МІХА́ЛЬЧАНКА (Ала Анатолеўна) (н. 3.7.1957, Масква),
расійская артыстка балета. Засл. арт. Узбекістана (1981). Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1976, клас С.Галоўкінай). З 1976 у Вял. т-ры ў Маскве. Яе танец вылучаецца высокай тэхнікай, пластычнасцю, вытанчанасцю ліній, псіхал. глыбінёй. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Шырын («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Рыта («Залаты век» Дз.Шастаковіча), Анастасія («Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана), Ніна Зарэчная («Чайка» Р.Шчадрына) і інш. 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета ў Маскве (1976), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1976) і Маскве (1977). Знялася ў тэлеэкранізацыях балетаў «Гэтыя чароўныя гукі...» (1981), «Фрагменты адной біяграфіі» і «Я хачу танцаваць» (абедзве 1985).
т. 10, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)