НАДЗЕ́ЖДЗІНА (Надзея Сяргееўна) (3.6.1908, Вільня — 11.10.1979),

расійская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1978). Скончыла Дзярж. балетную школу ў Петраградзе (1924, педагогі М.Легат, А.Ваганава). У 1925—34 артыстка Вял. т-ра ў Маскве. З 1943 балетмайстар, у 1946—48 маст. кіраўнік балетнага аддзялення Масэстрады і адначасова (з 1945) Рус. нар. хору Калінінскай філармоніі. Выконвала сольныя партыі і характарныя танцы ў балетах «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Дон Кіхот» Л.Мінкуса, «Чырвоны мак» Р.Гліэра, «Раймонда» А.Глазунова і інш. Арганізатар (1948), маст. кіраўнік і пастаноўшчык праграм акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка». Стварыла новы стыль у харэаграфіі, заснаваны на сінтэзе танц. фальклору і школы класічнага танца. Сярод пастановак, прасякнутых рамант. паэтычнасцю і высакароднасцю — «Лябёдачка», «Бярозка», «Карусель», «Пралля», «На восеньскім кірмашы», «Паўночнае ззянне», «Сібірская сюіта» і інш. Аўтар кн. «Рускія танцы» (1951), артыкулаў па праблемах танц. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль Міру імя Жаліо Кюры 1959.

Літ.:

Чижова А.Э. «Березка». М., 1972.

Н.С.Надзеждзіна.

т. 11, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)