ідэалогія, палітыка і практыка ў нац. пытанні, заснаваныя на прызнанні нацый як вышэйшай формы грамадскага адзінства, прыярытэту нац. фактара над сац. у жыццядзейнасці і грамадстве. Існуюць розныя падыходы да разумення прыроды, умоў узнікнення, зместу і функцый Н. У зах. філасофіі і сацыялогіі нац. разглядаецца найперш як духоўнае, а паняцце «Н.» як пэўная самадастатковая суверэнная сіла. Г.Кон, Б.Шэйфер (ЗША), А.Швейцэр (Германія — Францыя), Ж.Мішэль (Францыя) вызначалі Н. як фанатычную прыхільнасць да сваёй нац. супольнасці, прызнанне нац. дзяржавы ідэальнай формай арганізацыі грамадства. Рас. мысліцелі Я.М.Трубяцкой і І.А.Ільін сапраўдным Н. лічылі адданасць чалавека свайму народу, краіне, а лжывым Н. — нянавісць і пагарду да інш. народаў. М.А.Бярдзяеў адрозніваў Н. агрэсіўны, заалагічны, разбуральны і Н. творчы, культ., стваральны. Л.Доўбу, Р.Эмерсан, Р.Страўс-Хупе (ЗША) ставяць знак роўнасці паміж Н. і патрыятызмам, нац. і нацыяналістычным і сцвярджаюць, што нацыяналіст — гэта грамадзянін, які ўсведамляе свой абавязак перад Радзімай. У марксісцкай л-ры Н. вызначаецца як адзін з прынцыпаў ідэалогіі і палітыкі, што заключаецца ў абсалютызацыі нац.-этн. моманту ў жыцці і свядомасці народаў; пры гэтым вылучаюць Н. пануючых нацый у форме дзярж. шавінізму і Н. прыгнечаных народаў, які садзейнічае барацьбе за незалежнасць.
У перыяд фарміравання нацый і нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і ЗША разам з лозунгам дэмакратыі Н. з’яўляўся ідэйным сцягам буржуазіі ў барацьбе супраць феадалізму і нац. прыгнёту, за стварэнне агульнанац. рынку і ўсталяванне свайго панавання ў нац. рамках. У гэтым плане, асабліва ў барацьбе супраць каланіялізму, Н. адыграў станоўчую ролю ў станаўленні нацый, іх кансалідацыі, вызваленні прыгнечаных народаў, іх нацыянальным самавызначэнні, захаванні і развіцці іх самабытнасці і інш. Існуюць і крайнія формы выяўлення нац. інтарэсаў, якія могуць перарастаць у сваю процілегласць — у пачуццёнац. выключнасці, перавагі над інш. нацыямі, параджаць імкненне да нац. замкнёнасці, адасобленасці, нац эгаізму і інш. праяўленняў Н Як ідэалогія і псіхалогія Н. уключаецца ў індывід. і розныя формы грамадскай свядомасці (палітыка, мараль, права, рэлігія, мастацтва, філасофія). У сучаснай навуцы вылучаюць такія тыпы і формы Н., як індывідуальны і групавы, бытавы (грубы) і «інтэлігентны», свецкі і рэліг., «чужы» і «сваёй» нацыянальнасці. Н. нац. большасці і нац. меншасці, прыгнечаных і пануючых нацый, вял. і малых нацыянальнасцей, Н. вызваленчы, месіянскі, мясцовы, расавы, фашысцкі, дзярж.-бюракратычны і інш.
Ідэалогія і практыка вялікадзярж. шавінізму і ваяўнічага Н. садзейнічаюць разбурэнню роўнасці, справядлівасці і павагі ў адносінах паміж людзьмі і народамі, спараджаюць сепаратызм, міжнац. і міжэтн. канфлікты, экстрэмізм, кровапралітныя войны; нярэдка яны набываюць форму касмапалітызму, нігілістычных адносін да нац. культур і традыцый. У краінах Зах. Еўропы Н. найчасцей выступае ў форме этн. сепаратызму, у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі — знаходзіцца на ўзбраенні антыкаланіяльнага руху. Ажыўленне Н. ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі, у канцы 20 ст. адбывалася ва ўмовах барацьбы розных сац. і паліт. сіл па праблемах арыентацыі грамадскага развіцця пасля распаду СССР.
У пераадоленні крайніх форм Н. важнае значэнне маюць паслядоўная дэмакратызацыя нац. адносін, прызнанне прынцыпу роўнасці ўсіх народаў, моў і культур, своечасовае вырашэнне эканам. і сац.-культ. праблем у грамадстве з улікам інтарэсаў нацый і этн. меншасцей, нац. пачуццяў людзей. Вял. ролю ў гэтым адыгрываюць этн., ментальныя, светаадчувальныя, светапоглядныя і інш. асаблівасці і традыцыі народаў (гл.Інтэрнацыяналізм, Менталітэт, Светапогляд).
Літ.:
Поздняков Э.А. Национализм. Национальные интересы. М., 1994;
Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Этнические и этносоциальные категории. М., 1995;
Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;
Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́ННЕ,
вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).
Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук.тэорыі.
Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЦЫЯ (ад лац. natio племя, народ),
устойлівая этнасац. супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэр., звязаны агульным эканам. і сац.-паліт. жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гіст. развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу. Прадстаўнікі псіхал. тэорыі разглядаюць Н. як суб’ектыўнае пачуццё, жаданне і волю адвольнай групы людзей (Г.Кон, К.Іглтан, В.Сульбах) або як супольнасць людзей, звязаных агульнасцю іх характараў, гіст. памяццю і імкненнем жыць разам (О.Баўэр, Э.Рэнан). Паводле М.Вебера і П.А.Сарокіна, Н. — чалавечая супольнасць, якая аб’яднана агульнасцю мовы, рэлігіі, звычаяў або лёсу. Этатычныя тэорыі зыходзяць з таго, што Н. ўтвараюць людзі не абавязкова аднаго этн. паходжання, але якія адносяцца да дадзенай дзяржавы як да сваёй Бацькаўшчыны.
Сучасныя Н. зараджаліся і фарміраваліся з 15—17 ст. разам з развіццём і універсалізацыяй капіталіст. адносін. У выніку развіцця таварнай вытв-сці, гандлю, складвання рэгіянальных і агульнанац. рынкаў пераадольвалася былая адасобленасць насельніцтва, якое размаўляла на адной мове. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічала складванню агульнанац. культуры, фарміраванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці. Нац. дзяржавы склаліся на аснове аб’яднання этн. груп (немцы, італьянцы) або іх вылучэння з поліэтн. імперый (Аўстра-Венгерская, Атаманская, Расійская). Некаторыя Н. ўзнікалі ў выніку трансфармацыі адной народнасці, другія — шляхам аб’яднання ў Н. шэрагу блізкіх па мове і культуры народнасцей (франц. і паўн.-амер. Н.). У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі працэс фарміравання Н. непасрэдна быў звязаны з працэсам распаду каланіяльнай сістэмы і ўтварэннем новых незалежных дзяржаў. У СССР і інш.сацыяліст. краінах Н. базіравалася на пэўнай сац.-класавай структуры і нац. складзе насельніцтва асобных рэгіёнаў і тэрыторый.
Бел. Н. сфарміравалася на аснове этн. і сац. супольнасці, папярэдняй феад. эпохі. Прыхільнікі старажытнарус. канцэпцыі генезісу і развіцця бел. Н. лічаць, што ёй папярэднічала бел. народнасць, якая разам з рус. і ўкр. узнікла на базе народнасці, што існавала ў Кіеўскай Русі. Існуе пункт погляду, паводле якога аснову бел. народнасці, што пазней кансалідавалася ў Н., складалі ўсх.-слав. плямёны (крывічы, дрыгавічы, радзімічы) і асобныя групы зах.-слав. і балцкай этн. супольнасцей. Пэўны ўзровень гандл.-эканам. сувязей, моцнай дзярж.-тэр. інтэграцыі і ўсведамленне прыналежнасці да сваёй агульнай Бацькаўшчыны, якімі адрознівалася ўжо сфарміраваная бел. народнасць у перыяд Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, стварылі аб’ектыўныя перадумовы для паглыблення кансалідацыйных працэсаў і яе паступовага пераўтварэння ў Н. Пасля далучэння бел. зямель да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. працягваўся працэс кансалідацыі бел. народнасці і паступовага пераходу да новага этапу развіцця бел. этнасу ад народнасці да Н.; гэты працэс у пэўным сэнсе стрымліваўся адсутнасцю дзярж. аб’яднання на нац. тэрыторыі. Да канца 19 — пач. 20 ст. была канчаткова ліквідавана гасп. адасобленасць усіх абласцей Беларусі, сфарміраваўся мясц.нац. рынак, што прывяло да ўтварэння асн. прыкмет бел. Н. — адзінства эканам. жыцця, бел.літ. мовы, бел.нац. тэрыторыі, культуры. Аб’ектыўныя працэсы кансалідацыі бел. народнасці ў Н. арганічна ўвязваліся з неабходнасцю сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве, барацьбой за дасягненне суверэнітэту, забеспячэнне права на самаст.паліт. і культ. развіццё. У 1918 была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у 1919 — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 была завершана тэр. кансалідацыя бел. Н. У 1993 створана суверэнная незалежная Рэспубліка Беларусь. Далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі бел. Н. адбываецца на аснове дэмакр. і нац.-культ. каштоўнасцей, выкарыстання сваёй гіст.-культ. спадчыны, дасягненняў інш. культур і народаў, забеспячэння свабоднага развіцця бел. дзяржавы як раўнапраўнага члена еўрап. і агульначалавечай супольнасці. Гл. таксама Беларусь, Беларусы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1—3. Варшава;
Пг., 1903—22;
Яго ж. Беларускі народ і яго мова. Мн., 1920;
Цвікевіч А. Адраджэньне Беларусі і Польшча. Мн.;
Вільня;
Берлін, 1921;
Ленін У.І. Аб праве нацый на самавызначэнне // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);
Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. М., 1983;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст.арт.Мн.. 1994;
Уайт Ф.Л. Што ёсьць нацыянальнасьць?: Пер. з англ. // Бел.гіст. агляд. 1994. Т. 1, сш. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́УСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),
рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял.сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус.рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.
Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-варус. драмы, 1921; Бел.тэатр.-маст.ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—30. Л., 1972—90.
Літ.:
Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус.рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш.Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.Рахманінава, «Тры пальмы» А.Спендыярава) і рамансавай (А.Даргамыжскі, М.Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).
Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял.Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.Колас, А.Зарыцкі, А.Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.Зуёнак, П.Макаль, Я.Міклашэўскі (Я.Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.Броўка, М.Танк, Я.Брыль, С.Грахоўскі і інш.
Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.К.Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл.драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл.драм.т-р (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1986;
Соч.Т. 1—2. М., 1988—90;
Избр. соч. М., 1994;
Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.
Літ.:
М.Ю.Лермонтов в русской критике. М., 1985;
Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),
мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.
Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.
У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.Гюго, А.Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.Санд, Э.Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.Р.Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.Ламарцін, А.Мюсэ, Ш.А.Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.Вордсварт, С.Т.Колрыдж, Р.Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.Г.Вакенродэр, Наваліс, Л.Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.Брэнтана, Л.Арнім, Г.Кляйст, А.Шаміса, Г.Гейнэ, браты Грым, І.Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.Леапардзі, У.Фоскала, А.Мандзоні (Італія), Ш.Пецёфі (Венгрыя), А.Эленшлегера (Данія), Э.Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.Радзічавіча (Сербія), Я.Колара (Чэхія), Я.Краля (Славакія), В.Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.Ірвінг, Дж.Ф.Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.Хотарн, Э.По, Г.Мелвіл, Г.Лангфела, Р.У.Эмерсан, Г.Д.Тора, Э.Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.Рылеева, В.Кюхельбекера, А.Адоеўскага, А.Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.Жукоўскага, Я.Баратынскага, К.Бацюшкава, І.Казлова, А.Пагарэльскага, Ф.Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.Лермантава і М.Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.
У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел.рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Навуменкі, А.Карпюка і інш.
У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.
Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.Гро. Ж.Л.Давід, П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Т.Жэрыко, П.П.Прудон, Ф.Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.Рунге, І.Г.Фюслі), пейзаж (К.Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.Бонінгтан, Дж.Констэбл, У.Тэрнер) і ЗША (Дж.Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.Матэйка, П.Міхалоўскі (Польшча), І.Манес, І.Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.Брулова, Ф.Бруні, Ф.Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.Іванава, П.Фядотава.
На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.Дмахоўскі, Я.Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.Бартэльса, Б.Клямбеўскага, Я.Манюшкі, Р.Слізня, сфарміравалася творчасць М.Э.Андрыёлі.
У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.А.Гофмана, К.М.Вебера (Германія), Н.Паганіні, Дж.Расіні (Італія), Дж.Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.Шапэна (Польшча), Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Дж.Меербера (Францыя), Ф.Ліста (Венгрыя), В.Беліні, Дж.Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.Брамса (Германія), А.Брукнера, Х.Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.Малера (Аўстрыя), Р.Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.Вярстоўскі, пазней П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.Метнер, А.Скрабін, Вердзі, Ж.Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл.Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.
Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел.нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).
Літ.:
Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;
История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;
Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;
Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;
Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;
Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;
Романтизм в музыке. Мн., 1999;
Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Да арт.Рамантызм. Э.Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.Да арт.Рамантызм. І.Г.Фюслі. Жах. 1790—91.Да арт.Рамантызм. К.Д.Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.Да арт.Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НА (Францыск) (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),
бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед.навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.
Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел.культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.
Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш.літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове да кн. «Выхад» і інш). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.
Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.
Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц.хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя да кн «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.
С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш.еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.
Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).
Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел.літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;
Тумаш В Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;
Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;
Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;
Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.Скорины. Мн., 1990;
Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;
Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны). 2 выд.Мн., 1990;
Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;
Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;
Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;
Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш.Мн., 1991;
Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;
Яскевіч А.А. Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;
480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;
Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама да арт.Скарыназнаўства.
Г.Я.Галенчапка, У.М.Конан.
Ф.Скарына.Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.Да арт.Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.