СУ́РЫКАЎ Васіль Іванавіч (24.1.1848, г. Краснаярск, Расія — 19.3.1916),
рускі жывапісец. Правадз.чл.Пецярб.АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1869—75) у П.Чысцякова. Чл.т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі, 1881), Саюза рус. мастакоў. Гал. тэма творчасці — лёс народа ў складаныя пераломныя эпохі гісторыі Расіі. Ужо ў ранніх творах звяртаўся да гіст. тэматыкі («Княжацкі суд», 1874; «Апостал Павел тлумачыць догматы веры ў прысутнасці цара Агрыпы», 1875). З 1877 жыў у Маскве. Наведаў Германію, Францыю, Аўстрыю (1883—84), Швейцарыю (1897), Італію (1900), Іспанію (1910). У лепшых палотнах раскрываў трагічныя супярэчнасці гісторыі, логіку яе руху, барацьбу гіст. сіл у пятроўскі час, у гады расколаў, нар. рухаў: «Раніца стралецкай кары» (1881), «Меншыкаў у Бярозаве» (1883), «Баярыня Марозава» (1887). У манум. па форме карцінах С. стварыў наватарскі тып кампазіцыі, у якой рух людской масы, ахопленай складанай гамай перажыванняў, перадае глыбокі, унутр. сэнс падзеі. Вял. ўвагу аддаваў перадачы выгляду плошчаў і вуліц старой Масквы, запоўненых натоўпам, адзення, прадметаў побыту, вышыўкі, разьбы па дрэве і інш. Агульны каларыт яго твораў, заснаваны на гармоніі чыстых фарбаў, рытме колеравых плям, фактуры і манеры мазкоў, служыў сродкам перадачы агульнага настрою, атмасферы падзеі, псіхал. характарыстыкі персанажаў. У 1888—90 жывапісам не займаўся. У карцінах 1890-х г. звярнуўся да падзей нац. гісторыі, у якіх праяўляўся гераічны дух і магутнасць рус. народа: «Пакарэнне Сібіры Ермаком» (1895), «Пераход Суворава праз Альпы» (1899), ствараў партрэты («Сцяпан Разін», 1903, і інш.), займаўся акварэллю.