ТО́РЫ (англ. tory),

палітычная партыя ў Вялікабрытаніі ў канцы 17 — сярэдзіне 19 ст. Узнікла ў 1670—80-я г. як групоўка прыхільнікаў абсалютызму, да сярэдзіны 18 ст. канчаткова склалася як партыя зямельнай арыстакратыі і вярхоў духавенства, разам з вігамі стала адной з 2 вядучых партый брыт. двухпартыйнай сістэмы. З 1780-х г. да 1830 прадстаўнікі Т. няспынна панавалі ў парламенце і ўзначальвалі ўрады краіны. Становішча Т. падарвалі хлебныя законы 1815 і праведзеная ў 1832 вігамі парламенцкая рэформа, якая дала доступ у парламент прамысл. буржуазіі. У выніку вострай унутрыпарт. барацьбы ў сярэдзіне 19 ст. старая партыя Т. фактычна распалася, на яе аснове сфарміравана Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, за членамі якой захавалася неафіц. назва «торы».

т. 15, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)