ТРАГІ́ЧНАЕ,
эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае невырашальны пры
наяўным узроўні грамадскага быцця і свядомасці канфлікт, што ўзнікае і разгортваецца ў выніку свабодных учынкаў асобы, гераічнага сутыкнення процілегла накіраваных, неаднолькава матываваных грамадскіх сіл. Суправаджаецца пакутамі, нярэдка завяршаецца смерцю герояў, змагароў за сцвярджэнне грамадскага ці асабістага ідэалу. Суадносіцца з катэгорыямі ўзнёслага і прыгожага, процілеглае камічнаму. Аб’ектыўная аснова Т. — адноснасць, пераходнасць і смяротнасць усяго існага ў яго канкрэтна-пачуццёвай форме, недасканаласць чалавека, грамадства, дзярж. ладу. Магчымасць Т. ёсць ва ўсіх формах быцця, але для паўнаты яго выяўлення неабходна наяўнасць суб’ектыўна-аб’ектыўных суадносін, што магчыма толькі ў свядомай жыццядзейнасці чалавека і грамадства. У эстэтыцы вылучаюць аб’ектыўна-трагічнае (трагічная сітуацыя і яе вырашэнне праз канфлікт у грамадскім быцці) і суб’ектыўна-трагічнае (трагічная сітуацыя, адлюстраваная ў эстэт. пачуццях, ацэнках, мастацтве). У рэальным быцці адрозніваюць трагедыю новага, якое актыўна змагаецца са старымі сістэмамі і каштоўнасцямі, але яшчэ не здольнае да пазітыўнай рэалізацыі, і трагедыю гібелі старых сістэм і каштоўнасцей, якія не паспелі выявіць свае творчыя магчымасці. Магчымасці выяўлення Т. неаднолькавыя ў розных відах і жанрах мастацтва: толькі адносныя ў архітэктуры і інш. прыкладных мастацтвах сродкамі сімвалічнай пластыкі і дэкору; большыя ў выяўл. мастацтве; неабмежаваныя ў тэатры, музыцы, л-ры, асабліва ў жанрах трагедыі.
Праблему Т. ўпершыню распрацаваў Арыстоцель (структура трагедыі, тэорыя катарсісу). Сімвал Т. ў хрысц. мастацтве — вобразы ўкрыжаванага Хрыста і святых пакутнікаў.
Паводле гуманіст. традыцыі, у кантэксце якой развівалася бел. культура эпохі Адраджэння, разуменне трагічнасці жыцця ўваходзіць у паняцце мудрасці (эстэтыка Ф.Скарыны, Сімяона Полацкага, інш. асветнікаў). Бел. класічная л-ра адлюстравала асн. аспекты Т. ў быцці народа: хуткаплыннасць зямнога жыцця; трагедыя народа, які абудзіўся для нац. і сац. вызвалення, але не ў сілах рэалізаваць свае ідэалы; трагічны лёс духоўна актыўнай асобы (вобраз песняра, прарока, гусляра, рыцара), што ахвяруе сваім жыццём дзеля вызвалення народа, які яшчэ не да канца ўсвядоміў сябе свабоднай нацыяй. У эстэтыцы сацыяліст. рэалізму паняццю Т. быў нададзены класава-пралетарскі, пазней сацыяліст. змест: сфера Т. тэматычна звужалася да трагічнага лёсу дзеячаў рэвалюцыі, герояў грамадзянскай і Вял. Айч. войнаў.
Літ.:
Аристотель. Поэтика // Соч.: Пер. с древ.-греч. М., 1983. Т. 4;
Борев Ю.Б. О трагическом. М., 1961;
Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.
У.М.Конан.
т. 15, с. 496