БЛЮЗ (англ. blues ад blue devils меланхолія, журба, смутак),

сольная лірычная песня амер. неграў. Вядомы з 2-й пал. 19 ст. У 1920-я г. сфарміраваўся т.зв. класічны, або гарадскі, блюз. Сярод муз. асаблівасцяў блюза — сінкопы, слізганне, нефіксаваныя паніжэнні ступеняў ладу (т.зв. «блюзавыя» інтанацыі), імправізацыйнасць выканання. Напачатку блюз выконваўся ў суправаджэнні банджа, гітары, пазней — фп. ці інстр. Ансамбля. Станаўленню блюза садзейнічала творчасць негрыцянскага кампазітара У.​Хэндзі («Мемфіс-блюз», 1912; «Сент-Луіс-блюз», 1914, і інш.). Сярод выканаўцаў класічнага блюза — Ма Рэйні, Ч.​Хіл, Б.​Сміт, Д.​Унтэрспун. Блюз паўплываў на фарміраванне джаза і поп-музыкі. Элементы блюза выкарыстоўвалі кампазітары Дж.Гершвін (ЗША), М.Равель (Францыя), Э.Кшэнек (Аўстрыя) і інш.

Літ.:

Конен В.​Дж. Блюзы и XX век.: Пер. с англ. М., 1980.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ Уладзімір Аляксандравіч (н. 9.1.1952, Мінск),

бел. фалькларыст і этнограф. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел. пед. ун-це імя М.​Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.​Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.​Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСЛІ́НЫ ХВОСТ»,

групоўка расійскіх мастакоў на чале з М.Ларыёнавым, якія арганізавалі ў 1912 дзве аднайм. выстаўкі ў Маскве і Пецярбургу. Назва ад выстаўленай у 1910 у парыжскім Салоне Незалежных карціны, напісанай хвастом асла. Выступаючы супраць класічных нормаў у маст. творчасці, члены групоўкі (Н.​Ганчарова, К.​Малевіч, А.​Маргуноў, В.​Татлін, А.​Фанвізін, М Шагал, А.​Шаўчэнка і інш.) звярнуліся да прымітывізму, традыцый рус. іканапісу і лубка. Цэнтр. месца на іх выстаўцы займалі творы на сял. тэму Ганчаровай, «салдацкія карціны» Ларыёнава, жанравыя палотны Малевіча. У 1913 яны правялі выстаўку «Мішэнь», якая стала этапам на шляху да абстрактнага мастацтва.

Літ.:

«Ослиный хвост» и «М шпень». М., 1913;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. Спб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НАН (Kennan) Джордж Фрост (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),

амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАЛІ́Т [ад мез(а)... + грэч. lithos камень],

сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн. заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл. адпаведны арт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЮВІ́ ДЭ ШАВА́Н (Puvis de Chavannes) П’ер (14.12.1824, г. Ліён, Францыя — 24.10.1898),

французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў А.​Шэфера і Т.​Куцюра. Зазнаў уплывы Ж.​А.​Энгра, Т.​Шасерыо, італьян. Ранняга Адраджэння. Распрацаваў своеасаблівы варыянт сімвалізму, заснаваны на сінтэзе маст. прыёмаў Ранняга Адраджэння і класіцызму. Работам характэрны ўрачысты лінейны рытм, абагульненыя, умоўна трактаваныя фігуры, аб’яднаныя ў статычныя ўраўнаважаныя групы, тонка стылізаваныя пейзажныя фоны, што нагадваюць ідылічныя ўяўленні пра «залаты век» чалавецтва. Колеравая гама пабудавана на спалучэнні прыглушаных жамчужных тонаў. Сярод твораў: манум. пано «Мір», «Вайна», «Праца», «Адпачынак» (усе 1861—63), «Свяшчэнны гай» (1884), размалёўкі «Жыццё Святой Жэнеўевы» ў Пантэоне (1874—98), «Навукі і Мастацтвы» ў Сарбоне (1887—89) у Парыжы і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

П.Пюві дэ Шаван. Свяшчэнны гай. 1884.

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),

1) у музыцы тэма інстр. або вак. муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл. Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.

Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».

У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.​Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:

Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

В.​П.​Рагойша (у вершаскладанні).

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕ́ДАМАСЦІ»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 14.9.1921 да 15.1.1922 у Вільні на бел. мове. Выйшла 19 нумароў. Рэдактар-выдавец М.​Гарэцкі. Адно з першых беларускамоўных выданняў пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора. Пісала пра паліт. і эканам. жыццё беларусаў у т.зв. Сярэдняй Літве, дамагалася адкрыцця школ на роднай мове, змяшчала матэрыялы аб школьным і культ. жыцці ў БССР, Латвіі, на Украіне. Друкавала творы Ф.​Багушэвіча, А.​Абуховіча, К.​Каганца, Я.​Купалы і інш., гіст. артыкулы У.​Ігнатоўскага, М.​Кахановіча, А.​Смоліча і інш. Змясціла раздзелы з «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.» М.​Гарэцкага. З лепшых надрукаваных у газеце маст. твораў быў складзены дадатак да «Беларускіх ведамасцяў» «Беларускі дэкламатар». У 1921 выйшлі 3 зборнікі «Беларускіх ведамасцяў». Газета закрыта ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́СЕК (Jirásek) Алоіс (23.8.1851, г. Гронаў, Чэхія — 12.3.1930),

чэшскі пісьменнік. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1876). У гіст. раманах «Скалакі» (1875), «Псаглаўцы» (1884), эпапеях «Паміж плынямі» (т. 1—3, 1887—90), «Ф.​Л.​Век» (т. 1—5, 1888—1906), «Супраць усіх» (1893), «У нас» (1896—1903), «Брацтва» (т. 1—3, 1898—1908), «Цемра» (1915), «Гусіцкі кароль» (1916—20) стварыў летапіс найважнейшых падзей у гісторыі чэш. народа, сярод якіх гусіцкія войны, нар. паўстанні і інш. Яго творам уласцівы падзейна-часавая маштабнасць, глыбокі псіхалагізм у раскрыцці масавай свядомасці, даставернасць апісання побыту і нораваў розных эпох і народаў, вастрыня канфліктаў. Аўтар зб. «Горныя апавяданні» (1878), гіст. драм. («Ян Жыжка», 1903, «Ян Гус», 1911, «Ян Рогач», 1914), аповесцей, апавяданняў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—8. М., 1955—58.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛЬЧАНКА Ала Анатолеўна (н. 3.7.1957, Масква),

расійская артыстка балета. Засл. арт. Узбекістана (1981). Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1976, клас С.Галоўкінай). З 1976 у Вял. т-ры ў Маскве. Яе танец вылучаецца высокай тэхнікай, пластычнасцю, вытанчанасцю ліній, псіхал. глыбінёй. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Шырын («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Рыта («Залаты век» Дз.​Шастаковіча), Анастасія («Іван Грозны» С.​Пракоф’ева), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Ніна Зарэчная («Чайка» Р.​Шчадрына) і інш. 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета ў Маскве (1976), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1976) і Маскве (1977). Знялася ў тэлеэкранізацыях балетаў «Гэтыя чароўныя гукі...» (1981), «Фрагменты адной біяграфіі» і «Я хачу танцаваць» (абедзве 1985).

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)