927 было 78 т-ваў. У час масавай калектывізацыі яны ператвораны ў сельскагаспадарчыя арцелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКСАПЛА́ЗМА (Toxoplasma),
род паразітычных прасцейшых атр. какцыдый кл. спаравікоў. 1 від — Т. гондзіі (T. gondii). Паразіт млекакормячых жывёл, птушак і чалавека (канчатковыя гаспадары); узбуджальнік таксаплазмозу.
Даўж. 4—8, шыр. 2—4 мкм. Вегетатыўная форма рухомая, паўмесяцападобная. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія) шляхам дзяленняў з утварэннем цыст, псеўдацыст і палавога працэсу (гаметаганія). Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — больш за 180 відаў свойскіх і дзікіх жывёл. У млекакормячых і чалавека Т. можа перадавацца і праз плацэнту.
Цыкл развіцця і спосабы заражэння таксаплазмай: 1 — кошка-гаспадар, дзе праходзіць шызаганія і стадыя палавога цыкла; 2—4 — паслядоўныя стадыі развіцця аацысты; 5—6 — мышы-гаспадары, у якіх адбываецца дадатковае бясполае размнажэнне; 7 — унутрывантробнае заражэнне мышэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́РТУСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Адкрыты ў 1632 у г. Дэрпт (цяпер Тарту, Эстонія) паводле загаду шведскага караля Густава II Адольфа аб заснаванні Акадэміі Густавіяна. У сувязі з ваен. дзеяннямі працаваў з перапынкамі да 1710. У 1802 аднавіў дзейнасць (адзіны ў Рас. імперыі ун-т, дзе выкладанне вялося на ням. мове). З 1889 лекцыі чыталіся на рус. мове, з 1.12.1919 — на эстонскай. З 1893 у сувязі з перайменаваннем горада наз. Юр’еўскі, з 1919 — Тартускі. У 2001/02 навуч.г. больш за 15 тыс. студэнтаў і каля 900 выкладчыкаў; ф-ты: тэалагічны, юрыд., мед., філас., біёлага-геагр., фізіка-хім., эканам., матэматыка-інфарм., сац. навук, адукацыі, фіз. культуры. Пры ун-це працуюць 3 каледжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎКА́ЧЫКІ, таўкачы,
танцоркі (Empididae),
сямейства насякомых падатр. прамашыўных караткавусых атр. двухкрылых. Больш за 2,8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў лясной зоне па берагах вадаёмаў; жывуць на раслінах. На Беларусі найб. трапляюцца Т.: вялікі (Empis tesselata) і лінднеры (E. lindneri).
Даўж. да 15 мм. Цела цёмнае, слабаапушанае. Галава невял., круглая з іголкападобным хабатком. Крылы празрыстыя. Ногі доўгія, тонкія. Пераважна драпежнікі, дадатковы корм — нектар кветак. У перыяд размнажэння ў некат. відаў адбываецца раенне, шлюбныя «танцы», насякомыя збіраюцца ў вял. масы — «таўкуць мак» (адсюль назва). Агрэсіўныя самкі пасля капуляцыі нярэдка з’ядаюць самцоў. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у глебе, лясным подсціле, у некат. відаў — на дне вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РЫ (англ. tory),
палітычная партыя ў Вялікабрытаніі ў канцы 17 — сярэдзіне 19 ст. Узнікла ў 1670—80-я г. як групоўка прыхільнікаў абсалютызму, да сярэдзіны 18 ст. канчаткова склалася як партыя зямельнай арыстакратыі і вярхоў духавенства, разам з вігамі стала адной з 2 вядучых партый брыт.двухпартыйнай сістэмы. З 1780-х г. да 1830 прадстаўнікі Т. няспынна панавалі ў парламенце і ўзначальвалі ўрады краіны. Становішча Т. падарвалі хлебныя законы 1815 і праведзеная ў 1832 вігамі парламенцкая рэформа, якая дала доступ у парламент прамысл. буржуазіі. У выніку вострай унутрыпарт. барацьбы ў сярэдзіне 19 ст. старая партыя Т. фактычна распалася, на яе аснове сфарміравана Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, за членамі якой захавалася неафіц. назва «торы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЎСЦІКАЎ Павел Фёдаравіч (26.10.1904, г. Барысаў Мінскай вобл. —24.4.1985),
Герой Сав. Саюза (1945), генерал-маёр (1945). Скончыў Кіеўскую пях. школу (1930), курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1949), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1953). У Чырв. Арміі з 1926. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Зах., Бранскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах: нач. аператыўнага аддзела штаба дывізіі, нам.нач. аператыўнага аддзела штаба арміі, нач. штаба стралк. дывізіі, корпуса, камандзір дывізіі. Дывізія на чале з палк. Т. вызначылася летам 1944 пры вызваленні Барысава, Мінска, у 1945 у баях за Кёнігсберг і Пілаў. Да 1957 у Сав. Арміі і цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР. Ганаровы грамадзянін г. Барысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЛЛЕ́ Ігар Яўгенавіч (н. 1.12.1949, Мінск),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1997). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Ін-це цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1976 у Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН (з 1996 заг. аддзела). З 1997 працуе за мяжой. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і мікраэлектроніцы. Распрацаваў квантавую тэорыю пераносу носьбітаў зараду ў высокачастотным полі структур паўправаднік — дыэлектрык, прапанаваў спосаб фарміравання квантавых ям і квантавых кропак.
Тв.:
Усиление плазменных колебаний в многослойных структурах с периодическими управляющими электродами // Докл.АНБССР. 1991. Т. 35, №2;
Пучковая неустойчивость и усиление волн пространственного заряда в плазме полупроводников (разам з В.А.Сізюком) // Там жа. 1994. Т. 38, №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАМБАЦЫ́ТЫ (ад тромб + грэч. kytos клетка), крывяныя пласцінкі,
форменныя элементы крыві пазваночных жывёл і чалавека. У многіх жывёл Т. — дробныя акруглыя клеткі са шчыльным ядром; у млекакормячых жывёл і чалавека — бяз’ядзерныя, дыскападобныя пласцінкі дыям. 2—5 мкм. У 1 мм3 крыві чалавека змяшчаецца 180—320 тыс. Т. Адрозніваюць 5 асн. відаў Т.: маладыя (1—5%), спелыя (88%), старыя (4%), дэгенератыўныя (да 2%), гіганцкія формы раздражнення (2%). Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу (66—80 тыс. у 1 мм3 крыві за дзень). Функцыі Т.: спыненне крывацёку пры пашкоджанні сценкі сасудаў, забеспячэнне згусальнасці крыві, удзел у гаенні ран і інш. Памяншэнне колькасці Т. суправаджаецца дыятэзам гемарагічным, павелічэнне вядзе да трамбозу крывяносных сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́МПІЦКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Галбіца, за 26 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,44 км², даўж. 1,4 км, найб.шыр. 570 м, найб.глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 3,86 км, пл. вадазбору 8,6 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 6—8 м (на ПнУ 2—3 м), разараныя. Участкамі тэраса выш. 1,2—1,4 м. Берагі нізкія пясчаныя і пясчана-галечныя, пад хмызняком, месцамі на Пд сплавінныя; 3 залівы. На Пд і ПдЗ пераўвільготненая пойма шыр. да 50 м. Дно ілістае, на невял. участку каля ўсх. берага — пясчанае. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 10 м. Выцякае ручай у р. Галбіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ГЕР (англ. trigger),
спускавая схема з 2 (радзей больш) станамі ўстойлівай раўнавагі; адзін з асн. элементаў лічыльнікаў, вылічальных машын, фарміравальнікаў імпульсаў і інш. Стан раўнавагі Т. захоўваецца.
Мае 2 выхады — асноўны (прамы) і інверсны. Асн. параметры: хуткадзеянне (найб. лік пераключэнняў за адзінку часу), час спрацоўвання (час пераходу з аднаго стану ў другі), узроўні ўваходных і выхадных сігналаў. Пераход Т. з аднаго стану ў другі (перакульванне) адбываецца пры падачы кіроўных сігналаў на розныя ўваходы (установачны запуск) ці паслядоўна на адзін і той жа (лічыльны запуск). Найб. пашыраны электронныя Т. на аснове электравакуумных, газаразрадных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем. Выкарыстоўваюцца як адны з найб. універсальных элементаў лагічных і выліч. прылад.