Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл.партыі. Парадак дня: справаздача ЦККП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКККП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр.рэвіз. камісію з 7 чал.
Літ.:
Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦКТ. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТАТУ́РА,
1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызмі г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст.партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.
2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.
Літ.:
Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;
Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;
Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);
Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПЯРО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (22.5.1900, в. Ізабалёва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. —26.12.1937),
бел. краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец. Вучыўся ў Мінскім бел.пед. ін-це (1918—20), БДУ (1921—22). Скончыў Мінскі ін-тнар. асветы (1921). У 1917—21 настаўнічаў у Ігуменскім пав., у 1919—20 інструктар Часовага бел.нац.к-та і Цэнтр.бел. Школьнай рады, арганізатар і 1-ы старшыня ігуменскіх павятовых бел.нац.к-та і школьнай рады. Член арг-цый «Маладая Беларусь», Мінскага т-ва гісторыі і старажытнасцей, партыібел. эсэраў (у 1918—24). З 1921 інструктар Наркамасветы БССР. З 1922 інспектар Слуцкага, з 1924 — Віцебскага аддзелаў нар. асветы. З 1926 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага час.«Наш край». У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў. З 1935 выкладаў у Новасібірску. У 1937 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 і 1960. Пісаў пра гісторыю краязнаўства на Беларусі, яго задачы і методыку, даследаваў гісторыю бел.выяўл. мастацтва, архітэктуру: артыкулы «Беларускае малярства ў Польшчы» (1925), «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства» і «Мінск у графіцы А.М.Тычыны» (абодва 1927) і інш. Аўтар нарысаў па гісторыі тэатра, навукі: «Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго» (1927), «Беларуская культура: Да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР» (1928), «Уладзіслаў Галубок» (1929). Склаў бібліяграфію твораў К.Каганца, даследаваў асобныя праблемы развіцця бел. л-ры: артыкулы «Матывы барацьбы ў творчасці М.Багдановіча» (1927), «Беларуская літаратура ў Латвіі» (1928). Укладальнік першага бел. дапаможніка па тэорыі л-ры «Узоры для літаратурных гурткоў пры «Маладняку» і гурткоў селькораў» (1927). Выдаў «Беларуска-расійскі слоўнічак» (1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» і «Слоўнічак уласных найменняў» (1927).
Тв.:
Беларуская архітэктура. Віцебск, 1925;
Матэрыялы для вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Мн., 1927;
Краязнаўства. Мн., 1929.
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 141—162.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́О ЦЗЭДУ́Н (26.12.1893, в. Шаашань, правінцыя Хунань, Кітай — 9.9.1976),
кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў пед. вучылішча ў г. Чанша (1918). У 1920 далучыўся да камуніст. руху, заснаваў у г. Чанша т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). З 1921 сакратар Хунаньскага к-таКПК. Чл.ЦККПК (1923—25, з 1928), Палітбюро ЦК (з 1933). У час Кітайскай рэвалюцыі 1924—27 узначальваў Камісію ЦККПК па сял. руху; выказаў тэзіс, што рухаючай сілай рэвалюцыі ў Кітаі з’яўляецца сялянства, а не пралетарыят. Пасля перавароту Чан Кайшы ўзначаліў у 1927 паўстанне «восеньскага ўраджаю» ў Хунані. У 1928 сумесна з Чжу Дэ стварыў у гарах Цзінганшань 4-ы корпус кіт. Рабоча-сял. чырвонай арміі, яго паліткамісар. Старшыня ЦВК і Савета нар. камісараў Кіт.Сав. Рэспублікі (1931). У 1934—35 кіраваў паходам Чырв. Арміі на Паўн. Захад Кітая. Сакратар ЦККПК (1935), старшыня ЦККПК (з 1943). На 7-м з’ездзе КПК (1945) «ідэі Мао Цзэдуна» былі абвешчаны асновай ідэалогіі КПК. Пасля абвяшчэння 1.10.1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР) старшыня Цэнтр.нар. ўрадавага савета КНР і Нар.-рэв.ваен. савета КНР. З 1954 старшыня КНР і Дзярж.к-та абароны КНР. З 2-й пал. 1950-х г. абвінаваціў кіраўніцтва СССР у «рэвізіянізме», і пагоршыў адносіны з СССР. У 1958 абвясціў курс «трох чырвоных сцягоў» і палітыку «вял. скачка». Пасля правалу «вял. скачка» пакінуў пасаду старшыні КНР (1959). У 1966 пачаў «культурную рэвалюцыю», у ходзе якой пазбавіўся ад сваіх паліт. апанентаў у КПК і ўрадзе. На 9-м з’ездзе КПК абвешчаны яе пажыццёвым старшынёй (1969).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—4. М., 1952—53.
Літ.:
Бурлацкий Ф.М. Мао Цзе-дун: «Наш коронный номер — это война, диктатура...». М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫ́ЗМ, нацыянал-сацыялізм,
германская разнавіднасць фашызму, паліт. рух, ідэалогія і дзярж. рэжым Германіі ў 1933—45. Узнік пасля 1-й сусв. вайны ва ўмовах усебаковага крызісу Веймарскай рэспублікі на базе фаш. руху, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі дробнай буржуазіі, былыя вайскоўцы, беспрацоўныя, частка моладзі і інтэлігенцыі. Узначальвалі рух А.Гітлер і Нацыянал-сацыялісцкая партыя. Праграма руху створана ў 1920 Г.Федэрам, выкладзена Гітлерам у кн. «Мая барацьба» (1925) і А.Розенбергам у кн. «Міфы 20 стагоддзя» (1930). Пасля прыходу фашыстаў да ўлады у 1933 пашырыўся створаны на прускі ўзор бюракратычны дзярж. апарат за кошт тэрарыстычна-паліцэйскіх фарміраванняў, органаў кіравання эканомікай і арміяй, структур для вядзення нацысцкай прапаганды, уздзеяння на культуру і асвету ў адпаведнасці з догмамі нацысцкай ідэалогіі. Прыхільнікі нацыянал-сацыялізму, якія на словах апелявалі да гіст. вопыту, нац.-культ. традыцый германскага народа, абвясцілі культ грубай фіз. сілы, падпарадкавання, паслушэнства. У аснову адносін з народамі свету была пакладзена расавая тэорыя (гл.Расізм), паводле якой некаторыя народы (яўрэі, цыганы, б.ч. славян) падлягалі фіз. знішчэнню, што, на думку гітлераўцаў, з’яўлялася перадумовай стварэння «ідэальнай Германіі». Пад уплывам сваіх ідэалаг. догмаў Н. развязаў 2-ю сусв. вайну. Унутры Германіі псеўданац. фразеалогія нацыянал-сацыялістаў прыкрывала ўсталяванне сістэмы жорсткага дзярж.-манапалістычнага рэгулявання эканомікай і ўсім грамадскім жыццём, палітыкай мілітарызацыі краіны, падрыхтоўкай і вядзеннем захопніцкіх войнаў. Былі скасаваны аўтаномныя правы суб’ектаў герм. федэрацыі — зямель, а Германія ператворана ва унітарную дзяржаву; караліся любыя праяўленні апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Пасля ўстанаўлення нацысцкай дыктатуры былі забаронены паліт.партыі і дэмакр. аб’яднанні, у т. л. прафсаюзы; створана сетка канцэнтрацыйных лагераў. З канца 1930-х г.фаш. агрэсія прывяла да распаўсюджвання нацысцкіх парадкаў і дзейнасці рэпрэсіўнага апарата на акупіраваныя краіны. Паражэнне фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне (1945) паклала канец панаванню Н. Былі пакараны гал. гітлераўскія злачынцы, прынята рашэнне пра ажыццяўленне дэнацыфікацыі. Праява адраджэння крайне нацыяналістычных рухаў, ідэалагічна звязаных з Н., атрымала назву неанацызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя, якую кантралявалі партызаны. На тэр. Беларусі ўвосень 1941 утварыліся першыя П.з. — Акцябрска-Любанская і Клічаўская, у 1942 — Суражская, Івянецка-Налібоцкая, Расонска-Асвейская, Сенненска-Аршанская, Полацка-Лепельская, у пач. 1943 — Барысаўска-Бягомльская. Паводле звестак БШПР, на канец 1943 партызаны кантралявалі 108 тыс.км² (58,4% акупіраванай тэрыторыі), у т. л. 37,8 тыс.км² было ачышчана ад захопнікаў поўнасцю. Сумеснымі намаганнямі бел., рус., укр., латышскіх, літоўскіх партызан былі створаны П.з. ў раёнах Беларусі і сумежных з ёю рэспублік. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партыз. краі: у чатырохвугольніку Алеўск—Оўруч (Украіна)—Мазыр—Тураў Гомельскай вобл. (14 раёнаў, больш за 200 тыс.чал.); на стыку БССР, РСФСР і Латвіі (пл. 10 тыс.км²); у міжрэччы Дняпра, Прыпяці, Дзясны; пры зліцці Акцябрска-Любанскай, Ленінскай, Слуцка-Капыльскай П.з. (больш за 18 раёнаў, пл. каля 8 тыс.км²). У П.з. часта перасяляліся цэлымі вёскамі жыхары з занятай ням. фашыстамі тэрыторыі. Дзейнасцю і абаронай насельніцтва на тэр. зон кіравалі падп. абкомы, міжрайкомы, райкомы партыі, якія тут і дыслацыраваліся, і абапіраліся на ўзбр. сілы партызанскіх злучэнняў. У многіх раёнах дзейнічалі выканкомы Саветаў дэп. працоўных. Ролю органаў сав. улады выконвалі найчасцей партыз. атрады, спец. створаныя імі камендатуры, якія падтрымлівалі парадак у нас. пунктах, вырашалі гасп. пытанні, арганізоўвалі групы самаабароны. Насельніцтва дапамагала партызанам у баявой дзейнасці, зборы і рамонце зброі, арганізацыі побыту, даглядала параненых і хворых. З дапамогай байцоў жыхары сеялі, убіралі, хавалі збожжа ад ворага. На тэр. П.з. партызаны прымалі самалёты з Вял. зямлі, рыхтавалі рэзервы, адзначалі сав. святы, праводзілі мітынгі і сходы, наладжвалі канцэрты маст. самадзейнасці, прагляды кінафільмаў, прысланых з сав. тылу; у некат. зонах працавалі сав. школы. Партызаны пастаянна вялі баі з карнікамі. У перыяд вызвалення Беларусі існаванне П.з. перашкаджала праціўніку арганізаваць трывалую абарону, што спрыяла наступленню Чырв. Арміі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (Расціслаў Пятровіч) (н. 15.4.1930, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. гісторык, публіцыст. Д-ргіст.н. (1982), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, камсам. і парт. органах, мінскіх ВНУ. У 1973—80 сакратар Мінскага абкома КПБ, у 1980—91 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦККПБ. З 1992 у Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, з 1999 нам. дырэктара ін-та, старшыня Археагр. камісіі Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь, з 2000 гал. рэдактар «Беларускага археаграфічнага штогодніка». Даследуе праблемы дзярж. будаўніцтва, паліт. гісторыі Беларусі, КПБ, барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Працуе ў галіне крыніцазнаўства і практычнай археаграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Старонкі гісторыі Кампартыі Беларусі: меркаванні, аргументы, факты» (1990), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944)» (1995), «Дзяржаўнасць Беларусі: Праблемы фарміравання ў праграмах палітычных партый» (1999), «Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і цэнтральнага кіравання БССР (1965—1991 гг.)» (ч. 1—3, 2000), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000) і інш.Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1980—89.
Тв.:
Пропаганда научного атеизма: Ист.-социол. исслед. на материалах Компартии Белоруссии. Мн., 1982;
Авангардная сила советского общества. Мн., 1986;
На крутом переломе: Очерк основных направлений деятельности Компартии Белоруссии по осуществлению перестройки Мн., 1989 (разам з Ю.П.Смірновым);
Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзян. пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-паліт. дыктату ў Беларусі 20—30-х гг.Мн., 1996;
Лёсы: Гіст.-дак. нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30-х гг.Мн., 1998;
На крутым павароце: Ідэолага-паліт. барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг.Мн., 1999;
Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. Мн., 2000.
Літ.:
Р.П.Платонаў: (Да 70-годдзя з дня нараджэння): Бібліягр. паказ. Мн., 2000;
Міхальчанка А. і інш. Вучоны, грамадскі дзеяч, журналіст // Бел.гіст.часоп. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛСУ́ДСКІ ((Piłsudski) Юзаф Клемент) (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),
польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас. імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч.тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл.Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш.дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.—снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр.нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.
Тв.:
Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;
Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;
Рус.пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;
Пилсудский Ю. Война 1920 г.М., 1992.
Літ.:
Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;
Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;
Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;
Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км². Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт.партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр.партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт.партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.