РАДАШКО́ВІЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ імя Ф.​Скарыны, навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Існавала ў мяст. Радашковічы ў 1922—28. Засн. Радашковіцкім таварыствам беларускай шкалы (ТБШ) па ініцыятыве А.Уласава і П.​Крачкоўскага. У пач. 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі. Дырэктарамі гімназіі былі Ф.Абрантовіч, А.​Вернікоўскі, Ф.Стацкевіч. Выкладчыкамі ў розны час працавалі Я.Гаўрылік, В.​Гаянкоў, С.​Кароль, А.​Крачкоўскі, М.​Ласковіч, Л.​Ліманоўская, Б.​Тарашкевіч, І.​Цішкевіч і інш. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навуч. г. ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе бел. культуры. З ліст. 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатр. прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул у 1926/27 і 1927/28 навуч. г. праводзіліся курсы для настаўнікаў бел. пач. школ. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. у Зах. Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што стала падставай для закрыцця яе ў вер. 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, у БССР; некат. скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі. Пэўны час у гэтай гімназіі вучыўся бел. паэт Максім Танк.

Я.​Ліс.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКЛА́Д,

дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт. Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.​Ф.​Высоцкая. Мн., 1984. А.​А.​Ярашэвіч.

Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.
Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.​Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.

Літ.:

Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;

Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІС (Арсень Сяргеевіч) (н. 4.2.1934, в. Вётхава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-р філал. н. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзярж. выд-ва Беларусі. З 1962 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе фальклорныя жанры (манаграфіі «Купальскія песні», 1974; «Валачобныя песні», 1989; «Жніўныя песні», 1993), л-ру, краязнаўства, перыядычны друк Беларусі, жыццё і дзейнасць працаўнікоў бел. нац.-вызв. руху, гісторыю мастацтва і культуры. Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да тамоў акад. серыі «Беларуская народная творчасць» — «Жніўныя песні» (1974), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992). Склаў зб-кі «Беларускія народныя necui» (1970), «Беларускі фальклор» (у сааўт., 4-е выд. 1996), «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з І.​У.​Саламевічам), «Тарашкевіч Б. Выбранае» (1991) і інш. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (пра Р.​Р.​Шырму, з І.​К.​Цішчанкам, 1984), «Прысады жыцця» (пра М.​І.​Гарэцкага, з І.​В.​Калоўскім, 1985), «Зямля Тарашкевіча» (з Ю.​В.​Лысятавым, 1991), «Аркадзь Смоліч», «Дзядзька Уласаў» (пра АМ.Уласава, абодва 1992), «Адвечныя званы» (пра М.​В.​Доўнар-Запольскага, 1993). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Мікола Шчакаціхін. Мн., 1968;

Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;

Пякучай маланкі след: Эцюд да партрэта мастака Горыда. Мн., 1981;

Вечны вандроўнік: Нарыс пра мастака Я.​Драздовіча. Мн.,1984;

Песню — у спадчыну. Мн., 1989;

Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;

Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

А.С.Ліс.

т. 9, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РАЧКІН (Аляксей Антонавіч) (н. 10.3.1940, в. Новая Слабада Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962), Бел.-тэатр. маст. ін-т (1972). З 1975 (з перапынкам) выкладае ў Бел. АМ (у 1990—96 заг. кафедры). У 1982—86 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Тэматыка яго твораў прысвечана гіст. падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры бел. народа. Для ранніх твораў характэрны рэаліст. манера адлюстравання ў спалучэнні з аб’ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. З 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб’ёму. Стварыў партрэты выдатных дзеячаў бел. гісторыі і культуры: «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «М.​Гусоўскі» (1980), «Вераніка і Максім» (1981), «Рагнеда» (1982), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега» (1994) і інш., серыю партрэтаў «Мае сучаснікі» (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» (1989—90), цыкл твораў «Народныя легенды і паданні» (1990—91). Сярод тэматычных кампазіцый: «Мара пра палёт» (1974), «Жанчына з бульбай» (1975), «Гуканне вясны» (1976), «Чаканне» (1979), «Чароўныя арэлі» (1980), «Суладдзе» (1983), «Хто з вас без граху?» (1989), «Цяжар» (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: «Адліга» (1974), «Дарога» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Імкненне» (1979), «Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я.​Драздовіча» (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах «Планета Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) і інш. Да тэм бел. фальклору звярнуўся ў творах «Прывіды зімы», «Святаяннік» (абодва 1991), «Жывы куст», «Кароль птушак», «Начны прывід» (усе 1992). Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Марачкін Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. 1994.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА (Аркадзь Маркавіч) (н. 6.4.1936, г. Віцебск),

бел. спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). З 1960 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае мяккім лірычным голасам своеасаблівага прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону, высокай вак. тэхнікай, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Яму ўласціва ўдумлівая адпрацоўка, філігранная шліфоўка дэталей вак. і сцэнічнага бакоў ролі. Сярод партый нац. рэпертуару: Апанас і Фон Шолен («Алеся» Я.​Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Лявон Бурак, Максім Багдановіч, Міхал («Калючая ружа», «Зорка Венера», «Новая зямля» Ю.​Семянякі), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ляўчук («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Фаскары, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.​Картэса), Понцій Пілат («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава); класічных і сучасных опер: Анегін, Ялецкі, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Мізгір («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Януш («Галька» С.​Манюшкі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Марсель, Шарплес («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Дон Жуан, граф Альмавіва («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Рыгалета, граф ды Луна, Радрыга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Камісар («Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава), Фердынанд, Андрэй Балконскі («Заручыны ў манастыры», «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Выканаў партыі Адама ў тэлеоперы «Ранак» Вагнера, Яўхіма ў радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова, Скарыны ў фільме-оперы «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага. У канцэртным рэпертуары арыі з класічных і сучасных опер, рамансы, творы бел. кампазітараў, бел., рус. і ўкр. нар. песні.

А.​Я.​Ракава.

Аркадзь Маркавіч Саўчанка.
А.Саўчанка ў ролі Радрыга.

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУЖЭ́ЙНАЯ ПАЛА́ТА ў Маскве,

1) дзярж. ўстанова на тэр. Маскоўскага Крамля ў будынку, пабудаваным у 1851 арх. К.​А.​Тонам. Упершыню ўпамінаецца ў 1547 як сховішча зброі, у 1640 пры ёй створана іканапісная, у 1683 — жывапісная майстэрні, уваходзіла палата разьбяных і сталярскіх спраў; у 1700 у Аружэйную палату ўліліся Залатая і Сярэбраная палаты. У ёй праводзіліся заняткі па маст. рамястве, іканапісе і жывапісе, працавалі жывапісцы І.​А.​Безмін, С.​Ф.​Ушакоў, І.​Уладзіміраў, гравёр А.​Ф.​Зубаў і інш. У 2-й пал. 17 ст. сярод майстроў палаты былі выхадцы з Беларусі: Хрыстафор Абросімаў, Пётр Абросімаў, Восіп Андрэеў, Іван Андрэеў, Арсеній, Сцяпан Іванаў (Палубес), Фёдар Мікулаеў, Максім Сямёнаў, Восіп Якаўлеў і інш. Бел. майстры выраблялі кафлю, зброю, аздаблялі яе арнаментальнымі ўзорамі, працавалі па серабры, рабілі па-мастацку аформленыя сталы, шафы, троны, крэслы, вырэзвалі іканастасы, чаканілі рэльефы на раках, упрыгожвалі разьбой карэты і інш. Бел. майстры ўпершыню прынеслі ў Рус. дзяржаву ажурна-аб’ёмную т.зв. флемскую разьбу, узбагацілі тэхніку вырабу шматкаляровай паліванай кафлі, наладзілі выраб буйных маёлікавых арх. дэталяў, стваралі рэльефныя выявы, блізкія да рэальных памераў чалавека. Бел. майстры ўпрыгожвалі арх. помнікі Масквы, Каломенскага, Ізмайлава, Разані і інш. У 1711 жывапісная школа закрыта, а майстры пераведзены ў Пецярбург. У 1720 Аружэйная палата аб’яднана з інш. царскімі майстэрнямі Крамля, з 1726 стала сховішчам каштоўных прадметаў.

2) Старэйшы рас. музей, створаны ў 1806. З 1960 у складзе Дзярж. музея Маскоўскага Крамля ў б. патрыяршых палатах на вул. Разіна. У Аружэйнай палаце прадстаўлена дэкар.-прыкладное мастацтва Расіі, Візантыі, Зах. Еўропы і шэрагу краін Пярэдняй Азіі 5 — пач. 20 ст., захоўваюцца рэдкія калекцыі старадаўняй маст. зброі (13—18 ст.), калекцыі залатога і сярэбранага посуду, тканін і адзення (14—19 ст.), дары паслоў, рэчы царскага і княжацкага ўжытку, ювелірныя вырабы і інш.

Літ.:

Писарская Л., Мартынова М. Оружейная палата. 6 изд. М., 1987.

Аружэйная палата. 1848−51.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац. маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ. «Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ. «Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.

Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел. літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.​Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.​Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.​Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.​Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.​Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб. тв. У.​І.​Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1973;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1984—1986;

Творы. Мн., 1990.

Літ.:

Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;

Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;

Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;

Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;

Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;

Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;

Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;

Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.

М.​І.​Мушынскі.

М.І.Гарэцкі.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКІ (Максім) (сапр. Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),

рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АН БССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.

У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.​І.​Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.​Г.​Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.

Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.​Я.​Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.​Купала, Ц.​Гартны, А.​Александровіч, у 1931 — К.​Крапіва, П.​Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.​Гардзялкоўская, К.​Чорны, М.​Гарэцкі, Э.​Самуйлёнак, П.​Глебка, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, А.​Куляшоў, Я.​Брыль, Э.​Агняцвет, З.​Астапенка, С.​Баранавых, В.​Вітка, Ю.​Гаўрук, А.​Зарыцкі, М.​Лобан, М.​Машара, Я.​Скрыган, Т.​Хадкевіч, У.​Хадыка, А.​Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—25. М., 1968 — 76;

Архив А.​М.​Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;

Бел. пер. — Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);

Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;

Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;

Справа Артамонавых. Мн., 1941;

Маці. Мн., 1941;

Дзяцінства. Мн., 1949;

У людзях. Мн., 1952;

Мае універсітэты. Мн., 1953;

Казкі. Мн., 1968.

Літ.:

Летопись жизни и творчества А.​М.​Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;

Десницкий М.В. А.​М.​Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;

Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.​Горького. 3 изд. М., 1969;

Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Ивашин В.В. М.​Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;

Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;

Максім Горкі і Беларусь: Зб. арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.

М.​П.​Кенька.

М.Горкі.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КВІЕМ (ад першага слова лац. тэксту «Requiem aetemam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, божа»),

1) у музыцы — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.

Першапач. інтанацыйнай асновай Р. служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У 17—18 ст. Р. ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры Р. набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусв. вядомасць набыў Рэквіем В.​А.​Моцарта (1791; скончаны Ф.​К.​Зюсмайрам). Сярод аўтараў найб. выдатных Р. 19 ст. Г.​Берліёз, Дж.​Вердзі, І.​Брамс; у 20 ст. — П.​Хіндэміт, Ф.​Дэліус, Б.​Брытэн. Р. стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І.​Стравінскі, А.​Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых муз. плынях (Дз.​Лігеці).

У бел. музыцы рысы Р. маюць паэма-Р. «Хатынскія званы» Ю.​Семянякі, Р.-балада А.​Мдывані, Р. «Помніце» Л.​Шлег і інш. 2) У літаратуры — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях нар. галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У Р. спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі. У бел. л-ры рысы Р. ўпершыню праявіліся ў творах пач. 20 ст. («Зваяваным», «Курган» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча). У сучаснай паэзіі Р. найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфаш. пафас, высокае філас.-гуманіст. асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р.​Барадуліна, «Голас сэрца» П.​Броўкі, «Паэма расстання» Г.​Бураўкіна, «Заазёр’е» А.​Вярцінскага, «Трыпутнік» К.​Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А.​Куляшова, «Паэма жніва» Н.​Мацяш. Асаблівасці Р. ўласцівы малым паэт. формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Бураўкіна, «Рэквіем» Вярцінскага, «Над брацкай магілай» Куляшова, «Рэквіем» М.​Танка і інш.). Радзей Р. выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы Р. ўласцівы творам А.​Адамовіча «Хатынская аповесць», В.​Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В.​Казько «Суд у Слабадзе», І.​Пташнікава «Тартак», дакумент. кн. Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

А.​І.​Валадковіч (музыка), А.​М.​Пяткевіч (літаратура).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)