СТА́ЙНЯ, канюшня,

гаспадарчая пабудова для ўтрымання коней. Вядома са старажытнасці ў многіх народаў свету. На Беларусі пашырана з 10—11 ст. З 16 ст. вядомы С. драўляныя, мураваныя і мяшанай канструкцыі (у тэхніцы «прускага муру» або з дрэва ў цагляныя слупы — шулы). Канструкцыяй і кампазіцыяй маглі нагадваць хлявы. Ставілі іх паблізу ўязных брам або ў складзе гасп. комплексаў, накрывалі саломай. драніцай, гонтай, на дахах рабілі металічныя флюгеры. У 17 ст. часам над цэнтр. ч. С. былі абарончыя збудаванні, залы, вежы. У некат. сядзібах 2—3 С. будавалі пад адным дахам або блакіравалі з хлявамі, вазоўнямі, карэтнымі майстэрнямі; часам 2 С. злучаліся павеццю. У буйных сядзібах і замках С. сумяшчаліся з манежамі. У 17 — пач. 20 ст. С. ўваходзілі ў комплексы корчмаў і аўстэрый, пастаялых заезных* двароў, паштовых станцый, ратуш і інш.

У сучасных спецыялізаваных гаспадарках вылучаюць асобна С. для жарабцоў-вытворнікаў, племянных кабыл, маладняку. трэнінгавыя. Пры табунным утрыманні будуюць С. толькі для вытворнікаў і трэнінгавыя. Уключае секцыі, стойлы ці праварыны для жывёл, цэнтр. кармагноевы праход і дапаможныя памяшканні (фуражную. збруйную, інвентарную і інш.).

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 15, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)