СУПЕРГРАВІТА́ЦЫЯ,

лакальнае абагульненне суперсіметрыі. Уключае рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл. Адноснасці тэорыя) і пераўтварэнні сіметрыі паміж базонамі і ферміёнамі.

Дазваляе аб’яднаць прасторава-часавыя і ўнутраныя групы сіметрыі і на гэтай падставе апісаць усе вядомыя ўзаемадзеянні (гравітацыйнае, слабае, эл.-магн. і моцнае). С. патрабуе ўвядзення бязмасавай часціцы са спінам ​3/2 (гравітына), партнёрам якой па супермультыплету з’яўляецца бязмасавая часціца са спінам 2, якая атаясамліваецца з квантам гравітацыйнага поля — гравітонам. Важная перавага С. — значнае скарачэнне ультрафіялетавых разбежнасцей (абарачэнне ў бясконцасць) фіз. велічынь, магчымасць рашыць праблему іерархій і пабудова на яе аснове тэорыі суперструн (аднамерных аб’ектаў у прасторы з 10 ці 26 вымярэннямі) — калібровачнай тэорыі вышэйшай сіметрыі, якая дазваляе апісаць усе элементарныя часціцы і іх узаемадзеянні на адзінай аснове.

Літ.:

Фридман Д., Ньювенхейзен П. ван. Супергравитация и унификация законов физики: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1979. Т. 128, вып. 1;

Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.

В.​І.​Куўшынаў.

т. 15, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)