НЕСЦЯРЭ́НКА (Яўген Яўгенавіч) (н. 8.1.1938, Масква),

расійскі спявак (бас), педагог. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Інж.-буд. ін-т (1961), кансерваторыю (1965) у Ленінградзе. З 1963 саліст ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета, з 1967 — т-ра імя С.М.Кірава, з 1971 — Вял. т-ра ў Маскве. У 1967—72 выкладчык Ленінградскай, з 1975 Маскоўскай (з 1981 праф.) кансерваторый. Валодае голасам, адметным сілай, глыбінёй і выразнасцю, багаццем фарбаў, драм. талентам. Яго выкананню ўласцівы глыбокі псіхалагізм, гармонія муз. і сцэн. вобразаў, шчырасць і натуральнасць. Сярод партый: Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Райманд («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі). Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Барыс Гадуноў і Варлаам, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Князь Ігар і Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Руслан, Сусанін («Руслан і Людміла», «Іван Сусанін» М.Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Рыгор («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Звамбай («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Першы выканаўца многіх песень Г.Свірыдава, сюіты на вершы Мікеланджэла і «4 вершаў капітана Лябядкіна» Дз.Шастаковіча. У рэпертуары таксама вак.-сімф. творы І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Дж.Вердзі, Ю.Шапорына і інш. Выступае і ў оперных спектаклях замежных т-раў. Аўтар кн. «Роздумы аб прафесіі» (1985). Прэміі Міжнар. конкурсаў вакалістаў (Сафія, 1967; Масква, 1970). Ленінская прэмія 1982.

Літ.:

Гусев А.И. Е.Нестеренко. М., 1980.

Л.А.Сівалобчык.

Я.Я.Несцярэнка.
Я.Несцярэнка ў ролі Канчака.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)