ФІ́НСКІ Аляксандр Міхайлавіч (н. 2.1.1953, пас. Вясёлы Гай Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1977 выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве імя І.​Ахрэмчыка, з 1991 — у Бел. АМ. Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Творы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю і пластычнай выразнасцю вобразаў, лаканізмам. Сярод станковых работ: «Малады мастак», «Студэнт» (абедзве 1977), «Мары» (1978). «Жаночы партрэт». «Гульня для мужчын» (абедзве 1983), «Без весткі прапаўшым прысвячаецца» (1984), «Кола лёсу» (1994), «Вестка» (1998), «Спакуса» (2000) і інш. Манум. работы: кампазіцыя «Калыска» (1988) у парку імя Я.​Купалы, «Багі Алімпа» (1995), кампазіцыя са святлом для банка «Алімп» (усе ў Мінску); «Анёл-ахоўнік» (1989) у г. Нясвіж; «Беларускія святы» (1993) для Бел. культ. цэнтра ў г. Дортмунд (Германія); «Вячэрні блюз» (2002) для Міжнар. алімп. парку ў г. Пекін і інш. Аўтар надмагільнага помніка А.​Анікейчыку (1989), рэльефу «Максім Багдановіч» (1991) для бібліятэкі імя М.​Багдановіча, мемарыяльнай дошкі У.​Алоўнікаву і знака «Пачатак дарог Беларусі» (абодва 1998; усе ў Мінску); алтара капэлы (1999) у замку Яйтхоф у Аўстрыі. Адзін з аўтараў мемарыяла «Яма» (2002) у Мінску. Выканаў медалі «Песня пра зубра» (1980), «В.​Дунін-Марцінкевіч — драматург» (1982), «Кастусь Каліноўскі. Мужыцкая праўда», «Леў Талстой», «У.​Шэкспір» (усе 1983) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Фінскі. Вестка. 1998.

т. 16, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)