МЕЗАЛІ́Т [ад мез(а)... + грэч. lithos камень],

сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн. заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл. адпаведны арт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)