СТЫЛІ́СТЫКА,
раздзел мовазнаўства, які вывучае стылі мовы, нормы і спосабы выкарыстання моўных адзінак у залежнасці ад зместу і мэты выказвання, сітуацыі і сферы зносін. У С. гістарычна склаліся і развіваліся 3 асн. кірункі: С. рэсурсаў (апісальная), С. маўлення (функцыянальная), С. мастацкай літаратуры. Першыя 2 кірункі аб’ядноўвае лінгвастылістыка, 3-і кірунак — літаратуразнаўчая С.
Вылучаюць С.: практычную (абгрунтоўвае нормы выкарыстання сінанімічных сродкаў літаратурнай мовы ў залежнасці ад зместу і формы зносін), успрымання (даследуе спосабы адэкватнага ўспрымання вобразна-выяўл. сродкаў літ.-маст. твора), параўнальную С. (вывучае ў параўнальным плане стыліст. сістэмы 2 або некалькіх моў, пераважна блізкароднасных), тэкставую (вывучае выяўл. магчымасці тэксту і разглядае яго як семантычна, функцыянальна і структурна завершанае адзінства).
Гал. задача лінгвастылістыкі — вывучэнне заканамернасцей функцыянавання мовы ў розных сферах зносін, якія адпавядаюць пэўнаму віду дзейнасці, сістэмнасці функцыян. стыляў і інш. функцыян.-стылявых разнавіднасцей, прынцыпаў адбору і спалучэння ў іх моўных сродкаў. Важнае месца ў ёй належыць пытанням лексічнай, фразеалагічнай і грамат. сінанімікі, стыліст. афарбоўкі моўных адзінак.
Вылучаюць 2 віды стыліст. афарбоўкі: эмацыянальна-экспрэсіўны (выражэнне эмоцый — урачыстасці, знявагі, пяшчоты, іроніі, фамільярнасці і інш.) і функцыянальна-стылістычны (выкарыстанне ў пэўным стылі навук. тэрмінаў, дыялектызмаў, прастамоўнай лексікі і інш.). Традыцыйна ў С. ўключаюць пытанні пра слоўныя вобразныя сродкі (тропы і сродкі экспрэсіўнага сінтаксісу — рытарычныя фігуры).
Цэнтр. паняцце С. — стыль. Гал. аб’ект яе вывучэння — функцыян. стыль мовы — грамадска ўсвядомленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў у пэўнай сферы грамадскай дзейнасці (навук., справавой, публіцыстычнай і інш.). Літаратуразнаўчая С. вывучае мову літ.-маст. твора ў яе суадносінах з вобразнай структурай і ідэйна-тэматычным зместам твора. Гал. прынцып яе вывучэння — сувязь мовы і думкі, што злучае літ.-знаўчую С. з паэтыкай і эстэтыкай слова. На Беларусі навук. працы па аналізе мовы і С. твораў маст. л-ры паявіліся ў 1920-я г. (Я.І.Барычэўскі, П.А.Бузук, А.М.Вазнясенскі, М.І.Гарэцкі, М.М.Піятуховіч). У 2-й пал. 20 ст. выдадзены шэраг манаграфій па С. і культуры маст. слова (І.Я.Лепешаў, Т.П.Сцяшковіч, М.Я.Цікоцкі, Ф.М.Янкоўскі і інш.).
Літ.:
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 2 выл. Мн., 1987;
Булахов М.Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков. Мн., 1979;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;
Лепешаў І.Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы. Мн., 1984;
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1995.
М.Я.Цікоцкі.
т. 15, с. 226