СПЯ́ЧКА,

фізіялагічны стан паніжанай жыццядзейнасці гамаятэрмных жывёл (цеплакроўныя) у неспрыяльныя сезоны года; форма прыстасавання да сезонных умоў існавання. Назіраецца пераважна ў дробных млекакормячых умераных і высокіх шырот. Адрозніваюць С.: зімовую (гібернацыя), летнюю (эстывацыя), сутачную і нерэгулярную.

Перад С. жывёлы назапашваюць у арганізме рэзервовыя рэчывы, пераважна тлушчы (да 30—40% масы цела), хаваюцца ў сховішчах са спрыяльным мікракліматам (норы, гнёзды, дуплы, расколіны скал і інш.). У час С. значна зніжаецца абмен рэчываў, тармозяцца нерв. рэакцыі («глыбокі сон»), запавольваецца дыханне, паніжаецца т-ра цела, сэрцабіцце, мяняецца хім. састаў крыві і інш., жывёлы не рухаюцца і не кормяцца. Працягласць С. ў некат. жывёл да 8,5 мес. У стане С. жывёлы існуюць за кошт павольнага выкарыстання энергет. рэзерваў арганізма, пераважна тлушчу. У зімовую С. ўпадаюць кажаны, вожыкі, суркі, суслікі, тушканчыкі, соні, стэпавыя чарапахі; у летнюю — жывёлы саваннаў, паўпустынь і пустынь; у сутачную — некат. кажаны, калібры і інш.; у нерэгулярную С. — вавёркі, янотападобны сабака, стрыжы, ластаўкі і інш. Некат. млекакормячыя (мядзведзь, янот, барсук і інш.) упадаюць у зімовы сон. Для пайкілатэрмных жывёл (халаднакроўныя — беспазваночныя, рыбы, амфібіі, рэптыліі) С. адпавядае здранцвенне (праяўленне анабіёзу), якое адрозніваецца ад С. менш дасканалымі механізмамі фізіял. кантролю.

Літ.:

Калабухов Н.И. Спячка млекопитающих. М., 1985.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 15, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)