лакальнае абагульненне суперсіметрыі. Уключае рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл.Адноснасці тэорыя) і пераўтварэнні сіметрыі паміж базонамі і ферміёнамі.
Дазваляе аб’яднаць прасторава-часавыя і ўнутраныя групы сіметрыі і на гэтай падставе апісаць усе вядомыя ўзаемадзеянні (гравітацыйнае, слабае, эл.-магн. і моцнае). С. патрабуе ўвядзення бязмасавай часціцы са спінам 3/2 (гравітына), партнёрам якой па супермультыплету з’яўляецца бязмасавая часціца са спінам 2, якая атаясамліваецца з квантам гравітацыйнага поля — гравітонам. Важная перавага С. — значнае скарачэнне ультрафіялетавых разбежнасцей (абарачэнне ў бясконцасць) фіз. велічынь, магчымасць рашыць праблему іерархій і пабудова на яе аснове тэорыі суперструн (аднамерных аб’ектаў у прасторы з 10 ці 26 вымярэннямі) — калібровачнай тэорыі вышэйшай сіметрыі, якая дазваляе апісаць усе элементарныя часціцы і іх узаемадзеянні на адзінай аснове.
Літ.:
Фридман Д., Ньювенхейзен П. ван. Супергравитация и унификация законов физики: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1979. Т. 128, вып. 1;
Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫ́ТЧАНКА Уладзімір Іванавіч (н. 5.8.1951, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. мастак, графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У 1979—83 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, плаката і жывапісу, у тэхніках пастэлі і акварэлі. Для яго працы характэрны дасканалая кампазіцыйная пабудова, выразная тэхніка выканання, лірызм і рамантычнасць. Сярод твораў: серыі лінарытаў «Скульптары і графікі» (1975), «Мінск сучасны» (1984); гравюры «Нацюрморт з люстэркам», «Нядзелька» (абедзве 1980), «Аўтапартрэт» (1983); акварэлі «Надзея» (1978), «Аўтапартрэт», «Нацюрморт з лялькаю» (абедзве 1979), «Вясковы дворык» (1996); пастэлі «Партрэт дзяўчыны» (1976), «Нацюрморт» (1981); плакаты. Аформіў зб.бел.нар. песень «Купалінка» (1986), зб. вершаў «Мы — беларусы» (1988); кнігі «Лістапад на пачатку лета» І.Стадольніка, «Дыялог» А.Дударава (абедзве 1987), «У тумане» В.Быкава (1989), «Голас крыві брата твайго» В.Адамчыка (1991), «Хлопчык глядзіць» А.Вярцінскага (1992) і інш.
І.Л.Чэбан.
У.Сытчанка. Роздум. З серыі «Скульптары і графікі». 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАКТУ́РА (ад лац. factura апрацоўка, будова) у музыцы, сукупнасць сродкаў муз. выкладання, што ўтварае гукавую тканіну твора. Паняцце Ф. адпавядае прасторавым уласцівасцям муз. твора, як паняцце кампазіцыя — яго часавым уласцівасцям (у сваім разгортванні Ф. дае кампазіцыю, кампазіцыя заўсёды разгортваецца як Ф.). Тыпы арганізацыі Ф. наз.складамі. Існуюць Ф. аднагалосая адналінейная (манодыя), аднагалосая многалінейная і шматгалосыя (гетэрафонія, поліфанія, гамафонія). Шматгалосая Ф. — умова існавання гармоніі.
Ф. муз. твора арганізуецца ў залежнасці ад магчымасцей інструментаў і пеўчых галасоў харавая, арк., скрыпічная і інш. Музыку розных аўтараў, эпох, стыляў і жанраў вызначаюць свае тыповыя ўласцівасці Ф.
Складаная гамафонна-поліфанічная аркестравая пабудова Ф. вылучаецца ў творах бел. кампазітараў А.Багатырова, Я.Глебава і інш.
Літ.:
Скребкова-Филатова М.С. Фактура в музыке: Художественные возможности. Структура. Функции, М., 1985;
Аладава Р.М. Аб поліфанізацыі фактуры ў беларускай сімфанічнай музыцы другой палавіны 50—60-х гг. // Беларуская музыка. Мн., 1975. Вып. 1;
Громыко Е.А. Гетерофонное многоголосие // Сборник статей по музыкальному искусству. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),
кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,
навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі пры ваен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.В.Кантаровіч, Дж.Б.Данцыг, Р.Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудоваматэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТРА́К, ветраны млын,
вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру. Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з 12—13 ст., звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з 16 ст., найб. пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., драўляныя. Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна 4), умацаваных на гарыз. вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на верт. вал і камяні паставоў. Бываюць ветракі стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. У стрыжнёвых высокі абшыты дошкамі квадратны ў плане каркас з 2-схільнай страхой (часта з залобкам з боку крылаў) паварочваўся вакол цэнтр. слупа, умацаванага на крыжавіне з тоўстага бярвення — козлах. Больш дасканалыя і магутныя шатровыя ветракі (пашыраны пераважна на У Беларусі) мелі высокі стацыянарны зрубны ці каркасны 8-гранны або круглы аб’ём і рухомую верхнюю частку — шацёр, які разам з крыламі пры дапамозе дышля ставілі супраць ветру. Сустракаліся (пераважна на З і Пн Беларусі) і невял. сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т. л. на колах — для перавозкі з месца на месца. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны 20 ст.
Я.М.Сахута.
Вятрак з в. Шчолкава Валагодскай вобл. (Расія).Вятрак з в. Русіно Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА МО́ЎНАЯ,
сукупнасць варыянтаў моўных адзінак, якія прызнаюцца грамадствам найлепшымі для здзяйснення маўленчай камунікацыі. Выяўляецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах функцыянавання моўнай сістэмы: у фанетыцы (вымаўленне, інтанацыя), марфалогіі (словаўтварэнне і словазмяненне), лексіцы і фразеалогіі (выбар і ўжыванне слоў і іх эквівалентаў), сінтаксісе (спалучэнне слоў, пабудова сказа, парадак слоў), стылістыцы, арфаграфіі (пісьмо). Н.м. — вядучая адметная рыса літаратурнай мовы як сістэмы уніфікаваных і стабільных моўных сродкаў і правіл іх ужывання. Адначасова яна з’яўляецца сістэмна-структурнай і сацыялінгвістычнай катэгорыяй. Яе захаванне або парушэнне добра ўсведамляецца большасцю адукаваных людзей і адлюстроўваецца ў метамоўных ацэнках накшталт «правільна — няправільна», «дарэчна — недарэчна», «прыгожа — непрыгожа» і г.д. Н.м. кадыфікуюцца ў граматыках і слоўніках. Мае гістарычна зменлівы характар. Выступае істотным паказчыкам культуры мовы асобы і культуры грамадства ў цэлым. Унармаванне нацыянальнай мовы — адна з гал. задач мовазнаўства, моўнай педагогікі, творчай дзейнасці пісьменнікаў, журналістаў, прамоўцаў і інш.
Літ.:
Семенюк Н.Н. Норма // Общее языкознание. М., 1970;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн.. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬ,
гарадскі пасёлак у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Обаль; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. За 23 км на З ад Шуміліна, 68 км ад Віцебска. 3,3 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. крыніцах у 1503 як сяло ў Полацкім ваяв.ВКЛ. Належала Зяновічам. З 1772 у Рас. імперыі. З пач. 19 ст. цэнтр Петрапаўлаўскай вол. Полацкага пав. Росту О. садзейнічала пабудова Рыга-Арлоўскай чыгункі (1886). У канцы 19 ст. ў О. царк.-прыходская школа, вадзяны млын, бровар, Обальская драўняна-хімічная мануфактура. З 1922 пачаў выпуск прадукцыі торфазавод. З 1924 О. — цэнтр сельсавета Сіроцінскага (з 1961 Шумілінскага) р-на. У Вял.Айч. вайну ў О. дзейнічала Обальскае камсамольскае падполле. У снеж. 1962 — ліп. 1966 О. у Полацкім р-не. З 30.9.1968 гар. пасёлак.
Обальскі керамічны завод, торфапрадпрыемства, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, дзіцячы сад, Обальскага камсамольскага падполля музей, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну; магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам, помнік архітэктуры 19 ст. — сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЙНЯ, канюшня,
гаспадарчая пабудова для ўтрымання коней. Вядома са старажытнасці ў многіх народаў свету. На Беларусі пашырана з 10—11 ст. З 16 ст. вядомы С. драўляныя, мураваныя і мяшанай канструкцыі (у тэхніцы «прускага муру» або з дрэва ў цагляныя слупы — шулы). Канструкцыяй і кампазіцыяй маглі нагадваць хлявы. Ставілі іх паблізу ўязных брам або ў складзе гасп. комплексаў, накрывалі саломай. драніцай, гонтай, на дахах рабілі металічныя флюгеры. У 17 ст. часам над цэнтр.ч. С. былі абарончыя збудаванні, залы, вежы. У некат. сядзібах 2—3 С. будавалі пад адным дахам або блакіравалі з хлявамі, вазоўнямі, карэтнымі майстэрнямі; часам 2 С. злучаліся павеццю. У буйных сядзібах і замках С. сумяшчаліся з манежамі. У 17 — пач. 20 ст. С. ўваходзілі ў комплексы корчмаў і аўстэрый, пастаялых заезных* двароў, паштовых станцый, ратуш і інш.
У сучасных спецыялізаваных гаспадарках вылучаюць асобна С. для жарабцоў-вытворнікаў, племянных кабыл, маладняку. трэнінгавыя. Пры табунным утрыманні будуюць С. толькі для вытворнікаў і трэнінгавыя. Уключае секцыі, стойлы ці праварыны для жывёл, цэнтр. кармагноевы праход і дапаможныя памяшканні (фуражную. збруйную, інвентарную і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕЗДАВА́ННЕптушак,
перыяд размнажэння птушак. Суправаджаецца шэрагам паслядоўных жыццёвых з’яў: такаванне, утварэнне пар (спароўванне) і заняцце гнездавога ўчастка, пабудовагнёздаў, нясенне і наседжванне яец, выкормліванне і выхаванне птушанят. Пералётныя птушкі для гнездавання вяртаюцца на радзіму, аселыя перамяшчаюцца ў гнездавыя біятопы. У розных відаў птушак тэрміны гнездавання розныя, у аднаго і таго ж віду могуць вар’іраваць у залежнасці ад кліматычных і кармавых умоў. Адрозніваюць гнездаванне монацыклічнае (1 раз за год, напр., у буслападобных, жураўлепадобных) і поліцыклічнае (некалькі разоў на год, напр., у голуба шызага, вераб’ёў). З перыядам гнездавання звязаны змены ў арганізме птушак (назапашванне энергет. запасаў, змяненне функцыі гіпофіза, павелічэнне памераў і актывізацыя функцыі палавых залоз; у некаторых лінька і з’яўленне т.зв. шлюбнага ўбору) і змены ў іх паводзінах (займанне гнездавых участкаў, такаванне, напр., у глушца, турухтана, цецерука; шлюбныя палёты ў вяхіра, клінтуха, большасці пеўчых лясных птушак; спяванне, напр., у аўсянкавых, шпака і інш.). За пачатак гнездавання ўмоўна прымаецца спароўванне (або ўтварэнне пар), за канец — час, калі птушаняты пачынаюць лётаць і весці самастойнае жыццё.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд., М., 1986;
Фройде М. Животные строят: Пер. с нем. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989.