старажытнагрэчаскі поліс у даліне р. Эўрот (вобл.Лаканія), у 6—1 ст. да н.э. — дзяржава ў паўд. частцы п-ва Пелапанес. Да 13 ст. да н.э. на тэр. С. знаходзіліся мікенскія паселішчы. Паводле паэмы «Іліяда» С. была адной з 12 ахейскіх абшчын Лаканіі, якімі валодаў цар Менелай. У час уварвання дарыйцаў (каля 12 ст. да н.э.) мікенскія гарады, у т. л. і С., разбураны. Новая, дарыйская, С. ўзнікла ў 10—9 ст. да н.э., верагодна, у выніку зліцця (сінайкізму) ахейскай і дарыйскай абшчын. С. належала да аграрных полісаў — паселішчаў без гарадскіх муроў. Уся зямля была падзелена на 9—10 тыс. клераў (надзелаў) і перадавалася ў спадчыннае карыстанне сем’ям спартыятаў (паўнапраўных грамадзян). Зямлю апрацоўвалі бяспраўныя ілоты. Гандлем і рамяством у С. займаліся перыэкі (асабіста свабодныя, але пазбаўленыя паліт. правоў).
Спартыяты займаліся толькі ваен. справай, выхоўвалі дзяцей ва ўмовах суровага быту і жорсткай ваен. дысцыпліны (гл.Спартанскае выхаванне). Выезд па-за межы С. быў магчымы толькі па спец. дазволе. На чале дзяржавы стаялі 2 цары, уладу якіх абмяжоўвалі герусія (рада старэйшын) і калегія эфораў (выбіраліся штогод на нар. сходзе — апэле). У грэч. каланізацыі С. практычна не ўдзельнічала. У 8—6 ст. да н.э. пасля працяглай барацьбы С. захапіла суседнія вобласці Месенію і Кінурыю. У выніку барацьбы з Аргасам, Тэгеяй і інш. полісамі ў 2-й пал. 6 ст. да н.э.
С. ўзначаліла Пелапанескі саюз. У пачатку грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. яна фармальна стаяла на чале абарончага саюза грэч. дзяржаў, але паступова выйшла з вайны. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. С. дамаглася гегемоніі над усёй Грэцыяй. Падтрымка алігархічных рэжымаў, умяшанне ва ўнутр. справы грэч. полісаў прывялі да Карынфскай вайны 395—387 да н.э. У вайне з Фівамі і іх саюзнікамі С. была пераможана і страціла Месенію. У 362 да н.э. Пелапанескі саюз распаўся. Спробы цароў Агіса IV і Клеамена III у 3 ст. да н.э. правесці сац. рэформы і аднавіць магутнасць С. скончыліся беспаспяхова. У 146 да н.э. С. трапіла пад уладу Рыма, з 27 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Ахая. У 395 н.э. разбурана готамі.
Літ.:
Андреев Ю.В. Спарта как тип полиса // Античная Греция: Пробл. развития полиса. М., 1983. Т. 1;
Корзун М.С. Гісторыя старажытнай Грэцыі. Мн., 1999;
Печатнова Л.Г. История Спарты: (Период архаики и классики). СПб., 2001.
А.Г.Зельскі.
Да арт.Спарта. Спартанскі гапліт у 500 да н.э. Рэканструкцыя.Да арт.Спарта. Бронзавая статуэтка спартанскага воіна. Канец 6 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫЛІ́СТЫКА,
раздзел мовазнаўства, які вывучае стылі мовы, нормы і спосабы выкарыстання моўных адзінак у залежнасці ад зместу і мэты выказвання, сітуацыі і сферы зносін. У С. гістарычна склаліся і развіваліся 3 асн. кірункі: С. рэсурсаў (апісальная), С. маўлення (функцыянальная), С. мастацкай літаратуры. Першыя 2 кірункі аб’ядноўвае лінгвастылістыка, 3-і кірунак — літаратуразнаўчая С.
Вылучаюць С.: практычную (абгрунтоўвае нормы выкарыстання сінанімічных сродкаў літаратурнай мовы ў залежнасці ад зместу і формы зносін), успрымання (даследуе спосабы адэкватнага ўспрымання вобразна-выяўл. сродкаў літ.-маст. твора), параўнальную С. (вывучае ў параўнальным плане стыліст. сістэмы 2 або некалькіх моў, пераважна блізкароднасных), тэкставую (вывучае выяўл. магчымасці тэксту і разглядае яго як семантычна, функцыянальна і структурна завершанае адзінства).
Гал. задача лінгвастылістыкі — вывучэнне заканамернасцей функцыянавання мовы ў розных сферах зносін, якія адпавядаюць пэўнаму віду дзейнасці, сістэмнасці функцыян. стыляў і інш.функцыян.-стылявых разнавіднасцей, прынцыпаў адбору і спалучэння ў іх моўных сродкаў. Важнае месца ў ёй належыць пытанням лексічнай, фразеалагічнай і грамат. сінанімікі, стыліст. афарбоўкі моўных адзінак.
Вылучаюць 2 віды стыліст. афарбоўкі: эмацыянальна-экспрэсіўны (выражэнне эмоцый — урачыстасці, знявагі, пяшчоты, іроніі, фамільярнасці і інш.) і функцыянальна-стылістычны (выкарыстанне ў пэўным стылі навук. тэрмінаў, дыялектызмаў, прастамоўнай лексікі і інш.). Традыцыйна ў С. ўключаюць пытанні пра слоўныя вобразныя сродкі (тропы і сродкі экспрэсіўнага сінтаксісу — рытарычныя фігуры).
Цэнтр. паняцце С. — стыль. Гал. аб’ект яе вывучэння — функцыян. стыль мовы — грамадска ўсвядомленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў у пэўнай сферы грамадскай дзейнасці (навук., справавой, публіцыстычнай і інш.). Літаратуразнаўчая С. вывучае мову літ.-маст. твора ў яе суадносінах з вобразнай структурай і ідэйна-тэматычным зместам твора. Гал. прынцып яе вывучэння — сувязь мовы і думкі, што злучае літ.-знаўчую С. з паэтыкай і эстэтыкай слова. На Беларусі навук. працы па аналізе мовы і С. твораў маст. л-ры паявіліся ў 1920-я г. (Я.І.Барычэўскі, П.А.Бузук, А.М.Вазнясенскі, М.І.Гарэцкі, М.М.Піятуховіч). У 2-й пал. 20 ст. выдадзены шэраг манаграфій па С. і культуры маст. слова (І.Я.Лепешаў, Т.П.Сцяшковіч, М.Я.Цікоцкі, Ф.М.Янкоўскі і інш.).
Літ.:
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 2 выл. Мн., 1987;
Булахов М.Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков. Мн., 1979;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;
Лепешаў І.Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы. Мн., 1984;
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРДАПЕДАГО́ГІКА (ад лац. surdus глухі + педагогіка),
галіна дэфекталогіі, якая даследуе заканамернасці і асаблівасці выхавання, навучання і карэкцыі развіцця дзяцей з парушэннем слыху (глухіх і са слабым слыхам). Цесна звязана з агульнай педагогікай, алігафрэнапедагогікай, лагапедыяй, псіхалогіяй, сурдапсіхалогіяй і інш.
Першыя выказванні пра магчымасць навучання глухіх дзяцей сустракаюцца ў творах Арыстоцеля. У 16 ст.італьян. вучоны Дж.Кардана выказаў меркаванне пра магчымасць засваення мовы з дапамогай яе пісьмовай формы. У Іспаніі рабіліся спробы навучання з выкарыстаннем дактылалогіі. У 1620 у Мадрыдзе выдадзены першы метадычны дапаможнік для навучання глухіх дзяцей «Аб прыродзе гукаў і майстэрстве навучыць глуханямога гаварыць» Х.П.Банета. Тэарэтычнымі распрацоўкамі праблем С. ў розны час займаліся І.Аман (Нідэрланды), К.Маліш, І.Фатэр (Германія), Ш.Эпе (Францыя), А.І.Дзьячкоў, С.А.Зыкаў, М.М.Лагоўскі, Ф.А. і Ф.Ф. Раў, В.І.Флеры, П.Дз.Янько і інш. (Расія).
На Беларусі даследаванні ў галіне С. вядуцца з 1960-х г. (І.М.Бобла, В.В.Дзюрыч, Т.Л.Ляшчынская). З 1970-х г. пачалі распрацоўвацца развіццёвыя тэхналогіі (Т.І.Абухава, Т.А.Грыгор’ева, С.Ф.Лявяш), з 1990-х г. — праблемы выкарыстання жэставага маўлення (Грыгор’ева, Л.С.Дзімскіс, І.К.Фамянок) і інш. Першае вучылішча для глухіх дзяцей адкрыта ў Мінску ў 1888. У 1896 І.В.Васютовіч заснаваў вучылішча ў Віцебску. Існавалі яны на дабрачынныя сродкі. У 1925 у Мсціславе пачаў працаваць т.зв. Ін-т глуханямых (пасля пераўтвораны ў школу), куды былі пераведзены навучэнцы з Мінскага і Віцебскага вучылішчаў. Выкладалі ў іх пераважна выпускнікі навуч. устаноў Масквы і Пецярбурга. У дзярж. сістэме спец. адукацыі Рэспублікі Беларусь для дзяцей з парушэннямі слыху дзейнічаюць Рэсп. цэнтр рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі слыху ў Мінску, дашкольныя аддзяленні ў Віцебску і Пінску, дзіцячы сад у Гомелі, групы ў дзіцячых садах у Брэсце, Гродне, Магілёве, Мазыры, дзіцячы дом у Бабруйску, школы ў Ашмянах, Бабруйску, Віцебску, Гарадзеі, Гомелі, Гродне, Ждановічах, Кобрыне, Мінску, Мсціславе, Пінску, Поразаве, Рэчыцы; існуюць інтэграваныя класы для дзяцей з парушэннем слыху (школа № 91, г. Мінск), класы з інтэграваным навучаннем у агульнаадук. школах і інш. (гл.Беларускае таварыства глухіх). Практыкуецца таксама індывідуальнае навучанне. Сурдапедагогаў рыхтуе Бел.пед.ун-т.
Літ.:
Выхаванне дзяцей з парушаным слыхам. Мн., 1996;
Григорьева Т.А. Развивающее обучение детей с нарушенным слухом. Мн., 2000;
Обухова Т.И. Основы дошкольной сурдопедагогики. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎЛА́Й Валянцін Паўлавіч (8.2.1914, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 27.4.1947),
бел. паэт, дзеяч рэв.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Маленства правёў на радзіме бацькоў, у в. Рудаўка Слонімскага р-на. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі (у 1925 выключаны за нежаданне адмовіцца ад бел. нацыянальнасці), у 1927—29 у Віленскай бел. гімназіі (выключаны як адзін з арганізатараў вучнёўскай забастоўкі). За падпольную камсамольскую дзейнасць арыштаваны і зняволены ў слонімскую турму, потым у гродзенскі астрог (1929—30). У 1930—32 працаваў у газ. «Звязда» і вучыўся ў БДУ. У снеж. 1932 адкліканы на падп. працу ў Зах. Беларусь — чл.цэнтр. рэдакцыі КПЗБ у Варшаве, адзін з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку час. «Літаратурная старонка» — легальных неафіц. органаў КПЗБ у Вільні. Прадстаўнік ЦККПЗБ у Цэнтры нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў Літ. фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. Пры спробе перайсці граніцу ў Сав. Беларусь у 1934 арыштаваны, засуджаны на 8 гадоў зняволення ў гродзенскі астрог. Пасля вызвалення Зах. Беларусі працаваў у лідскай раённай газ. «Уперад» (1939—41). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобл., разведчык спецгрупы «Буравеснік» (1942—44). У 1944—45 адказны сакратар навагрудскай раённай газ. «Звязда», у 1945—47 ст.навук. супрацоўнік і нам. дырэктара Літ. музея Я.Купалы. Друкаваўся з 1928. Меў псеўданімы Бунтарны, Янка Дванаццаты, Паўлюк Сірата, В.Тарскі і інш. Як паэт-рэвалюцыянер фарміраваўся ў камуніст. падполлі (паэма «Непераможная», выд. на шапірографе, 1928). У першым пасмяротным зб. «Выбранае» (1947) палымяныя паэтычныя цыклы астрожных вершаў («Лукішскія вершы», «Таварышу маёй вясны», «Бацьку») і паэм («Таварыш», «Песня пра сухар»). Раскрыў мужнае аблічча рэвалюцыянера 1930-х г., характэрныя рысы якога — глыбокае лірычнае перажыванне і ўнутр. гатоўнасць высокага ахвяравання, асэнсаванне сутнасці пройдзеных змагарных шляхоў і барацьбы як усечалавечай праблемы разняволення свету, абнаўлення жыцця. Над паглыбленнем зместу вершаў і паэм працаваў усё творчае жыццё, даводзячы іх да гранічнай маст. дасканаласці. Эстэт. набытак Т. ўзнімаецца на ўзровень рэв. паэзіі свету. Аўтар публіцыст. нарысаў пра рэв.-вызв. і антыфаш. барацьбу, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, І.Крылова.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1955;
Выбр. творы. Мн., 1958;
Творы. Мн., 1961;
[Выбр. вершы і паэмы]. Мн., 1967;
Пілую вершам краты. Мн., 1984.
Літ.:
Арочка М. Валянцін Таўлай. Мн., 1969;
Калеснік У. Аповесць пра Таўлая // Полымя. 1964. № 10;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБАТЭ́ХНІКА (ад грэч. tribos трэнне + тэхніка), трыбалогія, трыбоніка,
навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае кантактнае ўзаемадзеянне паверхняў пры адносным руху цвёрдых цел. Уключае пытанні трэння, зносу і змазкі механізмаў, асаблівасцей перадачы і страт энергіі і матэрыялаў у мех. абсталяванні. У Т. атрымалі развіццё: трыбахімія (раздзел механахіміі, вывучае ўзаемадзеянне кантактуючых паверхняў з хімічна актыўным асяроддзем, карозію пры трэнні, уздзеянне на паверхню хімічна актыўных рэчываў, што вылучаюцца пры трэнні); трыбафізіка (фіз. аспекты ўзаемадзеяння кантактуючых паверхняў пры іх узаемным перамяшчэнні); трыбамеханіка (механіка ўзаемадзеяння кантактуючых паверхняў пры трэнні, рассеянне энергіі, імпульсу, рэлаксацыйныя ваганні, рэверсіўнае трэнне, дастасоўнасць ураўненняў гідрадынамікі да задач трэння, зношвання і змазвання).
Працэсы трэння пачалі вывучаць Г.Галілей і І.Ньютан, якія адкрылі асн. законы механікі. Франц. вучоныя Г.Амантон (1699) і Ш.А.Кулон (1785) вызначылі асобныя законы трэння цвёрдых цел на аснове эксперыментаў, пацвердзіўшы раней адкрытыя Леанарда да Вінчы залежнасці. Кулон прапанаваў прыладу для вымярэння трэння — трыбометр. У 1734 англ. вучоны І.Дэзагюлье абгрунтаваў гіпотэзу пра ўплыў на трэнне сіл малекулярнага счаплення. Рас. вучоны М.П.Пятроў у 1883 выканаў даследаванні па руху змазаных дэталей машын (радыяльных падшыпнікаў). У 1920 англ. вучоныя У.Хардзі і Дж.Томлінсан распрацавалі «адгезійную» тэорыю трэння; у 1936 Ф.Боўдэн і К.Рыдлер выявілі нераўнамернасць размеркавання цеплавой энергіі ў датычных паверхнях трэння; у 1940-я г. Боўдэн, Дж.Тэйбар і інш. даказалі, што трэнне мае дваістую (малекулярна-мех.) прыроду, уключае адгезійныя і дэфармацыйныя працэсы; у 1957 Д.Баруэл склаў класіфікацыю асн.фіз. механізмаў зношвання: адгезійны, абразіўны, каразійны, паверхневастомленасны знос. Значны ўклад у Т. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.Я.Жукоўскі, Я.А.Чудакоў, П.А.Рэбіндэр, Б.У.Дзярагін, Дз.М.Гаркуноў і інш.
На Беларусі даследаванні па Т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це механікі металапалімерных сістэм і Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі, БДУ, гомельскім НВА «Трыбафатыка» і інш. (У.А.Белы, А.І.Свірыдзёнак, Ю.М.Плескачэўскі, М.І.Петракавец, В.Г.Саўкін, А.У.Белы, Л.А.Сасноўскі, П.М.Багдановіч, В.Я.Прушак і інш.).
Літ.:
Гаркунов Д.Н. Триботехника. 2 изд. М., 1989;
Костецкий Б.И. Трение, смазка и износ в машинах. Киев, 1970;
Икрамов У.А., Левитин М.А. Основы триботехники. Ташкент, 1984;
Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987;
Горячева И.Г., Добычин М.Н. Контактные задачи в трибологии. М., 1988;
Чихос Х. Системный анализ в трибонике: Пер. с англ.М., 1982;
Трибология: Исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993;
Богданович П.Н., Прушак В.Я. Трение и износ в машинах. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІНАЛО́ГІЯ (ад тэрмін + ...логія),
1) сукупнасць тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сукупнасць паняццяў. У больш шырокім сэнсе слова «Т.» ўжываюць для абазначэння агульнай сукупнасці тэрмінаў усіх галін дзейнасці.
2) Раздзел лексікалогіі, які вывучае тэрміны.
Лексічныя, семантычныя, семіятычныя (знакавыя) асаблівасці Т. кожнай галіны дзейнасці абумоўлены гісторыяй фарміравання сістэмы паняццяў гэтай галіны, спецыфікай абазначаемых паняццяў і станам іх сістэматызацыі. Так, лексічная асаблівасць мед. Т. — значная колькасць слоў лац. мовы, якія сталі інтэрнацыянальнымі. Семіятычная асаблівасць Т. фізікі, хіміі, матэматыкі — выкарыстанне побач з тэрмінамі-словамі і словазлучэннямі (вербальнымі тэрмінамі) літарных і лікавых абазначэнняў, сімвалаў. У Т. не павінна быць шматзначнасці, аманіміі, сінаніміі, аднак у практыцы тэрмінаўжывання і фарміравання тэрміналаг. сістэм гэтыя семантычныя асаблівасці маюць месца, што ў пэўнай ступені абмяжоўвае дакладнасць тэрмінаў. Т. ў шырокім сэнсе з’яўляецца спецыфічнай і параўнальна самаст. часткай у сістэме літ. мовы, узаемадзейнічае з агульналіт. лексікай і ўплывае на яе. З аднаго боку, у агульналіт. лексіку пранікаюць тэрміны грамадска важных і актуальных навук: сацыяльна-эканам., фізікі, біялогіі, медыцыны, касм. тэхнікі, кібернетыкі і інш.; яны — важны сродак маст. адлюстравання. З другога боку, тэрміналагізуюцца асобныя словы агульналіт. мовы і ўваходзяць у галіновыя Т.: «поле», «хваля», «напружанне» (у фізіцы), «кішэня», «галоўка», «башмак» (у тэхніцы), «апавяданне», «аповесць», «раман» (у літ.-знаўстве), «слова», «сказ» (у лінгвістыцы).
У 14—17 ст. у старабел. мове найб. пашырана грамадска-паліт. і юрыдычная Т. Яна зафіксавана ў помніках дзелавой пісьменнасці, пераважна ў Метрыцы Вялікага княства Літоўскага, што ўключае каля 600 кніг дакументаў ВКЛ. З 2-й пал. 17 ст. наступіў перапынак у функцыянаванні пісьмовай мовы, звязаны з выцясненнем бел. мовы польскай, а пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) — рус. мовамі. Развіццё тэрміналагічнай лексікі пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст., што звязана з выданнем бел. газет, часопісаў, альманахаў, календароў. Актыўная работа па распрацоўцы і ўпарадкаванні бел. Т. пачалася пасля 1917. Навук. асновы распрацоўкі бел. Т. закладзены Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, на базе якой засн. Інбелкульт. Пэўны ўклад у развіццё Т. зроблены Тэрміналагічнай камісіяй пры БелСЭ на чале з К.Крапівой. У 1980 пры АН Беларусі створана Рэсп. тэрміналагічная камісія, якая складаецца з 9 секцый і ўключае каля 180 вядучых вучоных розных галін ведаў. Камісія займаецца зборам і сістэматызацыяй навуковай Т., распрацоўкай тэарэт. пытанняў Т., падрыхтоўкай тэрміналагічных зборнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНЁСЛАЕ,
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае такі тып эстэтычных адносін да прыроды, грамадства і творчасці, калі аб’ект успрымаецца як вялікая, гераічная, духоўна значная з’ява, несувымерная са звычайнымі фактамі і падзеямі. Суадносіцца з прыгожым, гераічным і трагічным; процілеглае нізкаму, агіднаму і камічнаму. Ад гарманічнай суаднесенасці прыгожага адрозніваецца выяўленнем пазітыўнай неадпаведнасці — перавагі агульнага над прыватным, грамадскага над асабістым, духоўнага над цялесным. Адносна прыроды выяўляецца ў пачуццях высокага, магутнага і неабсяжнага. У грамадскім быцці служыць крытэрыем ацэнкі гераічных падзей і ўчынкаў, духоўнай стойкасці чалавека, яго самаахвярнасці ў барацьбе са злом. Як катэгорыя эстэт. свядомасці грамадства У. дамінуе на ўзыходных стадыях сац. развіцця: перыядах станаўлення этнасаў, нацый, рэліг. і грамадска-паліт. сістэм, новых цывілізацый. Для У. ў мастацтве характэрны манументальнасць кампазіцыі, высокі стыль, напружанасць сюжэта і адпаведныя выяўл. сродкі. З найб. паўнатой У. выявілася ў манум. жанрах архітэктуры, скульптуры і жывапісу, класічнай музыцы, араторыі, трагедыі і інш.
Катэгорыя У. шматгранна выявілася на этапах станаўлення бел. нацыі, дзяржаўнасці, нац. адраджэння 19—1-й пал. 20 ст. У сярэдневяковай маст. культуры яна была стылеўтваральным фактарам, адлюстроўваючы хрысц. светапогляд, згодна з якім Бог — крыніца дабра, праўды і прыгажосці. Асветнікі і творцы Адраджэння арыентаваліся на збліжэнне боскага і зямнога, гармонію душы і цела, грамадскіх і асабістых адносін, санкцыянаваных боскімі і прыроднымі законамі быцця (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі і інш.). У эстэтыцы барока і рамантызму раскрываліся супярэчнасці паміж матэрыяльна-цялесным і духоўна-творчым: высокае ў цялесным плане часам аказвалася нізкім у духоўным плане, а малое і нязначнае ў цялесным плане — У. і гераічным у духоўным.
Пачынальнікі новай бел. л-ры рамант. кірунку ўзвялі нац. фальклор у ранг высокага мастацтва (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). У творчасці класікаў бел. л-ры Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і іх паслядоўнікаў вызначыліся 2 тэндэнцыі ў ацэнцы рэальнасці: асуджэнне рэчаіснасці як агіднай і нізкай, з аднаго боку, і паэтызацыя нац. традыцый і гарманічных бакоў нац. побыту як прыгожага і У., з другога. У канцы 20 — пач. 21 ст. у еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, У. ў быцці і мастацтве выцеснена на ўзровень элітарнай культуры; у масавай культуры назіраюцца тэндэнцыі да зніжэння эстэт. крытэрыяў, дамінавання пацяшальнага мастацтва з арыентацыяй на камічнае і агіднае.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Дорошевич Э.К., Конон В.М. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛКЛЕ́НДСКІЯ (МАЛЬВІ́НСКІЯ) АСТРАВЫ́ (англ. Falkland Islands, ісп. Islas Malvinas),
уладанне Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна), на аднайм. архіпелагу ў паўд.-зах.ч. Атлантычнага акіяна. Пл. 12,2 тыс.км². Нас. 2,8 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г.Порт-Стэнлі. Афіц. мова — англійская.
Прырода. Складаецца з 2 буйных а-воў — Усх. Фолкленд (Саледад) і Зах. Фолкленд (Гран-Мальвіна) і каля 200 дробных астравоў. Выш. да 706 м (г. Адам на в-ве Зах. Фолкленд). Берагі моцна парэзаныя. Радовішчы нафты і газу (у шэльфавай зоне). Клімат акіянічны, халаднаваты, з моцнымі вятрамі і туманамі. Сярэднегадавыя т-ры не перавышаюць 10 °C, ападкаў 600—700 мм за год. Злакавыя лугі, пусткі і тарфяныя балоты. Шмат марскіх птушак.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — англічане і шатландцы. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 0,23 чал. на 1 км². Адзіны горад — Порт-Стэнлі (1,6 тыс.ж., 1998) на в-ве Усх. Фолкленд. Большая ч. насельніцтва занята ў жывёлагадоўлі.
Гісторыя. Адкрыты ў 1592 англ. капітанам Дж.Дэйвісам. У 1764 франц. мараплавец Л.А.Бугенвіль заснаваў на Усх. Фолклендзе франц. пасяленне, у 1765 англ. пасяленне ўзнікла на Зах. Фолклендзе. У 1767 франц., а ў 1770 англ. каланісты выгнаны іспанцамі, якія абвясцілі Ф.(М.)а. сваім уладаннем. У 1820 правы на Ф.(М.)а. заявіла Аргенціна і прызначыла туды свайго губернатара. У 1833 астравы захапіла Вялікабрытанія (з 1892 асобная яе калонія) і засяліла іх выхадцамі з Брытанскіх а-воў. У 1965 Аргенціна дамаглася ад ААН прызнання Ф.(М.)а. тэрыторыяй, якая падлягае дэкаланізацыі, нягледзячы на тое, што ў 1964 б.ч. жыхароў выказалася за захаванне папярэдняга статуса. Англа-аргенцінскія перагаворы пра статус Ф.(М.)а. не далі выніку. У 1982 Аргенціна гвалтоўна ўсталявала свой кантроль над Ф.(М.)а., што прывяло да Англа-аргенцінскага канфлікту 1982, які скончыўся перамогай брыт. войск і аднаўленнем над Ф.(М.)а. брыт. суверэнітэту.
Гаспадарка. Эканоміка грунтуецца на гадоўлі авечак (больш за 600 тыс. галоў штогод), вытв-сці воўны, футра, мяса. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу (каля 10 тыс. галоў), коней. Рыбалоўства і промысел марскога звера. Вырошчваюць авёс, агародніну (бульба, капуста, буракі, цыбуля). Ёсць ф-ка па сартаванні воўны і невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Транспарт марскі і паветраны. Ёсць узлётна-пасадачная паласа для цяжкіх самалётаў. Экспарт (7,6 млн.дол., 1995) воўны, скур, мяса; імпарт (24,7 млн.дол., 1995) паліва, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў, адзення. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Нідэрланды, Японія. Ф.(М.)а. — важная ваенна-стратэг. база Вялікабрытаніі ў Паўд. Атлантыцы. Грашовая адзінка — фалклендскі фунт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. physis прырода + ...логія),
навука, што вывучае працэсы жыццядзейнасці (функцыі) асобных сістэм, органаў, тканак, клетак жывёльных і расл. арганізмаў.
Ф. жывёл і чалавека падзяляюць на некалькі дысцыплін. Агульная Ф. даследуе прыроду працэсаў, агульных для арганізмаў розных відаў (напр., дзейнасць узбуджальных тканак, іх раздражняльнасць, узбуджэнне), а таксама агульныя заканамернасці рэакцыі арганізма і яго структур на ўздзеянне знешняга асяроддзя. Прадмет даследавання прыватнай спец. Ф. — вывучэнне асобных класаў і груп (напр., с.-г. жывёл, птушак), органаў або сістэм, функцыян. асаблівасцей арганізма ў спецыфічных умовах жыццядзейнасці і інш. Паталагічная Ф. вывучае заканамернасці развіцця і ход паталаг. працэсаў у арганізме. Ф. звязана з анатоміяй, гісталогіяй, цыталогіяй, эмбрыялогіяй, агульнай біялогіяй, біяхіміяй, біяфізікай і біёнікай, эталогіяй, псіхалогіяй, педагогікай, ветэрынарыяй і інш.
Як навука Ф. жывёл і чалавека ўзнікла ў 17 ст. (працы У.Гарвея, 1628). Асн. этапы: 17—18 ст. — адкрыццё рэфлекторнага прынцыпу дзейнасці арганізма (Р.Дэкарт), вывучэнне механізма дыхальных рухаў і прынцыпаў руху крыві (Дж.Барэлі), аналіз праменепраламлення вочных абалонак (К.Шэйнер), уяўленне хім. сутнасці працэсаў дыхання (А.Л.Лавуазье) і стрававання (Р.А.Рэамюр, Л.Спаланцані), адкрыццё біяэлектрычных з’яў (Д.Гальвані) У 19 ст. для развіцця Ф. вял. значэнне мелі адкрыцці ў арган. хіміі, клетачная і эвалюц. тэорыі, дасягненні ў фізіцы. Найб. дасягненні: устанаўленне нерв. механізма рэгуляцыі функцый унутр. органаў, стварэнне рэфлекторнай тэорыі нерв. дзейнасці (К.Бернар, І.М.Сечанаў, Ф.Мажандзі і інш.); даследаванні механізмаў сакрэцыі, усмоктвання, выдзялення (Р.Гейдэнгайн); распрацоўка асноў тэорыі зроку, слыху (Г.Л.Ф.Гельмольц) адкрыццё ўмоўных рэфлексаў і распрацоўка вучэння аб вышэйшай нерв. дзейнасці (І.П.Паўлаў). У 20 ст. створана вучэнне аб вегетатыўнай нерв. сістэме (Дж.Ленглі), сфармулявана ўяўленне пра гамеастаз (У.Кенан), даследавана адаптацыйна-трафічная функцыя сімпатычнай нерв. сістэмы (Л.А.Арбелі), створана вучэнне пра дамінанту (А.А.Ухтомскі), вызначаны асн. прынцыпы інтэгратыўнай функцыі мозга (Ч.С.Шэрынгтан).
На Беларусі даследаванні па Ф. жывёл і чалавека пачаліся ў 1922 у БДУ (Л.П.Розанаў). Асн.навук. цэнтры: Ін-т фізіялогіі Нац.АН Беларусі, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед.ін-т, Гомельскі ун-т. Вял. ўклад у развіццё Ф. зрабілі М.І.Арынчын, А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, І.А.Вятохін, М.І.Грашчанкоў, В.М.Гурын, А.С.Дзмітрыеў, І.К.Жмакін, А.П.Кесарава, У.М.Калюноў, А.А.Логінаў, У.У.Салтанаў, Г.С.Юньеў і інш. Даследуюцца цэнтр. і перыферычныя механізмы тэрмарэгуляцыі, заканамернасці дзейнасці вегетатыўнай нерв. сістэмы ў норме і ва ўмовах экстрэмальных фактараў навакольнага асяроддзя і інш.
Літ.:
Шмидт-Ниельсен К. Физиология животных: Приспособление и среда: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1982;
Очерки истории физиологических наук в СССР: Истоки и особенности развития. Л., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ВУСКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтр. частцы Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 16.9.1959). Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 24,1 тыс.чал. (2003), гарадскога 46,1%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Чавусы. Раён уключае 168 сельскіх нас. пунктаў, 10 сельсаветаў: Антонаўскі, Благавіцкі, Вайнілаўскі, Ваўкавіцкі, Гарбавіцкі, Дужаўскі, Жаліўскі, Прудкоўскі, Пуцькаўскі, Цемравіцкі. Большая ч.тэр. раёна забруджана радыенуклідамі (1—5 Ku/км², месцамі да 15 Ku/км²).
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая з комплексам западзінных мікраформ. Пераважаюць выш. 150—190 м (87%). Найвыш. пункт 203 м (на ПдУ ад в. Новааляксандраўка). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,7 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 642 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб.р. Проня з прытокамі Бася і Раста (з Рудзеяй, Беліцай і Плясной). Вадасховішча на р. Рудзея. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (63,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,4%), тарфяна-балотныя (11,7%) і інш. Пад лесам 31,5% тэр.Найб. лясныя масівы на Пн (у міжрэччы Басі і Проні) і У (левабярэжжа Проні). У складзе лясоў хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, чорна- і шэраальховыя. Штучныя лесанасаджэнні каля 4%, пераважна хвойныя. Пад балотамі 2,2% тэр. У межах раёна біял. заказнік мясц. значэння (бабры) каля в. Брады; ахоўныя тарфянікі Азярышча, Барадзілаўскае-Крамянец, Бярозавае, Каралеўшчына, Рабяткі. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Чавусы, валуны каля в. Брады і Новааляксандраўка, участак лесу «Ялова» ў Мокрадскім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 88,2 тыс.га, з іх асушаных 11,8 тыс.га. На 1.1.2003 у раёне 22 калгасы, 1 саўгас, 5 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, зернебабовых, рапсу, лёну, бульбы, агародніны. Прадпрыемствы прам-сці: буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла), харч. (масла, сыры, цэльнамалочныя прадукты, сушаная агародніна), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно, траста), кааператыўнай. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Магілёў—Чавусы—Крычаў, аўтадарогі: Магілёў—Слаўгарад, Магілёў—Чавусы—Мсціслаў, Магілёў—Чавусы—Чэрыкаў. У раёне 16 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пачатковыя школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, дзіцячая спарт. школа, раённы Дом культуры, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 26 фельч.-ак. пунктаў. Санаторыі «Зара», «Раста». Раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Благавічы. Выдаецца газ. «Іскра».