ПЕРО́ ((Perrot) Жуль Жазеф) (18.8.1810, г. Ліён, Францыя — 24.8.1892),
французскі артыст балета, балетмайстар; прадстаўнік рамант. стылю. Вучыўся класічнаму танцу ў А.Вестрыса. У 1830 дэбютаваў у Лондане. У 1830—35 выступаў у Парыжскай оперы. З 1834 гал. балетмайстар лонданскага Каралеўскага т-ра, дзе паставіў балеты «Аўрора», «Ундзіна, або Наяда» (абодва 1843), «Эсмеральда» (1844), «Эаліна, або Дрыяда» (1845), «Катарына, дачка разбойніка» (1846), «Чатыры пары года» (1848; усе Ц.Пуні). У 1848 у Мілане паставіў балет «Фауст» Дж.Паніцы, М.Косты і Дж.Баеці (т-р «Ла Скала»), У 1848—59 танцоўшчык і гал. балетмайстар у С.-Пецярбургу; ставіў балеты на сцэне пецярб. Вял. т-ра і выканаў у іх партыі Кола («Вайна жанчын, або Амазонкі дзевятага стагоддзя»), Зінгара («Газельда, або Цыганы»), Маркабомбы (аднайм. балет), Перыфета («Мармуровая прыгажуня»; усе Пуні) і інш. Сцвярджаў дзейсны характар танца, прыёмамі харэагр. пластыкі ствараў моцныя яркія сцэн. характары. Ставіў балеты на фантаст. сюжэты і ў жанры сац.-любоўнай драмы.
Т.М.Мушынская.
т. 12, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)