СПА́РТА (Spartē), Лакедэмон,

старажытнагрэчаскі поліс у даліне р. Эўрот (вобл. Лаканія), у 6—1 ст. да н.э. — дзяржава ў паўд. частцы п-ва Пелапанес. Да 13 ст. да н.э. на тэр. С. знаходзіліся мікенскія паселішчы. Паводле паэмы «Іліяда» С. была адной з 12 ахейскіх абшчын Лаканіі, якімі валодаў цар Менелай. У час уварвання дарыйцаў (каля 12 ст. да н.э.) мікенскія гарады, у т. л. і С., разбураны. Новая, дарыйская, С. ўзнікла ў 10—9 ст. да н.э., верагодна, у выніку зліцця (сінайкізму) ахейскай і дарыйскай абшчын. С. належала да аграрных полісаў — паселішчаў без гарадскіх муроў. Уся зямля была падзелена на 9—10 тыс. клераў (надзелаў) і перадавалася ў спадчыннае карыстанне сем’ям спартыятаў (паўнапраўных грамадзян). Зямлю апрацоўвалі бяспраўныя ілоты. Гандлем і рамяством у С. займаліся перыэкі (асабіста свабодныя, але пазбаўленыя паліт. правоў).

Спартыяты займаліся толькі ваен. справай, выхоўвалі дзяцей ва ўмовах суровага быту і жорсткай ваен. дысцыпліны (гл. Спартанскае выхаванне). Выезд па-за межы С. быў магчымы толькі па спец. дазволе. На чале дзяржавы стаялі 2 цары, уладу якіх абмяжоўвалі герусія (рада старэйшын) і калегія эфораў (выбіраліся штогод на нар. сходзе — апэле). У грэч. каланізацыі С. практычна не ўдзельнічала. У 8—6 ст. да н.э. пасля працяглай барацьбы С. захапіла суседнія вобласці Месенію і Кінурыю. У выніку барацьбы з Аргасам, Тэгеяй і інш. полісамі ў 2-й пал. 6 ст. да н.э.

С. ўзначаліла Пелапанескі саюз. У пачатку грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. яна фармальна стаяла на чале абарончага саюза грэч. дзяржаў, але паступова выйшла з вайны. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. С. дамаглася гегемоніі над усёй Грэцыяй. Падтрымка алігархічных рэжымаў, умяшанне ва ўнутр. справы грэч. полісаў прывялі да Карынфскай вайны 395—387 да н.э. У вайне з Фівамі і іх саюзнікамі С. была пераможана і страціла Месенію. У 362 да н.э. Пелапанескі саюз распаўся. Спробы цароў Агіса IV і Клеамена III у 3 ст. да н.э. правесці сац. рэформы і аднавіць магутнасць С. скончыліся беспаспяхова. У 146 да н.э. С. трапіла пад уладу Рыма, з 27 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Ахая. У 395 н.э. разбурана готамі.

Літ.:

Андреев Ю.В. Спарта как тип полиса // Античная Греция: Пробл. развития полиса. М., 1983. Т. 1;

Корзун М.С. Гісторыя старажытнай Грэцыі. Мн., 1999;

Печатнова Л.Г. История Спарты: (Период архаики и классики). СПб., 2001.

А.​Г.​Зельскі.

Да арт. Спарта. Спартанскі гапліт у 500 да н.э. Рэканструкцыя.
Да арт. Спарта. Бронзавая статуэтка спартанскага воіна. Канец 6 ст. да н.э.

т. 15, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)