СУРДАПЕДАГО́ГІКА (ад лац. surdus глухі + педагогіка),

галіна дэфекталогіі, якая даследуе заканамернасці і асаблівасці выхавання, навучання і карэкцыі развіцця дзяцей з парушэннем слыху (глухіх і са слабым слыхам). Цесна звязана з агульнай педагогікай, алігафрэнапедагогікай, лагапедыяй, псіхалогіяй, сурдапсіхалогіяй і інш.

Першыя выказванні пра магчымасць навучання глухіх дзяцей сустракаюцца ў творах Арыстоцеля. У 16 ст. італьян. вучоны Дж.​Кардана выказаў меркаванне пра магчымасць засваення мовы з дапамогай яе пісьмовай формы. У Іспаніі рабіліся спробы навучання з выкарыстаннем дактылалогіі. У 1620 у Мадрыдзе выдадзены першы метадычны дапаможнік для навучання глухіх дзяцей «Аб прыродзе гукаў і майстэрстве навучыць глуханямога гаварыць» Х.​П.​Банета. Тэарэтычнымі распрацоўкамі праблем С. ў розны час займаліся І.​Аман (Нідэрланды), К.​Маліш, І.​Фатэр (Германія), Ш.​Эпе (Францыя), А.​І.​Дзьячкоў, С.​А.​Зыкаў, М.​М.​Лагоўскі, Ф.А. і Ф.Ф. Раў, В.​І.​Флеры, П.​Дз.​Янько і інш. (Расія).

На Беларусі даследаванні ў галіне С. вядуцца з 1960-х г. (І.​М.​Бобла, В.​В.​Дзюрыч, Т.​Л.​Ляшчынская). З 1970-х г. пачалі распрацоўвацца развіццёвыя тэхналогіі (Т.​І.​Абухава, Т.​А.​Грыгор’ева, С.​Ф.​Лявяш), з 1990-х г. — праблемы выкарыстання жэставага маўлення (Грыгор’ева, Л.​С.​Дзімскіс, І.​К.​Фамянок) і інш. Першае вучылішча для глухіх дзяцей адкрыта ў Мінску ў 1888. У 1896 І.​В.​Васютовіч заснаваў вучылішча ў Віцебску. Існавалі яны на дабрачынныя сродкі. У 1925 у Мсціславе пачаў працаваць т.зв. Ін-т глуханямых (пасля пераўтвораны ў школу), куды былі пераведзены навучэнцы з Мінскага і Віцебскага вучылішчаў. Выкладалі ў іх пераважна выпускнікі навуч. устаноў Масквы і Пецярбурга. У дзярж. сістэме спец. адукацыі Рэспублікі Беларусь для дзяцей з парушэннямі слыху дзейнічаюць Рэсп. цэнтр рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі слыху ў Мінску, дашкольныя аддзяленні ў Віцебску і Пінску, дзіцячы сад у Гомелі, групы ў дзіцячых садах у Брэсце, Гродне, Магілёве, Мазыры, дзіцячы дом у Бабруйску, школы ў Ашмянах, Бабруйску, Віцебску, Гарадзеі, Гомелі, Гродне, Ждановічах, Кобрыне, Мінску, Мсціславе, Пінску, Поразаве, Рэчыцы; існуюць інтэграваныя класы для дзяцей з парушэннем слыху (школа № 91, г. Мінск), класы з інтэграваным навучаннем у агульнаадук. школах і інш. (гл. Беларускае таварыства глухіх). Практыкуецца таксама індывідуальнае навучанне. Сурдапедагогаў рыхтуе Бел. пед. ун-т.

Літ.:

Выхаванне дзяцей з парушаным слыхам. Мн., 1996;

Григорьева Т.А. Развивающее обучение детей с нарушенным слухом. Мн., 2000;

Обухова Т.И. Основы дошкольной сурдопедагогики. Мн., 2001.

Т.​А.​Грыгор’ева.

т. 15, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)