установа гасцінічнага тыпу для арганізаванага размяшчэння, харчавання, фізкультурна-аздараўленчага і культурна-быт. абслугоўвання турыстаў і экскурсантаў планавых маршрутаў (пры наяўнасці свабодных месцаў — і турыстаў без пуцёвак). Т.б. з павышаным камфортам (у гарадах, турысцкіх цэнтрах) наз. турысцкімі гасцініцамі.
Т.б. размяшчаюць на планавых маршрутах. спецыяльна вызначаных і падрыхтаваных пешых. водных, лыжных, конных, аўтобусных ці камбінаваных трасах (у сельскай мясцовасці. курортных зонах, у раёнах размяшчэння прыродных комплексаў. помнікаў прыроды, гіст.-культ. аб’ектаў і інш.). Займаюць звычайна некалькі будынкаў (т.зв. павільённая забудова). Функцыянуюць круглы год або сезонна (улетку ўмяшчальнасць павялічваецца за кошт сезонных памяшканняў). У залежнасці ад спецыялізацыі Т.б. абсталёўваюць пэўным комплексам спарт. збудаванняў і пляцовак, пунктамі пракату турысцкага рыштунку. інвентару і інш. Прадугледжваецца пераважна актыўны адпачынак: паходы, экскурсіі, фізкульт.-аздараўленчыя мерапрыемствы і інш. Праводзяцца кансультацыі па пытаннях турызму і экскурсій, вядзецца прапаганда турысцкіх падарожжаў.
На Беларусі Т.б. маюць рознае падпарадкаванне. Першая прафсаюзная Т.б. — «Воз. Нарач» — засн. ў 1958. У краіне дзейнічае (2002) 8 Т.б.: «Белае Возера» (улетку 500 месцаў), «Лясное Возера» (600) у Брэсцкай, «Браслаўскія азёры» (500), «Лосвіда» (500) і «Орша» (400) у Віцебскай, «Сож» (400) у Гомельскай, «Нёман» (300) у Гродзенскай, «Высокі Бераг» (190) у Мінскай абласцях. З турысцкіх гасцініц найбольшыя — «Арбіта» (350), «Турыст» (250) у Мінску, «Нарач» (900), «Нарачанка» (800) у Мінскай вобл. Працуе таксама шэраг дзіцячых турысцка-экскурсійных баз або станцый (у падпарадкаванні Мін-ва асветы) і ведамасныя Т.б. — уласнасцьвытв. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦК,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Шаць, каля аўтадарогі Мар’іна Горка—Узда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на ПдЗ ад г. Мар’іна Горка, 68 км ад Мінска, 28 км ад чыг. ст. Рудзенск. 773 ж., 324 двары (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Вядомы з 1492 як уласнасць Кішкаў, потым Радзівілаў. У 16 ст. ў Ш. пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. Мінскай губ. З 1800 у Ш. працавалі цагельны і чарапічны з-ды, з 1863 — вадзяны млын, нар. вучылішча, яўр. школа, бальніца, 5 крам. З 1879 належаў Гамуліцкім. У 1886 у Ш. 184 ж., 27 двароў, валасное праўленне, царква, нядзельныя таргі і адзін раз у год кірмаш; у 1897—967 ж. У пач. 20 ст. каля Ш. былі 2 маёнткі: Шацк (38 ж., 1 двор) і Стары Шацк (28 ж., 4 двары). У 1917 у мястэчку 1121 ж., 166 гаспадарак. З 17.7.1924 да 4.8.1927 цэнтр Шацкага раёна Мінскай акр., з 4.8.1927 да 6.7.1935 і з 1.4.1960 цэнтр сельсавета Пухавіцкага, з 6.7.1935 да 11.2.1938 — Смілавіцкага, з 12.2 да 6.7.1935 і з 11.2.1938 — Рудзенскага р-наў, з 20.2.1938 у Мінскай вобл. З 1935 вёска. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Ш. больш за 800 чалавек. З 20.1 да 1.4.1960 у Уздзенскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка. За 132 км ад Гродна. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск. 8,6 тыс.ж. (1997).
Вядома з 1470 як сяло Вял. З., уласнасць Міхаіла Начовіча (з 1477 вядомы суседні маёнтак Малая З.). У 16—19 ст.Вял. і Малой З. валодалі Вішнеўскія, Іллінічы, Забярэзінскія, Зяновічы, Камароўскія, Глябовічы, Радзівілы, Язерскія, Палубінскія, Сапегі. З 1524 Вял. З. (з 16 ст. ў крыніцах проста З.) мястэчка Ваўкавыскага пав. У 1616 рынак і 3 вуліцы, 17 корчмаў, 2 млыны. У 1720 атрымала прывілей на таргі і кірмашы. З 1739 заснавана рэзідэнцыя піяраў. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. У 1831 канфіскавана ва ўласнасць дзяржавы за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31. У 1897—2879 ж., нар. вучылішча, лячэбніца, млын, бровар, медаварня, свечачная майстэрня. У 20 ст. Малая З. ўвайшла ў межы З. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Зэльвенскага раёна. З 1.7.1941 да 12.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі, якія загубілі ў З. і раёне 6049 чал. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не. У 1971—4,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, санаторна-лясная школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, 2 камбінаты быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Зэльвенская Троіцкая царква (19 ст.), касцёл Дзевы Марыі (пач. 20 ст.). Каля З. — гарадзішча і курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. За 39 км ад Мядзела, 139 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Крывічы на лініі Маладзечна—Полацк. 1,6 тыс.ж. (1998).
Пад 1493 К. ўпамінаюцца як шляхецкая ўласнасць. У 1552 вёска, мела 8 дымоў. Пазней уласнасць Кішкаў. Каля 1640 пабудавана Свята-Троіцкая царква. З 1684 належала Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. У 1770 цівун і падкаморы трокскі А.Укольскі дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў грамату кляштару на крывіцкія землі. У 1777 пабудаваны мураваны касцёл. З 1776 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв., з 1793 у Рас. імперыі. цэнтр воласці Вілейскага пав. У 1860—485 ж., 55 двароў. У 1886 у К. школа, нар. вучылішча, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя дамы, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1897—719 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. У 1921 у мястэчку 623 ж., у фальварку 13 ж., управа, касцёл, 4 млыны, бальніца, пошта, аптэка; штотыднёвы кірмаш. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Крывіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. якія загубілі ў К. і раёне 2189 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак, з 1962 у Мядзельскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), царква (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.
Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г.Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн.Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял.кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНЬ,
горад, цэнтр Любанскага р-на Мінскай вобл., на р. Арэса. За 152 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Урэчча на лініі Баранавічы—Асіповічы. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Жыткавічамі, Чырв. Слабадой, Салігорскам, Слуцкам. 12,2 тыс.ж. (1998).
У 16 ст. мястэчка кн. Алелькавічаў у Слуцкім княстве. З 1589 уласнасць Тышкевічаў, з 1617 — кн. Радзівілаў. У 1560-я г. ў Л. каля 230 ж., 35 двароў. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Забалоцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. У час паўстання 1794 пад Л. адбыўся Любанскі бой 1794. У пач. 1880-х г. у мястэчку 500 ж., 136 двароў, Праабражэнская царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 2 млыны, крама, прыстань. У 1897 у Л. 766 ж. У пач. 20 ст. — цэнтр Забалоцкай вол. З 26.5.1922 у Слуцкім пав.БССР. У 1923—1680 ж. 232 двары. З 17.7.1924 цэнтр Любанскага раёна. У 1931 утвораны калгас, працавалі крухмальны і льняны з-ды, Дом культуры, хата-чытальня, бальніца, хлебапякарня. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 28.7.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў створаным тут лагеры ваеннапалонных загубілі 1610 чал., у ліст. 1941 загубілі 785 яўрэяў. У Л. дзейнічала камсам маладзёжная група, у ліст. 1941 партызаны разграмілі ў пасёлку фаш. гарнізон (гл.Любанскі бой 1941). З 7.3.1968 горад. У 1970—6,7 тыс. ж.
Прадпрыемствы харч. (сыраробны камбінат, доследны рыбгас «Любань»), швейнай, буд. матэрыялаў (Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Ільнозавод. Любанскі музей народнай славы. Мемар. комплекс сав. актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам; магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЫ́Я ДАРО́ГІ,
горад, цэнтр Старадарожскага р-на Мінскай вобл.Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Асіповічы, на аўтадарозе Бабруйск—Слуцк. За 148 км ад Мінска. 12,1 тыс.ж. (2001).
Вядомыя з 1524 як сяло Дарогі Глускай вол. ў ВКЛ. Уласнасць Гальшанскіх, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, з 1846 дзярж. ўладанне. З 1565 у Навагрудскім ваяв. З канца 16 ст. мястэчка на Слуцка-Бабруйскім тракце. У канцы 17 ст. за 6 км на У утварылася аднайм. паселішча, таму мястэчка атрымала назву С.Д. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, вёска, з 1861 у Новадарожскай вол. Бабруйскага пав. У 1886—271 ж., 40 двароў. З 1896 за 2 км на З заснавана аднайм.чыг. станцыя Лібава-Роменскай чыгункі, новае паселішча вакол яе дало пачатак сучаснаму гораду С.Д. З 17.7.1924 цэнтр Старадарожскага раёна. З 27.9.1938 — горад. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 1423 чал., разбурылі горад; дзейнічала Старадарожскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 28 чэрв. воінамі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944.
Працуюць масла-, хлеба-, пладова-агароднінны, мех. з-ды, цэх безалкагольных напіткаў, швейная ф-ка, лясгас; 4 сярэднія, мастацтваў, спарт., завочная школы, дзіцячы дом, Дом культуры, Старадарожскі мастацкі музей, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. паслуг; дзейнічае Свята-Мікалаеўская царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: Вызвалення, воінам-вызваліцелям, партызанкам-падпольшчыцам Г.Каралёвай і С.Бабаковай, ахвярам фашызму «Рэквіем», воінам-афганцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯЦЕ́РЫН,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на паўд. беразе Цяцерынскага вадасховішча, каля аўтадарогі Бялынічы—Шклоў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 9 км на Пд ад г.п. Круглае, 65 км ад Магілёва, 31 км ад чыг. ст. Талачын. 482 ж., 195 двароў (2003). ГЭС. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Упершыню ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» не раней 1387 і не пазней 1406 (паводле датавання М.М.Ціхамірава). У 1430 згадваецца ў акце ўзвядзення Свідрыгайлы на трон ВКЛ. У 1501 аддадзена вял.кн.ВКЛ і польскім каралём Аляксандрам у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Алене Іванаўне. У сярэдзіне 16 ст. ў Аршанскім пав., прыватнаўладальніцкае мястэчка. З 1577 цэнтр маёнтка. З 1772 у Рас. імперыі, уладанне графа Салтыкова. У 1848 у Магілёўскім пав., 541 ж., 66 двароў, уласнасць памешчыка. У 1860—416 ж., 78 двароў, 3 царквы, яўр. малітоўны дом, бровар. У 1864 адкрыта школа, якая ў 1884 пераўтворана ў нар. вучылішча. У 1897—593 ж., 94 двары, пошта, крэдытнае т-ва, фельчарска-акушэрскі пункт, нар. і рамеснае вучылішчы, царк.-прыходская школа, царква, сінагога, крама. У 1926—658 ж., 148 двароў. З 1928 вёска. У 1924—31, 1935—59 і з 1966 у Круглянскім, у 1931—35 і ў 1959—66 у Бялыніцкім р-нах. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты спалілі 119 двароў, загубілі 188 жыхароў. У 1956 пабудавана гідраэлектрастанцыя Каля Ц. гарадзішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬ,
горад, цэнтр Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Чэрвенка (Ігуменка), каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. За 62 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы. 10,8 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч., дрэваапр., лесанарыхтоўчай прамысловасці. Чэрвеньскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы: сав. воінаў, сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Свята-Мікольская царква, касцёл Узвіжання Святога Крыжа.
Вядомы з 1387 пад назвай Ігумен у складзе Мінскага пав.ВКЛ. У 1-й пал. 15 ст. мястэчка, уласнасць Кежгайлаў, з 1447 — віленскага біскупа, царк. мястэчка. У час войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай 1701—21 Ігумен разрабаваны і моцна разбураны. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 горад, цэнтр Ігуменскага павета (з 18.9.1923 Чэрвеньскага павета). 22.1.1796 горад атрымаў герб: на блакітным полі сярэбраны куст кветак і 5 залачоных пчол над ім. У вайну 1812 горад значна разбураны, у 1825 каля 900 ж., 263 дамы, 3 прадпрыемствы, 2 царквы, касцёл, 2 карчмы, 10 крам, рынак. Ў час паўстання 1863—64 тут дзейнічаў паўстанцкі атрад на чале з Б.Свентаржэцкім. У 1897 у Ігумене 4573 ж., у 1905—5121 ж., 664 жылыя дамы, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, 6 пач. школ, бальніца, аптэка і аптэчны магазін, штогод 6 кірмашоў. 18.9.1923 перайменаваны ў Ч. (ад назвы месяца). З 17.7.1924 цэнтр Чэрвеньскага р-на. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 7561 чал.; дзейнічалі падп. групы. Вызвалены 2.7.1944 воінамі 1-га і 2-га Бел. франтоў сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.