фізіялагічны стан паніжанай жыццядзейнасці гамаятэрмных жывёл (цеплакроўныя) у неспрыяльныя сезоны года; форма прыстасавання да сезонных умоў існавання. Назіраецца пераважна ў дробных млекакормячых умераных і высокіх шырот. Адрозніваюць С.: зімовую (гібернацыя), летнюю (эстывацыя), сутачную і нерэгулярную.
Перад С. жывёлы назапашваюць у арганізме рэзервовыя рэчывы, пераважна тлушчы (да 30—40% масы цела), хаваюцца ў сховішчах са спрыяльным мікракліматам (норы, гнёзды, дуплы, расколіны скал і інш.). У час С. значна зніжаецца абмен рэчываў, тармозяцца нерв. рэакцыі («глыбокі сон»), запавольваецца дыханне, паніжаецца т-ра цела, сэрцабіцце, мяняецца хім. састаў крыві і інш., жывёлы не рухаюцца і не кормяцца. Працягласць С. ў некат. жывёл да 8,5 мес. У стане С. жывёлы існуюць за кошт павольнага выкарыстання энергет. рэзерваў арганізма, пераважна тлушчу. У зімовую С. ўпадаюць кажаны, вожыкі, суркі, суслікі, тушканчыкі, соні, стэпавыя чарапахі; у летнюю — жывёлы саваннаў, паўпустынь і пустынь; у сутачную — некат. кажаны, калібры і інш.; у нерэгулярную С. — вавёркі, янотападобны сабака, стрыжы, ластаўкі і інш. Некат. млекакормячыя (мядзведзь, янот, барсук і інш.) упадаюць у зімовы сон. Для пайкілатэрмных жывёл (халаднакроўныя — беспазваночныя, рыбы, амфібіі, рэптыліі) С. адпавядае здранцвенне (праяўленне анабіёзу), якое адрозніваецца ад С. менш дасканалымі механізмамі фізіял. кантролю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТРА́СЦІ ХРЫСТО́ВЫ»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай літаратуры канца 15 ст., легендарна-апакрыфічная аповесць пра Ісуса Хрыста. Змешчаны ў рукапісным зборніку разам з «Аповесцю пра трох каралёў» і «Жыціем Аляксея, чалавека божага». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем польскіх і чэш. крыніц, напісана дробным паўуставам. Пераклад зроблены католікам, вызначаецца высокай дакладнасцю і маст. дасканаласцю. Мова аповесці без царкоўнаславянізмаў, поўна адлюстроўвае жывую бел. мову таго часу. Асн.літ. крыніца помніка — апакрыфічнае Евангелле ад Нікадзіма.
У цэнтры твора яркае, драматычна напружанае апісанне апошніх дзён жыцця, пакутніцкай смерці і ўваскрэсення гал. героя, Смерць Ісуса Хрыста пададзена з пункту гледжання царк.-рэліг. ідэйна-маст. канцэпцый хрысціянства як гераічны подзвіг і высакародная ахвяра ў імя лепшай будучыні ўсіх людзей. У аповесці створаны таксама вобраз Багародзіцы. Душэўныя перажыванні Божай маці, глыбокі боль за сына раскрыты ў псіхалагічна праўдзівых маналогах-плачах. Упершыню выдадзены М.М.Тупікавым у 1901. Зборнік зберагаецца ў Расійскай Нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Карский Е.Ф. Западнорусский сборник XV в Императорской Публичной библиотеки в С.-Петербурге Q.I. № 391 // Карский Е.Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам М., 1962;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЧЫ́НА Міхась (Міхаіл Аляксандравіч; н. 10.2.1943, пас. Ленінскі Алданскага р-на, Якуція),
бел. літаратуразнавец, крытык, пісьменнік. Д-рфілал.н. (2001). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1964). Настаўнічаў. З 1970 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі (з 1995 заг. аддзела). Друкуецца з 1963 (вершы), як крытык і літ.-знавец з 1970. Даследуе праблемы маст. мыслення, творчай індывідуальнасці, нац. характару, традыцый і наватарства, ролю фальклору ў абнаўленні сучаснай бел. л-ры: кн. «Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення» (1973), «Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм» (з В.Жураўлёвым, 1982), «Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры» (1991), зб-кі крытычных артыкулаў «Змена квадры» (1983), «Час прозы» (1988) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), «Гісторыі беларускай літаратуры. XX ст.» т. 1—4, 1999—2002) і інш. Прозе Т. (кн. «Дажынкі», 1979) уласцівы аўтабіяграфічнасць, тонкі псіхалагізм, глыбокі лірызм, гумар. Аўтар аповесці пра К.Чорнага «Вяртанне» (1984). Перакладае з рус. і бел. моў.
Тв.:
Народ и война: Нац. характер как объект изображения: Опыт ист.-типол. анализа бел. воен. прозы. Мн., 1985;
Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999;
Карані і крона: Фальклор і літаратура. 2 выд.Мн.,2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́НКА Яўген Яўгенавіч (н. 8.1.1938, Масква),
расійскі спявак (бас), педагог. Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Інж.-буд. ін-т (1961), кансерваторыю (1965) у Ленінградзе. З 1963 саліст ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета, з 1967 — т-ра імя С.М.Кірава, з 1971 — Вял.т-ра ў Маскве. У 1967—72 выкладчык Ленінградскай, з 1975 Маскоўскай (з 1981 праф.) кансерваторый. Валодае голасам, адметным сілай, глыбінёй і выразнасцю, багаццем фарбаў, драм. талентам. Яго выкананню ўласцівы глыбокі псіхалагізм, гармонія муз. і сцэн. вобразаў, шчырасць і натуральнасць. Сярод партый: Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Райманд («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі). Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Барыс Гадуноў і Варлаам, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Князь Ігар і Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Руслан, Сусанін («Руслан і Людміла», «Іван Сусанін» М.Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Рыгор («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Звамбай («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Першы выканаўца многіх песень Г.Свірыдава, сюіты на вершы Мікеланджэла і «4 вершаў капітана Лябядкіна» Дз.Шастаковіча. У рэпертуары таксама вак.-сімф. творы І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Дж.Вердзі, Ю.Шапорына і інш. Выступае і ў оперных спектаклях замежных т-раў. Аўтар кн. «Роздумы аб прафесіі» (1985). Прэміі Міжнар. конкурсаў вакалістаў (Сафія, 1967; Масква, 1970). Ленінская прэмія 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНДАРЭ́ЦКІ (Penderecki) Кшыштаф (н. 25.11.1933, г. Дэмбіца, Польшча),
польскі кампазітар, дырыжор, педагог. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Скончыў Акадэмію музыкі ў Кракаве (1957), з 1959 выкладае ў ёй кампазіцыю, у 1972—87 рэктар. У 1973—78 выкладаў у Іельскім ун-це (ЗША). Дырыжыруе вядучымі сімф. аркестрамі (з 1973), вядзе майстар-класы ў буйнейшых муз. цэнтрах Еўропы і ЗША і інш. Арыгінальная экспрэсіўнасць музыкі П. грунтуецца на глыбокім адчуванні магчымасцей сучасных гукавых сістэм і выкарыстанні іх ва ўсіх сферах кампазітарскай тэхнікі ад артыкуляцыі да формаўтварэння. Зрабіў адкрыцці ў гукавой каларыстыцы. Творам уласцівы глыбокімаст. змест, шырокі спектр сродкаў выразнасці, выкарыстанне традыцый каталіцкай музыкі. У творчасці звяртаецца да агульначалавечай тэматыкі («Строфы» для сапрана, дэкламатара і 10 інструментаў, 1959; «Плач па ахвярах Хірасімы», 1960; араторыя «Dies irae», 1967, памяці ахвяр Асвенціма; «Касмагонія», 1970), рэліг. музыкі («Страсці паводле Лукі», 1965; «Ютрань», 1972; «Магніфікат», 1974; «Te Deum», 1980; «Польскі рэквіем», 1984) і інш. Аўтар опер («Д’яблы з Лудэна», 1969; «Страчаны рай», 1978; «Чорная маска», 1986; «Убу кароль», 1991), арк. твораў (3 сімфоніі, у т. л. «II Christmas Symphony», 1980; «De natura sonoris I—II», 1966—70; «Пасакалія», 1988; «Адажыо», 1989), інстр. канцэртаў (2 віяланчэльных, скрыпічны, альтовы), камерна-інстр. музыкі. Дзярж. прэмія Польшчы 1968, 1984.
Літ.:
Lisicki K. Szkice o K. Pendereckim. Warszawa, 1973;
Erhardt L. Spotkania z Krzysztofem Pendereckim. Krakow, 1975;
Tomaszewski M. Krzysztof Penderecki i jego muzyka. Krakow, 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,
наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс.чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.
У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУКСТ Рыгор Канстанцінавіч (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, у 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз. перадач Гал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.Звонака, рамансаў для голасу з фп. на сл. Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Пушкіна, А.Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел.нар. песні (больш за 50), творы самадз. кампазітараў (больш за 20).
Літ.:
Журавлев Д.Н. Г.К.Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РЫКАЎ Васіль Іванавіч (24.1.1848, г. Краснаярск, Расія — 19.3.1916),
рускі жывапісец. Правадз.чл.Пецярб.АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1869—75) у П.Чысцякова. Чл.т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі, 1881), Саюза рус. мастакоў. Гал. тэма творчасці — лёс народа ў складаныя пераломныя эпохі гісторыі Расіі. Ужо ў ранніх творах звяртаўся да гіст. тэматыкі («Княжацкі суд», 1874; «Апостал Павел тлумачыць догматы веры ў прысутнасці цара Агрыпы», 1875). З 1877 жыў у Маскве. Наведаў Германію, Францыю, Аўстрыю (1883—84), Швейцарыю (1897), Італію (1900), Іспанію (1910). У лепшых палотнах раскрываў трагічныя супярэчнасці гісторыі, логіку яе руху, барацьбу гіст. сіл у пятроўскі час, у гады расколаў, нар. рухаў: «Раніца стралецкай кары» (1881), «Меншыкаў у Бярозаве» (1883), «Баярыня Марозава» (1887). У манум. па форме карцінах С. стварыў наватарскі тып кампазіцыі, у якой рух людской масы, ахопленай складанай гамай перажыванняў, перадае глыбокі, унутр. сэнс падзеі. Вял. ўвагу аддаваў перадачы выгляду плошчаў і вуліц старой Масквы, запоўненых натоўпам, адзення, прадметаў побыту, вышыўкі, разьбы па дрэве і інш. Агульны каларыт яго твораў, заснаваны на гармоніі чыстых фарбаў, рытме колеравых плям, фактуры і манеры мазкоў, служыў сродкам перадачы агульнага настрою, атмасферы падзеі, псіхал. характарыстыкі персанажаў. У 1888—90 жывапісам не займаўся. У карцінах 1890-х г. звярнуўся да падзей нац. гісторыі, у якіх праяўляўся гераічны дух і магутнасць рус. народа: «Пакарэнне Сібіры Ермаком» (1895), «Пераход Суворава праз Альпы» (1899), ствараў партрэты («Сцяпан Разін», 1903, і інш.), займаўся акварэллю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУР’Е́ (Fourier) Франсуа Мары Шарль (7.4.1772, г. Безансон, Францыя — 10.10.1837),
французскі мысліцель, прадстаўнік утапічнага сацыялізму. Яго філас. погляды развіваліся пад уплывам франц. матэрыялізму (найперш П.А.Гольбаха і К.А.Гельвецыя). Развіваў тэорыю сусв. адзінства, заснаваную на прызнанні існавання ўсеагульнай заканамернасці, адзінства руху матэрыяльнага і духоўнага свету. Адмаўляў сац. і эканам. вучэнні эпохі Асветніцтва, ідэі франц. рэвалюцыі 1789—99. Распрацаваў філас.-гіст. канцэпцыю грамадства, дзе вылучаў 4 паслядоўныя стадыі сац. развіцця: эдэізм («райская» першабытнасць), дзікасць, варварства і цывілізацыя. Лічыў, што на змену цывілізацыі прыйдзе найвышэйшы грамадскі лад — стадыя гармоніі, якая пераадолее цывілізацыйныя супярэчнасці. На яго думку, цывілізацыя выканала сваё гіст. прызначэнне: стварыла неабходныя ўмовы для шчасця людзей, але перажывае глыбокі крызіс, калі яе найвышэйшыя каштоўнасці (свабода, роўнасць і інш.) пераходзяць у свае процілегласці. Адмаўляў рэв. шлях змены грамадскага ладу; асн. перадумовай стварэння ідэальнага грамадства лічыў рост вытв-сці на аснове калектывізаванай і механізаванай сельскай гаспадаркі і яе спалучэння з прам-сцю. Выступаў за ліквідаванне прыватнай уласнасці. На яго думку, арганізацыйнай формай вытв-сці ў гарманічным грамадстве павінна стаць «фаланга» — паселішча новага тыпу, дзе аб’ядноўваюцца ўсе віды чалавечай дзейнасці, ажыццяўляецца эмансіпацыя жанчын, вырашаюцца супярэчнасці паміж горадам і вёскай, пераадольваюцца негатыўныя наступствы цывілізацыйнай стадыі, а прыродныя схільнасці чалавека накіроўваюцца на творчую працу, здаровае спаборніцтва, узаемадапамогу. Вучэнне Ф. развівалі фур’ерысты (В.Кансідэран, Ж.Мюірон і інш.); яго погляды паўплывалі на развіццё зах.-еўрап., рус. і амер.сац.-філас. думкі. Асн. творы — «Тэорыя чатырох рухаў і ўсеагульнага лёсу» (1808), «Трактат пра дамаводніцка-земляробчую асацыяцыю» (т. 1—2, 1822), «Новы свет, індустрыяльны і сацыятарны» (1829) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ Аляксандр Андрэевіч (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз. пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.Купалу, Я.Коласу, П.Броўку, С.Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, паасобныя М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Чарота, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, Е.Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, В.Вітка, А.Вольскі, Н.Гілевіч, Глебка, С.Грахоўскі, Дубоўка, М.Калачынскі, А.Куляшоў, Лось, Лужанін, П.Пестрак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Танк, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;
Прызнанне ў любві. Мн., 1961;
Святло над светам. Мн., 1976.
Літ.:
Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;
Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;
Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;
Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел.літ. 1982. Вып. 10.