ФАКТУ́РА (ад лац. factura апрацоўка, будова) у музыцы, сукупнасць сродкаў муз. выкладання, што ўтварае гукавую тканіну твора. Паняцце Ф. адпавядае прасторавым уласцівасцям муз. твора, як паняцце кампазіцыя — яго часавым уласцівасцям (у сваім разгортванні Ф. дае кампазіцыю, кампазіцыя заўсёды разгортваецца як Ф.). Тыпы арганізацыі Ф. наз. складамі. Існуюць Ф. аднагалосая адналінейная (манодыя), аднагалосая многалінейная і шматгалосыя (гетэрафонія, поліфанія, гамафонія). Шматгалосая Ф. — умова існавання гармоніі.
Ф. муз. твора арганізуецца ў залежнасці ад магчымасцей інструментаў і пеўчых галасоў харавая, арк., скрыпічная і інш. Музыку розных аўтараў, эпох, стыляў і жанраў вызначаюць свае тыповыя ўласцівасці Ф.
Складаная гамафонна-поліфанічная аркестравая пабудова Ф. вылучаецца ў творах бел. кампазітараў А.Багатырова, Я.Глебава і інш.
Літ.:
Скребкова-Филатова М.С. Фактура в музыке: Художественные возможности. Структура. Функции, М., 1985;
Аладава Р.М. Аб поліфанізацыі фактуры ў беларускай сімфанічнай музыцы другой палавіны 50—60-х гг. // Беларуская музыка. Мн., 1975. Вып. 1;
Громыко Е.А. Гетерофонное многоголосие // Сборник статей по музыкальному искусству. Мн., 1976.
Ю.Дз.Златкоўскі.
т. 16, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)