ТРАГІ́ЧНАЕ,

эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае невырашальны пры

наяўным узроўні грамадскага быцця і свядомасці канфлікт, што ўзнікае і разгортваецца ў выніку свабодных учынкаў асобы, гераічнага сутыкнення процілегла накіраваных, неаднолькава матываваных грамадскіх сіл. Суправаджаецца пакутамі, нярэдка завяршаецца смерцю герояў, змагароў за сцвярджэнне грамадскага ці асабістага ідэалу. Суадносіцца з катэгорыямі ўзнёслага і прыгожага, процілеглае камічнаму. Аб’ектыўная аснова Т. — адноснасць, пераходнасць і смяротнасць усяго існага ў яго канкрэтна-пачуццёвай форме, недасканаласць чалавека, грамадства, дзярж. ладу. Магчымасць Т. ёсць ва ўсіх формах быцця, але для паўнаты яго выяўлення неабходна наяўнасць суб’ектыўна-аб’ектыўных суадносін, што магчыма толькі ў свядомай жыццядзейнасці чалавека і грамадства. У эстэтыцы вылучаюць аб’ектыўна-трагічнае (трагічная сітуацыя і яе вырашэнне праз канфлікт у грамадскім быцці) і суб’ектыўна-трагічнае (трагічная сітуацыя, адлюстраваная ў эстэт. пачуццях, ацэнках, мастацтве). У рэальным быцці адрозніваюць трагедыю новага, якое актыўна змагаецца са старымі сістэмамі і каштоўнасцямі, але яшчэ не здольнае да пазітыўнай рэалізацыі, і трагедыю гібелі старых сістэм і каштоўнасцей, якія не паспелі выявіць свае творчыя магчымасці. Магчымасці выяўлення Т. неаднолькавыя ў розных відах і жанрах мастацтва: толькі адносныя ў архітэктуры і інш. прыкладных мастацтвах сродкамі сімвалічнай пластыкі і дэкору; большыя ў выяўл. мастацтве; неабмежаваныя ў тэатры, музыцы, л-ры, асабліва ў жанрах трагедыі.

Праблему Т. ўпершыню распрацаваў Арыстоцель (структура трагедыі, тэорыя катарсісу). Сімвал Т. ў хрысц. мастацтве — вобразы ўкрыжаванага Хрыста і святых пакутнікаў.

Паводле гуманіст. традыцыі, у кантэксце якой развівалася бел. культура эпохі Адраджэння, разуменне трагічнасці жыцця ўваходзіць у паняцце мудрасці (эстэтыка Ф.​Скарыны, Сімяона Полацкага, інш. асветнікаў). Бел. класічная л-ра адлюстравала асн. аспекты Т. ў быцці народа: хуткаплыннасць зямнога жыцця; трагедыя народа, які абудзіўся для нац. і сац. вызвалення, але не ў сілах рэалізаваць свае ідэалы; трагічны лёс духоўна актыўнай асобы (вобраз песняра, прарока, гусляра, рыцара), што ахвяруе сваім жыццём дзеля вызвалення народа, які яшчэ не да канца ўсвядоміў сябе свабоднай нацыяй. У эстэтыцы сацыяліст. рэалізму паняццю Т. быў нададзены класава-пралетарскі, пазней сацыяліст. змест: сфера Т. тэматычна звужалася да трагічнага лёсу дзеячаў рэвалюцыі, герояў грамадзянскай і Вял. Айч. войнаў.

Літ.:

Аристотель. Поэтика // Соч.: Пер. с древ.-греч. М., 1983. Т. 4;

Борев Ю.Б. О трагическом. М., 1961;

Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.

У.​М.​Конан.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУТУРЫ́ЗМ (італьян. futurismo ад лац. futurum будучыня),

авангардысцкі літ.-маст. рух пач. 20 ст., які характарызуецца адмаўленнем класічных традыцый культуры, апалогіяй тэхнікі і урбанізму, прэтэнзіямі на поўнае абнаўленне мастацтва.

Узнік у Італіі (першы «Маніфест футурызму» Ф.Марынеці, 1909). Выяўляў бунтарска-анархісцкі пратэст супраць тагачаснага грамадскага ладу. У светапоглядзе заснавальнікаў Ф. адлюстравалася рэакцыя на крызіс бурж.-ліберальнага гуманізму, прадчуванне непазбежнасці радыкальных змен у грамадскім быцці і свядомасці. У маст. творчасці — дынаміка капіталіст. горада, імкненне перадаць у абагульненых вобразах энергію руху, абсалютызацыя фармальных пошукаў вялі да кубізму і абстракцыянізму, пераносу тэхналогіі на маст. творчасць. У сваёй творчасці футурысты выкарыстоўвалі прыёмы калажу і кінамантажу. У Pacü Ф. быў самабытнай з’явай пераважна ў паэзіі, жывапісе, графіцы, тэатры. кінематографе. Узнік у 2 разнавіднасцях: эгафутурызму. арыентаванага на сац. лірыку («Пралог эгафутурызму» І.​Севяраніна, 1911), і кубафутурызму, прыхільнікі якога аддавалі перавагу паэзіі сац. дзеяння, шырока выкарыстоўвалі паэтыку аратарскага мастацтва (У.​Маякоўскі, В.​Хлебнікаў і інш.), імкнуліся выявіць пафас рэв. эпохі. Пісьменнікі і мастакі Ф. на чале з Маякоўскім удзельнічалі ў рэв. руху, прыхільна сустрэлі Кастр. рэвалюцыю 1917, згуртаваўшыся вакол газ. «Искусство коммуны» (снеж. 1918 — крас. 1919, Петраград). У 1-й пал. 1920-х г. Ф. як кірунак распаўся: асобныя яго тэндэнцыі развівалі ЛЕФ, ОПОЯЗ, імажынізм, канструктывізм.

На Беларусі Ф. не атрымаў самастойнага развіцця. Але пра яго пісаў дакастр. друк. Газ. «Минский голос», «Минская газета», «Наше утро», «Полесье» і інш., адмаўляючы фармаліст. і нігілістычную праграму Ф., адзначалі яго наватарскія знаходкі; некат. выданні крытыкавалі гэты кірунак з афіц.-ахоўніцкіх пазіцый. У лют. 1914 «Минская газета-копейка» арганізавала літ. вечар футурыстаў, запрасіўшы на яго Д.​Бурлюка і Маякоўскага. Іх выступленні ў Мінску асвятляліся і рэцэнзаваліся ў друку. У 1920-я г. прадстаўнікі «левага мастацтва» на Беларусі супрацоўнічалі ў футурысцкім друку, прапагандавалі Ф., прапанавалі перайменаваць яго «для большай адпаведнасці» ў дзярж. камуніст. мастацтва. Утылітарысцкія тэндэнцыі Ф. паўплывалі на створаную К.​Малевічам групу «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Асобныя рысы паэтыкі Ф. ўласцівы творчасці маладых бел. паэтаў П.​Шукайлы, Я.​Відука (Я.​Скрыган) і інш., літ. аб’яднанню «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». Большасць бел. літ.-маст. аб’яднанняў («Маладняк», «Узвышша», «Полымя») крытыкавалі Ф. Іх прадстаўнікі адзначалі, што Ф. імкнецца падмяніць мастацтва рамесніцтвам. На думку А.​Бабарэкі, ідэолагам Ф. быў Маякоўскі.

Літ.:

Грамоты и декларации русских футуристов. Пб., 1912;

Чуковский К. Футуристы. Пг., 1922;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968.

У.​М.​Конан.

т. 16, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,

самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.​Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст. бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.

Э.​І.​Вецер.

Да арт. Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.
Да арт. Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Беларуская іканапісная школа. В.​Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Да арт. Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН Беларусі.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОРГАНЫ І ПАДРАЗДЗЯЛЕННІ МІНІСТЭРСТВА ПА НАДЗВЫЧАЙНЫХ СІТУАЦЫЯХ.

Падпарадкоўваюцца Мін-ву па надзвычайных сітуацыях (МНС), якое кіруе дзейнасцю па прадухіленні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, забеспячэнні пажарнай, прамысл. і радыяцыйнай бяспекі, а таксама грамадзянскай абароны. Мін-ва створана ў 1998 на аснове ваенізаванай пажарнай службы, выдзеленай са складу МУС. Яно ажыццяўляе дзярж. нагляд і кантроль у галіне абароны насельніцтва і тэр. ад надзвычайных сітуацый, дзярж. тэхнічны і пажарны нагляд. Асн. задачы органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях: рэалізацыя дзярж. палітыкі ў галіне прадухілення і ліквідацыі пажараў і надзвычайных сітуацый, выкліканых аварыямі, катастрофамі, стыхійнымі бедствамі; забеспячэнне пажарнай бяспекі; дзярж. нагляд за пажарнай бяспекай, бяспечным вядзеннем работ у прамысл. і ядз. энергетыцы, аховай і выкарыстаннем радыеактыўна забруджаных тэрыторый, ажыццяўленне мерапрыемстваў па ліквідацыі надзвычайных сітуацый; забеспячэнне функцыянавання дзярж. сістэмы прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, дзярж. сістэмы пажарнай бяспекі і інш.

У МНС функцыянуе 17 спец. службаў, у т. л. пажаратушэння і аварыйна-выратавальных работ, хім. і радыяцыйнай бяспекі, інж. работ, вадалазная, мед., выбуховатэхнічная, авіяц., пошукава-выратавальная, парашутная, пантонная, кіналагічная. У краіне сфарміравана Дзярж. сістэма прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый (ДСНС), якая ўключае 21 галіновую і 7 тэр. падсістэм з каардынуючымі органамі і органамі паўсядзённага кіравання сіламі і сродкамі. Існуе заканадаўчая база забеспячэння абароны ад надзвычайных сітуацый грамадзян і дзяржавы, якая рэгламентуе дзейнасць МНС (прынята 13 законаў, 22 указы Прэзідэнта, 102 пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь). Міністэрства рэалізуе навук. забеспячэнне абароны насельніцтва і тэр., укараняе сістэмы дыспетчарызацыі, кантролю і маніторынгу надзвычайных сітуацый (ДКМНС), здольныя аператыўна і ў аўтаномным рэжыме перадаваць інфармацыю ад лакальных сістэм аўтаматычных сродкаў выяўлення і падаўлення пажару або аварыі экстранным службам. Распрацоўваецца сістэма касмічнага маніторынгу і дыстанцыйнага зандзіравання, якія дазваляюць выявіць лясныя і тарфяныя пажары, спрагназаваць узровень магчымых затапленняў і памеры эканам. страт.

У 2000 засн. НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС Рэспублікі Беларусь, які вядзе прыкладныя даследаванні і эксперым. распрацоўкі ў галіне пажарнай бяспекі і прадухілення надзвычайных сітуацый. З удзелам работнікаў навук. падраздзяленняў МНС створаны і выкарыстоўваюцца аўтамабіль хуткага рэагавання, базавы элемент тэхналогіі хуткага тушэння пажараў у лакальных аб’ёмах, мабільны пункт кіравання аўтамабіля МАЗ на шасі, устаноўкі, прылады і прыстасаванні, а таксама экіпіроўка выратавальнікаў.

Кадры для органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях рыхтуюць Камандна-інж. ін-т і Гомельскі інж. ін-т. Дзейнічае Ін-т перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС (у пас.

Светлы Гай Барысаўскага р-на). У склад гэтага ін-та ўваходзіць палігон аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі, які дазваляе мадэліраваць больш за 1500 надзвычайных сітуацый. На яго базе з 2003 дзейнічае Міжнар. цэнтр падрыхтоўкі выратавальнікаў, у т. л. для платнага навучання замежных выратавальнікаў-пажарных, а таксама цэнтр агнявых выпрабаванняў, буд. канструкцый і сродкаў пажаратушэння.

Зборная каманда з работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь з’яўляецца пераможцам 1-га чэмпіянату свету па пажарна-выратавальным спорце (2002, Масква), адзначана сярэбраным медалём 1-га чэмпіянату Еўропы (2003, С.-Пецярбург).

А.​В.​Голубеў.

т. 18, кн. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮРРЭАЛІ́ЗМ (франц. surréalisme літар. — звышрэалізм),

кірунак у літаратуры і мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік у Францыі, паступова ў той ці інш. форме пашырыўся ў інш. краінах Еўропы, Лац. Амерыкі і ЗША. Тэрмін «С.» уведзены ў 1918 Г.​Апалінэрам, яго заснавальнік і гал. тэарэтык — А.​Брэтон, аўтар першага «Маніфеста сюррэалізму» (1924). Фарміраванне С. звязана з дзейнасцю парыжскай асацыяцыі пісьменнікаў і мастакоў і яе час. «Littérature» («Літаратура», 1919—24) і «Révolution surréaliste» («Сюррэалістычная рэвалюцыя», 1924—29), у якіх распрацоўвалася праграма кірунку, што грунтавалася на дасягненнях сімвалізму, дадаізму, метафізічнага жывапісу, філас. вучэнні З.​Фрэйда. Гал. мэта С. — пошук «сапраўднай рэальнасці», якая выяўляецца праз асабіста-пачуццёвую сферу суб’ектыўнасці, некантралюемую творчасць. У літаратуры (пераважна ў паэзіі) для С. характэрна «аўтаматычнае пісьмо» (запіс слоў, вобразаў і фрагментаў маўлення, што ўзнікалі ў выніку спантанных асацыяцый), адмова ад рыфмы, метрыкі, члянення на строфы, завершанасці, граматыка-сінтакс. і жанрава-кампазіцыйнай арганізацыі (Л.​Арагон, Р.​Вітрак, Р.​Дэснос, Ж.​Както, Р.​Кено, П.​Рэвердзі, Сен-Жон Перс, Ф.​Супо, Т.​Тцара, Р.​Шар, П.​Элюар і інш.). Паўплываў на авангардысцкія кірункі ў л-ры 2-й пал. 20 ст. (тэатр абсурду, «новы раман», канкрэтная паэзія і інш.). Асобныя элементы С. актуалізуюцца і ў сучаснай бел. л-ры: творчасць удзельнікаў суполкі «Бум-Бам-Літ» А.​Бахарэвіча, З.​Вішнёва, В.​Жыбуля, С.​Мінскевіча, А.​Туровіча і інш. У выяўленчым мастацтве для дасягнення глыбіні падсвядомасці мастакі распрацоўвалі спец. прыёмы «псіхічнага аўтаматызму», спантаннага формаўтварэння (выпадковыя лініі, зробленыя алоўкам на паперы, дэкалькаманія, калаж, фюмаж, фратаж). С. у выяўл. мастацтве развіваўся ў 2 асн. кірунках: А.​Масон, Х.​Міро, М.​Эрнст уводзілі пазасвядомы пачатак у творчы працэс, аперыравалі свабоднымі вобразамі і адвольнымі формамі, якія часта пераходзілі ў абстракцыю; С.​Далі, П.​Дэльво, Р.​Магрыт, І.​Тангі імкнуліся выявіць ірэальны вобраз з ілюзорнай дакладнасцю праз манеру пісьма, блізкую да акад. жывапісу; сродкамі фігуратыўнага мастацтва яны стваралі вобраз, немагчымы ў рэальнасці (расцяканне цвёрдых прадметаў, празрыстасць шчыльных аб’ектаў, расслаенне фігуры на некалькі выяў і інш.). Для абодвух кірункаў характэрны алагізм, парадаксальныя спалучэнне форм, зрокавая няўстойлівасць, зменлівасць вобразаў, частае выкарыстанне эратычных матываў. На Беларусі ў сюррэалістычнай манеры працавалі і працуюць мастакі В.​Альшэўскі, М.​Селяшчук, Г.​Скрыпнічэнка, У.​Тоўсцік і інш. У кінематографе сюррэалістычныя фільмы вызначаюцца туманнай сімвалічнасцю, алагічнасцю вобразаў, прыгнечаным эратызмам, адчуваннем суму, адзіноты, смерці (С.​Брэкхейдж, Л.​Буньюэль, Далі, М.​Дэрэн, К.​Харынгтан, К.​Энгер і інш.).

Літ.:

Куликова И.С. Сюрреализм в искусстве. М., 1970;

Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;

Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980;

Антология французского сюрреализма, 20-е гг.: Пер. с фр. М., 1994;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;

Сюрреализм и авангард. М., 1999;

Вирмо А. и О. Мэтры мирового сюрреализма: Пер. с фр. СПб., 1996;

Passeron R. Encyclopedia surrealizmu: Przekł. z fr. Warszawa, 1993.

Е.​А.​Лявонава (літаратура), С.​У.​Пешын.

Да арт. Сюррэалізм. С.​Далі. Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння. 1944.
Да арт. Сюррэалізм. Х.​Міро. Жанчына і птушка ў месячным святле. 1949.
Да арт. Сюррэалізм. Р.​Магрыт. Помста.

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),

адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.

Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.​Петрарка, П.​Рансар, У.​Шэкспір, Я.​Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.​Байран, Р.​Бёрнс, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, Т.​Шаўчэнка, Ш.​Пецёфі, П.​Верлен, А.​Блок, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін, П.​Элюар, Назым Хікмет і інш.

Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, А.​Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Лучына, Ф.​Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Танк, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.​Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.​Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.​Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.

Літ.:

Гніламёдаў У.​В.​Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;

Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТВАРДО́ЎСКІ Аляксандр Трыфанавіч (21.6.1910, б. хутар Загор’е, Пачынкаўскі р-н Смаленскай вобл., Расія — 18.12.1971),

рускі паэт і грамадскі дзеяч. Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (1939). У час вызвалення Зах. Беларусі ў 1939, сав.-фінляндскай 1939—40 і Вял. Айч. войнаў ваен. карэспандэнт. У 1950—54, 1958—70 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкаваўся з 1924. У даваен. зб-ках «Сельская хроніка» (1939), «Загор’е» (1941) тэмы перабудовы вёскі. У паэме «Краіна Муравія» (1936; Дзярж. прэмія СССР 1941) з вял. маст. сілай адлюстраваў складанасць калектывізацыі і выкліканыя ёю змены ў лёсе і псіхалогіі сялянства. У паэме «Васіль Цёркін: Кніга пра байца» (1942—45; Дзярж. прэмія СССР 1946) створаны вобраз бывалага салдата, у якім увасоблены лепшыя духоўныя і маральныя рысы народа. Чаргаванне трагічных і побытавых малюнкаў, лірычных адступленняў і вясёлага досціпу, трапнасць і выразнасць мовы дазволілі шматгранна выявіць атмасферу нар. вайны, думкі і пачуцці людзей. Лірыка Т. ваен. гадоў перадавала перажыванні народа, захоўваючы канкрэтнасць падзей і абставін, сувязі з уяўленнямі радавога салдата, учарашняга працаўніка; спалучала душэўную пранікнёнасць і публіцыст. страснасць з эпічным размахам. У пасляваен. час паглыбляў і развіваў асн. праблематыку творчасці, працягваў асэнсаванне ваен. выпрабаванняў і нар. подзвігу (паэма «Дом ля дарогі», 1946; Дзярж. прэмія СССР 1947), у сац.-маральным і філас. плане раскрываў гіст. лёс народа, паказваў сучасніка ў складаных калізіях часу. У лірыка-публіцыст. паэме «За даллю — даль» (1953—60; Ленінская прэмія 1961) абагульнены найб. істотныя з’явы ў жыцці краіны, грамадскія настроі 1950-х г. У зб-ках «Вершы з запісной кніжкі» (1961) і «З лірыкі гэтых гадоў, 1959—1967» (1967; Дзярж. прэмія СССР 1971) унутр. свет чалавека, узбагачанага вял. вопытам падзей 20 ст. Аўтар сатыр. паэмы «Цёркін на тым свеце» (1963), ліра-эпічнага цыкла вершаў «Па праву памяці» (1968—69; выд. 1987), нарысаў, апавяданняў і аповесцей («Дзённік старшыні калгаса», 1932: «З Карэльскага перашыйка», нап. 1939—41; «У родных мясцінах», 1946; «Печнікі», 1958; «Нататкі з Ангары», 1959), літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць А.​Пушкіна, М.​Някрасава, І.​Буніна, М.​Ісакоўскага, А.​Куляшова і інш. Творчасці Т. ўласцівы далучанасць да нар. жыцця, прастата і яснасць стылю, сувязь з фальклорам і класічнай традыцыяй. Высока цаніў бел. л-ру, удзельнічаў у рабоце многіх з’ездаў пісьменнікаў Беларусі. Беларусі прысвяціў вершы «Слова пра зямлю», «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша» і інш., нарысы ў кн. «Радзіма і чужына» (1947). Перакладаў на рус. мову бел. нар. песні, творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Куляшова, М.​Засіма, М.​Сурначова і інш., рэдагаваў «Анталогію беларускай паэзіі» (М., 1952), складальнік зб. «Паэты Заходняй вобласці» (Мн., 1935). На бел. мову творы Т. пераклалі Э.​Агняцвет, П.​Броўка, А.​Бялевіч, М.​Калачынскі, К.​Крапіва, Куляшоў, М.​Лужанін, Р.​Няхай, А.​Русак, Г.​Пашкоў, М.​Танк, і інш.; яму прысвечаны паэма Куляшова «Варшаўскі шлях» (1973), верш Ю.​Голуба «Аляксандр Твардоўскі ў Гродне», артыкулы Броўкі, В.​Быкава, А.​Зарыцкага, Куляшова і інш. Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1950—54, 1959—71).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М. 1976—83;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1953;

За даллю — даль. Мн., 1962;

Вершы. 1931—1970. Мн 1989.

Літ.:

Македонов А.В. Творческий путь Твардовского. М., 1981;

Воспоминания о А.​Твардовском. 2 изд. М., 1982;

Кондратович А.И. «Ровесник любому поколению»: Док. повесть. М., 1984.

В.​Л.​Бечык.

А.Т.Твардоўскі.

т. 15, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука аб прынцыпах і метадах вывучэння саставу рэчываў. Уключае тэарэт. асновы хім. аналізу, метады вызначэння кампанентаў у рэчывах ці матэрыялах, сістэм. аналіз канкрэтных аб’ектаў. Тэарэт. асновы аналітычнай хіміі — метралогія хім. Аналізу (апрацоўка вынікаў); вучэнне аб адборы і падрыхтоўцы аналітычных проб, складанні схемы і выбары метадаў, прынцыпах і шляхах аўтаматызацыі аналізу. Аналітычная хімія звязана з дасягненнямі фізікі, матэматыкі, біялогіі, розных галін тэхнікі. Асаблівасць аналітычнай хіміі — вывучэнне індывід. спецыфічных уласцівасцяў і характарыстык аб’ектаў. У залежнасці ад мэты аналізу адрозніваюць якасны аналіз і колькасны аналіз; у залежнасці ад кампанентаў, якія неабходна выявіць — ізатопны аналіз, элементны аналіз, структурна-групавы (у т. л. функцыянальны аналіз), малекулярны і фазавы аналіз; у залежнасці ад прыроды рэчыва — аналіз арган. і неарган. рэчываў. Вызначэнне рэчыва ці кампанента праводзяць хімічнымі (гравіметрычны аналіз, цітрыметрычны аналіз), фізіка-хімічнымі (электрахім., фотаметрычны аналіз, кінетычныя метады аналізу), фізічнымі (спектральныя, ядзерна-фіз. і інш.) і біял. метадамі аналізу. Практычна ўсе метады аналітычнай хіміі заснаваны на залежнасці ўласцівасцяў аб’ектаў, якія можна мераць (маса, аб’ём, святлопаглынанне, эл. ток і інш.), ад іх саставу.

Заснавальнікам аналітычнай хіміі як навукі лічыцца Р.​Бойль, які ўвёў паняцце «хімічны аналіз». Класічная аналітычная хімія (17—18 ст.) выкарыстоўвала пераважна гравіметрычны і цітрыметрычны метады аналізу. Да 1-й пал. 19 ст. адкрыты многія хім. элементы, выдзелены састаўныя часткі некаторых прыродных рэчываў, устаноўлены пастаянства саставу закон, кратных адносін закон, масы захавання закон. Распрацаваны сістэматычны аналіз (ням. хімікі Г.​Розе, К.​Фрэзеніус і рус. хімік М.​А.​Мяншуткін), створаны цітрыметрычны аналіз арган. злучэнняў (ням. хімік Ю.​Лібіх). У канцы 19 ст. складалася тэорыя аналітычнай хіміі, заснаваная на вучэнні аб хім. раўнавазе ў растворах з удзелам іонаў (у асн. В.​Оствальд). У 20 ст. з’явіліся метады мікрааналізу арган. злучэнняў (аўстр. хімік Ф.​Прэгль), паляраграфіі (чэшскі хімік Я.​Гейраўскі), рус. біяхімікам М.​С.​Цветам адкрыты метад храматаграфіі (1903) і створаны яго варыянты. Развіццё сучаснай аналітычнай хіміі звязана са з’яўленнем мноства фізіка-хім. і фіз. метадаў аналізу (мас-спектраметрычны, рэнтгенаўскі, ядзерна-фізічныя). Прапанаваны плазмавыя крыніцы току для атамна-эмісійнага аналізу, распрацаваны метады фотаметрычнага аналізу, атамна-адсарбцыйнай спектраскапіі. У сувязі з неабходнасцю аналізу ядз., паўправадніковых і інш. матэрыялаў высокай чысціні створаны радыеактывацыйны аналіз, хіміка-спектральны, іскравая мас-спектраметрыя, вольтамперметрыя — метады, што дазваляюць вызначыць дамешкі ў чыстых рэчывах з канцэнтрацыяй да 10​−7—10​−8%. Распрацаваны метады неперарыўнага і дыстанцыйнага аналізу. Перавага аддаецца метадам неразбуральнага кантролю, лакальнага аналізу (рэнтгенаспектральны мікрааналіз, мас-спектраметрыя другасных іонаў і інш.). Лакальным аналізам карыстаюцца пры аналізе паверхневых слаёў цвёрдых матэрыялаў ці ўключэнняў горных парод.

Сучасная аналітычная хімія карыстаецца аўтам. ці аўтаматызаванымі варыянтамі вызначэння рэчываў. Метады аналітычнай хіміі дазваляюць кантраляваць тэхнал. працэсы і якасць прадукцыі ў многіх галінах вытв-сці, праводзіць пошук і разведку карысных выкапняў. Аналітычная хімія садзейнічала развіццю ат. энергетыкі, электронікі, акіяналогіі, біялогіі, медыцыны, крыміналістыкі, археалогіі, касм. даследаванняў. На Беларусі сістэм. даследаванні па аналітычнай хіміі пачаліся ў 1935 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фіз., хім. і геал. профілю АН, у ВНУ і ведамасных н.-д. установах. Распрацаваны шэраг храматаграфічных метадаў, выдзялення з сумесяў і вызначэння іонаў, комплексаў металаў, алкалоідаў і інш. рэчываў (пад кіраўніцтвам Р.​Л.​Старобінца); хім. метадаў вызначэння металаў (В.​Р.​Скараход); даследаваны ўплыў экстракцыйных працэсаў розных тыпаў на функцыянаванне вадкасных і плёначных іонаселектыўных электродаў на аснове вышэйшых чацвярцічных амоніевых соляў (Я.​М.​Рахманько) і сульфакіслот (У.​У.​Ягораў). Распрацаваны і ўкаранёны: аніён- і катыёнселектыўныя электроды; нітратамер і іонамер; методыкі вызначэння нітратаў, свінцу, кадмію, вісмуту, ртуці, цынку, алкалоідаў, алкілсульфатаў і інш., газахраматаграфічнага вызначэння фенолаў, пестыцыдаў у вадзе, прадуктах харчавання; экстракцыйна-спектральныя і храматаграфічныя метады аналізу с.-г. аб’ектаў; метады аналізу паўправадніковых матэрыялаў, сплаваў, плёнак, ферытаў.

Літ.:

Золотов Ю.А. Аналитическая химия: Проблемы и достижения. М., 1992.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́ННЕ,

вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).

Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук. тэорыі.

Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.

Літ.:

Слемнев М.А. Лабиринты познания. Мн., 1988;

Теория познания: В 4 т. Т. 1—2. М., 1991;

Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;

Героименко В.А., Лазаревич А.А., Титаренко Л.Г. Знание. Компьютер. Общество Мн., 1992;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;

Степин В.С., Горохов В.Г., Розов М.А. Философия науки и техники. М., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНЫ Кузьма (сапр. Раманоўскі Мікалай Карлавіч; 24.6.1900, в. Жабчава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 22.11.1944),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916—19), БДУ (1923—25). У 1920—22 сакратар валаснога рэўкома, настаўнік у в. Цімкавічы (Капыльскі р-н), справавод Слуцкага пав. ваенкамата. У 1924—28 у газ. «Беларуская вёска». Чл. літ. аб’яднання «Маладняк» (1923—26), старшыня літ. аб’яднання «Узвышша» (1926—31), гал. рэдактар час. «Узвышша» (1927—31). У 1934—38 заг. кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. 14.10.1938 беспадстаўна арыштаваны, 8.6.1939 вызвалены з астрогу. З 1941 у эвакуацыі ў Маскве, удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Летам 1944 вярнуўся ў Мінск, працаваў у час. «Беларусь». Друкаваўся з 1920 як паэт (пад уласным прозвішчам і крыптанімам М.Р.). З 1921 выступаў як празаік. Першыя зб-кі апавяданняў «Апавяданні», «Срэбра жыцця» (абодва 1925). У «маладнякоўскі» перыяд творчасці пераважалі паэт. замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, у якіх апяваецца хараство бел. прыроды, услаўляецца абуджэнне мужыка-беларуса. У апавяданнях «узвышаўскага» перыяду (зб-кі «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць», усе 1926; «Вераснёвыя ночы», 1929) — паглыблены псіхал. аналіз, сцвярджэнне гуманіст. думкі пра вял. сіпу чалавека на зямлі, стварэнне каларытных вобразаў «палявых людзей», якія ўвасабляюць лепшае ў бел. характары, вобразаў прадстаўнікоў маладога пакалення, схільных да філас. разваг і актыўных грамадскіх учынкаў. У апавяданнях 1930-х г. (зб. «Брыгадзіравы апавяданні», 1932) спроба авалодаць вытв. тэмай, паказаць працэс нараджэння калектывіста, ударніка сацыяліст. працы, выявіць у ім прыкметы класавай прыналежнасці, што вяло да схематызму і збедненасці вобразаў. У апавяданнях 1940-х г. (зб. «Вялікае сэрца», 1945) узнаўленне драм. эпізодаў перыяду Вял. Айч. вайны, малюнкаў спусташэння бел. зямлі, воля беларусаў да супраціўлення. У рамане «Сястра» (1927—28) вострае драм. сутыкненне супрацьлеглых поглядаў на ролю асобы ў працэсе рэв. абнаўлення свету, адмаўленне непаважлівага стаўлення да чалавека, сцвярджэнне хрысц. каштоўнасцей. У рамане-паэме «Зямля» (1928) пераважае паказ «плыні свядомасці» герояў з простанароддзя, хараства простых людзей, бел. нар. звычаяў і прыроды. У аповесці «Лявон Бушмар» (1929) класічны тып чалавека-ўласніка, вобразам якога сцвярджаецца роля псіхал. і біял. спадчыннасці ў станаўленні асобы. У незавершаных раманах «Вецер і пыл» (1927—29), «Ідзі, ідзі» (1930) праз шэраг яркіх вобразаў і псіхал. тыпаў зроблена спроба ўзнавіць драм. атмасферу ідэалаг. спрэчак пра шляхі абнаўлення свету перыяду рэвалюцыі, грамадз. вайны, калектывізацыі і індустрыялізацыі краіны. У пач. 1930-х г. Ч. прыйшоў да задумы папісаць «у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён»: раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (няскончаны, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук’янская» (1936). Рукапісы раманаў «Простыя людзі», «Вялікае выгнанне», «Судны дзень» згарэлі ў першыя дні Вял. Айч. вайны. У рамане «Бацькаўшчына» — праблема Радзімы, якая на працягу стагоддзяў хвалявала беларусаў. У «Трэцім пакаленні» Ч. цікавіць паняцце ўласнасці, яго ўплыў на характар і лёс чалавека. У аповесці «Люба Лук’янская» — паэтызацыя духоўнага хараства бел. жанчыны, драматызм яе жыцця ў «эпоху войнаў і рэвалюцый». Задуманы Ч. празаічны цыкл развіты ў раманах «Пошукі будучыні» (нап. 1943, апубл. 1950), «Вялікі дзень» (нап. 1941—44, няскончаны, апубл. 1947), «Млечны Шлях» (нап. 1944, апубл. 1954), незавершаных эпічных творах «Скіп’еўскі лес» (1944, апубл. 1946), «Сумліцкая хроніка» (нап. 1941—44, апубл. 1975), «Смага» (нап. 1944, апубл. 1975) і інш., у якіх паказаны лёс беларусаў у час вял. выпрабаванняў, адносіны герояў да зямлі, уласнасці, бацькаўшчыны, маралі, будучыні і інш. Аўтар п’ес «Бацькаўшчына» (на аснове аднайм. рамана, паст. 1932, БДТ-1; 1966, Бел. т-р імя Я.​Коласа), «Ірынка» (паст. 1941, БДТ-1 і БДТ-2), аповесці для дзяцей «Насцечка» (1940) і інш. Пераклаў на бел. мову аповесці «Станцыйны даглядчык», «Трунар», «Дуброўскі», «Капітанская дачка» А.​Пушкіна, п’есы «Рэвізор» М.​Гогаля, «Гарачае сэрца» і «Позняе каханне» А.​Астроўскага, «Апошнія» і «Варвары» М.​Горкага і інш. Асобныя творы Ч. інсцэнізаваны і экранізаваны: інсцэніроўка «Уласнасць» А.​Гутковіча і Ф.​Казлоўскай паводле рамана «Трэцяе. пакаленне» (1959), спектакль «Вялікае сэрца» (паст. 1960, Бел. тэлебачанне; паводле аднайм. рамана), фільм «Ноч пры дарозе» (1992, паводле аднайм. апавядання).

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—8. Мн., 1972—75;

Выбр. творы. Мн., 2000.

Літ.:

Кузьма Чорны: Зб. матэрыялаў аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніка. Мн., 1959;

Адамовіч А. Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага. Мн., 1972;

Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага. Мн., 1981;

Тычына М.А. Кузьма Чорны // Гісторыя беларускай літаратуры XX ст. Мн., 1999. Т. 2.

М.​А.​Тычына.

К.Чорны.

т. 17, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)