бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1983). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1958). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект» (з 1958, у 1978—80 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Мінскі палац спорту, у сааўтарстве корпус бальніцы Лячэбнага сан. ўпраўлення (1968), Бел.рэсп. вучэбны комплекс гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка (1969), кінатэатр «Кастрычнік» (1975), генплан акадэмгарадка па вул. Жодзінскай, Дом праектных арг-цый Дзяржбуда Беларусі (абодва 1980); Палац культуры ў Салігорску (1967), конна-спарт. манеж у Ратамцы пад Мінскам (1969), серыя буйнапанэльных жылых дамоў для гарадоў Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск (1972—77); санаторыі «Беларусь» у гарадах Друскінінкай (Літва, 1972) і Юрмала (Латвія, 1976); г. Лангепас Цюменскай вобл. (Расія, 1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т,
«Фандак». Засн. ў г. Бабруйск у 1926, у 1929 пушчаны лесапільны цэх і электрастанцыя, у 1930 — беладрэўны і фанерны цэхі, у 1931 — цэх стандартных дамоў. Быў адзін з буйнейшых у Еўропе. У Вял.Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950—80-я г. пабудаваны цэхі: па вырабе тары, упаковачнай стружкі, п’езатэрмапластыкаў, драўнінна-валакністых плітаў №1 і №2, паркетнай дошкі. Створаны: ф-ка кухоннай мэблі (1991), ф-ка экспартнай мэблі (1992), з-д сталярных і мэблевых плітаў (1995). У 1971—91 у ВА «Бабруйскдрэў» (з 1976 галаўное прадпрыемства). У 1991—94 нар. аб’яднанне «Бабруйскдрэў», з 1994 адкрытае акц.т-ва «Фандак». Асн. прадукцыя (1995): фанера, шпон, піламатэрыялы, паркет штучны, сталярная і мэблевая пліта, наборы мэблі для кухні, гасцінай, мяккая, дзіцячая, спец. і інш. мэбля.
У.Д.Таранаў.
Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛУ́ШТА,
горад на Украіне, у горнай даліне на Паўд. беразе Крыма. За 45 км ад чыг. ст. Сімферопаль. 33 тыс.ж. (1992). Прыморскі кліматычны курорт. Развіваецца з 19 ст. Адметны надзвычай спрыяльнымі для паўнацэннага адпачынку, лячэння лёгачных і нерв. хвароб умовамі: клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, цёплым малавоблачным летам, цёплай і працяглай восенню; марскія купанні з чэрвеня да кастрычніка; багатая вечназялёная расліннасць у далінах рэк, букавыя і хваёвыя лясы, вінаграднікі на схілах велічных горных масіваў Дэмерджы; адзін з найлепшых у Крыме пясчана-галечны пляж працягласцю каля 5 км. Шмат санаторыяў, пансіянатаў, турбаз і дамоў адпачынку. Прыродныя і архю-гіст. помнікі (пячоры Чатырдага, «Даліна прывідаў», рэшткі візант. і генуэзскіх крэпасцяў, умацаванняў і паселішчаў, палацы, маёнткі і сядзібы Раеўскіх, Гагарыных і інш.рус. вяльможаў). Музеі краязнаўчы і С.М.Сяргеева-Цэнскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫ ДОМ,
дзяржаўная выхаваўчая ўстанова для дзяцей-сірот і дзяцей. якія засталіся без апекі бацькоў. Дзеці знаходзяцца на поўным дзярж. забеспячэнні. Асн. тыпы Дз.д.: агульныя (для дзяцей ад 3 да 18 гадоў), спец. (для дзяцей з недахопамі развіцця), сямейныя (выхаванцы знаходзяцца ў сем’ях, якія ўзялі 5 і болей дзяцей).
У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі для дзяцей-сірот ствараліся дзіцячыя прытулкі і сіроцкія дамы, якія існавалі пераважна на сродкі дабрачынных і філантрапічных т-ваў. Пасля 1917 пераўтвораны ў Дз.д. У 1920—23 існавалі дзіцячыя калоніі і школы-камуны. Спец. Дз.д. былі створаны для дзяцей, бацькі якіх загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Беларусі ў 1945 было 245 Дз.д., у 1996/97 навуч.г. —49 (2545 дзяцей), у т. л. 17 агульнага тыпу (1654 дзіцяці), 10 спец.дамоў (741 дзіця), 22 сямейнага тыпу (150 дзяцей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ,
жылы гарадок, узведзены для ваеннаслужачых у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1992—97 (арх. Г.І.Белікаў, У.М.Еўдакімаў, В.К.Карунас, Ю.М.Малевіч, А.І.Нічкасаў, А.С.Пархута, У.Б.Праабражэнскі, У.М.Тарноўскі; Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Разлічаны на 3,5 тыс. жыхароў. Пры стварэнні гарадка ўпершыню на Беларусі выкарыстаны прыём фарміравання пешаходнай вуліцы, якая ўключае ўсе неабходныя для жыхароў зоны сац. абслугоўвання: выхавання, адукацыі, аздараўлення, адпачынку, гандл., быт. і мед. паслуг. У цэнтр.ч. размешчаны грамадска-адукац. цэнтр, вакол яго — пешаходныя алеі, на якія раскрыты паўзамкнёныя дворыкі 2—3-павярховых жылых дамоў, злучаныя паміж сабой анфіладай. Побач з цэнтр. уваходам пастаўлены гандл. будынкі. Месцы для аўтатранспарту і стаянак размяшчаюцца па знешнім перыметры гарадка. Каля жылога гарадка пабудаваны бальнічны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Генры Хобсан) (29.9.1838, Сент-Джэймс, ЗША — 27.4.1886),
амерыканскі архітэктар. Скончыў Гарвардскі ун-т у г. Кеймбрыдж (ЗША; 1859), Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1860—65). З 1865 працаваў у Нью-Йорку, з 1874 — у г. Бруклін. Па-майстэрску выкарыстоўваў формы раманскага стылю для стварэння рамантычна-эфектных пабудоў, тонка ўпісаных у прыроднае асяроддзе: царква Трыніты-чэрч у г. Бостан (1873—77), асабняк Эймс-гейт-лодж у г. Норт-Істан (1880—81) і інш. Лепшыя работы Р., адметныя строгай тэктанічнасцю кампазіцыі, дакладнай функцыян. арг-цыяй (будынак суда і турмы графства Алегейні ў г. Пітсбург, 1884—88; магазін «Маршал Філд» у г. Чыкага, 1885—87, не захаваўся), заклалі аснову рацыяналістычнага кірунку ў архітэктуры ЗША. Пачынальнік т.зв. гонтавага стылю кампактных і камфартабельных драўляных жылых дамоў (Браент-хаўс у г. Кохасет, штат Масачусетс, 1880; Стаўтан-хаўс у Кеймбрыджы, 1882—83).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕВА,
вёска ў Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., на р. Мярэя. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдУ ад Дуброўна, 120 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 297 ж., 98 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. як сяло. З 1772 у Копыскім, з 1861 у Горацкім пав. Магілёўскай губ. У 1880 у мястэчку Баева каля 1000 ж., 98 дамоў, валасное праўленне, 2 школы, 2 правасл. царквы, вадзяны млын, багадзельня, 7 крам. З 1919 мястэчка ў Гомельскай, з 1922 валасны цэнтр у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Ляднянскім, з 1931 — у Дубровенскім р-нах. Напярэдадні Вял.Айч. вайны ў Баеве было 1095 ж., 220 двароў. За час акупацыі (ліп. 1941 — 30.9.1943) ням.-фаш. захопнікі загубілі 110 жыхароў, вёску спалілі.
У Баеве базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАСКО́П (грэч. hōroskopos літар. які назірае час),
табліца ўзаемнага размяшчэння планет і зорак на пэўны момент часу для зададзенага месца. Па гараскопе робяцца спробы прадказваць лёс чалавека, рысы яго характару, здароўе, кар’еру і інш. Гараскоп складаюць на канкрэтнага чалавека (індывідуальны), на дзяржаву, горад, прадпрыемства (мунданны), на пачатак якой-н. дзейнасці ці каб атрымаць адказ на пэўнае пытанне (характарны), на які-н. перыяд жыцця чалавека (салярны, планетарны, звязаны з Месяцам і інш.).
Першыя гараскопы складалі ў Вавілоне ў 5 ст. да н.э. Прадказанні першапачаткова мелі агульны характар. Удасканаленне гараскопа вяло да большай канкрэтызацыі. Цікавасць да складання гараскопа патрабавала добрага ведання астраноміі і стымулявала яе развіццё. Гараскоп змяшчае камбінацыю вял. колькасці элементаў (знакаў задыяка, нябесных дамоў, планет, зорак і інш.), якія знаходзяцца ў неперарыўным руху і, зафіксаваныя ў пэўны момант часу, даюць своеасаблівую матрыцу, што даследуецца астролагамі. Гл. таксама Астралогія.
аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.