ВА́ГНЕР (Wagner) Вільгельм Рыхард (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),
нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз.т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн.тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас.-эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.
Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф.арк.; хары, рамансы, фп. п’есы.
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.
Літ.:
Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;
Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч.М., 1953. Т. 2;
Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;
Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;
Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;
Галь Г. Брамс;
Вагнер;
Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;
Рихард Вагнер: Сб. ст.М., 1987;
Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;
Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;
Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;
Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;
Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦАРТ (Mozart) Вольфганг Амадэй (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),
аўстрыйскі кампазітар; прадстаўнік венскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтры маст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры яго інстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.К.Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л. каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.
Літ.:
Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;
Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;
Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯХА́НАЎ Георгій Валянцінавіч (112.1856, с. Гудалаўка, цяпер Краснінскі р-н Ліпецкай вобл., Расія —30.5.1918),
расійскі паліт. дзеяч, тэарэтык сацыялізму, заснавальнікрас.сацыял-дэмакратыі. Вучыўся ў Горным ін-це (С.-Пецярбург, 1874—76). У 1876 чл. народніцкага гуртка «бунтароў» (паслядоўнікаў М.А.Бакуніна). З ліп. 1877 чл. кіраўніцтва «Зямлі і волі». вёў працу сярод рабочых. Пасля расколу «Зямлі і волі» (1879) лідэр «Чорнага перадзелу». У 1879 наведаў Мінск, дзе выдаваліся падп. чорнаперадзельскія газеты «Черный передел», «Зерно» і пракламацыі. З 1880 у эміграцыі; у сваіх ідэйных пошуках паступова схіляўся да марксізму. У 1883 засн. групу «Вызваленне працы», якая набыла ў Жэневе друкарню А.Трусава, прапагандавала марксізм на тэр.Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У працах «Сацыялізм і палітычная барацьба» (1883) і «Нашы рознагалоссі» (1885) П. з марксісцкіх пазіцый крытыкаваў тэорыю і практыку народніцтва. Тэарэт. распрацоўкі П. высока цаніў Ф.Энгельс. Працы «Анархізм і сацыялізм» (1894), «Да пытання аб развіцці маністычнага погляду на гісторыю» (1895) і «Да пытання аб ролі асобы ў гісторыі» (1898) былі ўкладам у тэорыю гістарычнага матэрыялізму. П. — удзельнік устаноўчага кангрэсу Інтэрнацыянала 2-га (1889, Парыж), чл.Міжнароднага сацыялістычнага бюро (з 1900). У палеміцы з Э.Бернштэйнам адстойваў неабходнасць сацыяліст. рэвалюцыі і магчымасць навук. сацыялізму, але пагаджаўся з ім у тым, што «на блізкае ажыццяўленне сацыялістычнага ідэалу... нельга разлічваць». З 1900 адзін з арганізатараў і чл. рэдакцыі газ.«Искра», актыўны ўдзельнік распрацоўкі праграмы Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), змагаўся супраць «эканамізму». На 2-м з’ездзе РСДРП (1903) абраны чл. рэдакцыі газ. «Искра» (Цэнтр. органа партыі) і старшынёй Савета партыі. Пасля з’езду адзін з лідэраў меншавікоў. У час рэвалюцыі 1905—07 палемізаваў з бальшавікамі, якія лічылі буржуазію і лібералаў рэакцыйнай сілай, крытыкаваў іх за Снежаньскае ўзбр. паўстанне 1905, якое лічыў непадрыхтаваным, за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу, адстойваў праграму муніцыпалізацыі зямлі. У час існавання трэццячэрвеньскага палітычнага рэжыму прадказваў паўтарэнне рэвалюцыі ў недалёкім будучым, крытыкаваў «ліквідатараў» (прыхільнікаў ператварэння РСДРП ў легальную рэфармісцкую партыю). У працах «Асноўныя пытанні марксізму» і «Ваяўнічы матэрыялізм» (1908) дапоўніў тэорыю гіст. матэрыялізму палажэннем аб сац.-псіхал. кампаненце грамадскай свядомасці як звяне паміж сац.-паліт. ладам і ідэалаг. надбудовай, адстойваў філас. матэрыялізм, крытыкаваў прыхільнікаў эмпірыякрытыцызму ў кіраўніцтве РСДРП. У 1-ю сусв. вайну стаяў на пазіцыях абаронніцтва і сац.-патрыятызму. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Выступіў супраць абвешчанага У.І.Леніным у крас. 1917 курсу на сацыяліст. рэвалюцыю. Зыходзячы з марксісцкай тэорыі эканам. эвалюцыі, П. лічыў, што «сацыялістычны лад мае на ўвазе па меншай меры дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл...; 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны» і таму называў ленінскія планы сацыяліст. пераўладкавання тагачаснай Расіі «несумненнай і вельмі шкоднай утопіяй». Прыхільнік захавання тэр. цэласнасці Расіі і вядзення вайны да пераможнага канца. Цяжка хворы П. узначальваў с.-д. арг-цыю «Адзінства», выступаў як публіцыст у яе газ. «Единство». Кастр. рэвалюцыю 1917 успрыняў адмоўна.
Тв.:
Соч.Т. 1—24. М.; Л., 1923—27;
Философско-литературное наследие Г.В. Плеханова. Т. 1—3. М., 1973—74.
Літ.:
Тютюкин С.В. Г.В.Плеханов: Судьба рус. марксиста. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАКГО́ЛЬМ (Stockholm),
горад, сталіца Швецыі. Знаходзіцца ў сярэдняй частцы краіны, на берагах пратокі Норстрэм, якая злучае воз. Меларэн з зал. Сальтшэн Балт. мора. Адм. ц.аднайм. лена. 1583 тыс.ж. з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт краіны. Міжнар. аэрапорт Арланда. Гал.эканам. і культ. цэнтр, прыпадае 10% прамысл. вытв-сці краіны. У С. знаходзяцца буйнейшыя банкі, праўленні вядучых прамысл. канцэрнаў і гандл. кампаній Швецыі. Прам-сць: маш.-буд. (эл.-тэхн., радыёэлектроннае, абсталяванне для харч. прам-сці, транспартнае), паліграф., харч., лёгкая, фармацэўтычная, хімічная. Метрапалітэн. АН. Ун-т. Стакгольмскі міжнар.ін-т даследаванняў праблем міру.
Рыбалоўныя і гандл. паселішчы ўзніклі на тэр. С. ў пачатку н.э. Паводле дакумент. звестак вядомы з 1252. У 2-й пал. 13 ст. атрымаў гар. права. З канца 13 ст. пастаянная рэзідэнцыя швед. ўрада. Як гал. горад Швецыі меў шматлікія прывілеі, у т. л. права манапольнага гандлю, гар. самакіравання і суда. У сярэдневякоўі найбуйнейшы рамесны цэнтр (у 1356 у С. ўзніклі першыя ў Швецыі рамесніцкія цэхі). важны гандл. порт. У 1520 заняты датчанамі і стаў месцам масавых пакаранняў праціўнікаў дацкага караля Крысціяна II (т. зв. Стакгольмская крывавая лазня). Пасля выгнання датчан (1523) горад хутка рос як эканам. і паліт. цэнтр, стаў буйнейшым экспарцёрам жалеза і чыгуну. У 1862 скасаваны сярэдневяковы магістрат, горад атрымаў уласнае муніцыпальнае заканадаўства. У 1900 у С. засн.Нобелеўскі фонд, тут з 1901 прысуджаюцца Нобелеўскія прэміі. У 1912 месца правядзення V летніх Алімп. гульняў. У С. шмат разоў праходзілі міжнар. сустрэчы, кангрэсы, нарады, з’езды. У 1948—75 у С. дзейнічала суполка «Беларуская грамада» (заснавальнікбел. эмігрант В.Лукашык).
Гіст. ядро С. — Гамла стан, ці Стары горад, — склалася на в-ве Стадэн, з інш. часткамі цэнтра злучана шматлікімі мастамі. Захаваліся помнікі сярэдневяковага дойлідства: 2 вежы гар. умацаванняў (2-я пал. 15 ст.), раманска-гатычныя храмы Стурчурка (13 ст., фасад перабудаваны ў 1736—42 у стылі класіцызму) і Рыдархольмсчурка (1270—1310; каралеўская пахавальня 1671—1743, арх. Н.Тэсін Старэйшы і Н.Тэсін Малодшы, барока). У 17 ст. ўзводзілі культавыя і свецкія будынкі з элементамі позняга рэнесансу і барока (царква Цюскачурка, каля 1640, арх. Х.Я.Крыстлер). Узоры швед. сталага барока: палацы Дротнінгхольм (з 1662, арх. Тэсін Старэйшы) і каралеўскі (1697—1760, арх. Тэсін Малодшы і інш.; у паўд. яго крыле царква Слотсчурка). Сярод інш. помнікаў: біржа (1768—76, арх. К.Ю.Кронстэт, Э.Пальмстэт, ракако), у духу нац. рамантызму — Паўн. музей (1892—1906, арх. І.Г.Класан), ратуша (1911—23, арх. Р.Эстберг) і царква Хёгалідсчурка (1914—22, арх. І.Тэнгбум); «Лясны крэматорый» (1935—40, арх. Э.Г.Асплунд). Генплан С. 1944—52 (праект арх. С.Г.Маркеліуса і інш.) прадугледжваў рост горада шляхам стварэння групы паўаўтаномных раёнаў, звязаных з цэнтрам радыяльнымі трансп. лініямі (Велінгбю, Фарста, Шэрхальмен). З пабудоў 2-й пал. 20 ст. вылучаецца Культ. цэнтр з будынкам новага рыксдага (1966—73, арх. П.Сельзінг). Музеі: нац., этнагр. пад адкрытым небам у парку Скансэн, «Мілесгордэн» («Сад Мілеса»), Т-ры: муз.швед. каралеўская опера, «Оскар-тэатр», Каралеўскі драм.т-р і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЮРРЭАЛІ́ЗМ (франц. surréalisme літар. — звышрэалізм),
кірунак у літаратуры і мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік у Францыі, паступова ў той ці інш. форме пашырыўся ў інш. краінах Еўропы, Лац. Амерыкі і ЗША. Тэрмін «С.» уведзены ў 1918 Г.Апалінэрам, яго заснавальнік і гал. тэарэтык — А.Брэтон, аўтар першага «Маніфеста сюррэалізму» (1924). Фарміраванне С. звязана з дзейнасцю парыжскай асацыяцыі пісьменнікаў і мастакоў і яе час. «Littérature» («Літаратура», 1919—24) і «Révolution surréaliste» («Сюррэалістычная рэвалюцыя», 1924—29), у якіх распрацоўвалася праграма кірунку, што грунтавалася на дасягненнях сімвалізму, дадаізму, метафізічнага жывапісу, філас. вучэнні З.Фрэйда. Гал. мэта С. — пошук «сапраўднай рэальнасці», якая выяўляецца праз асабіста-пачуццёвую сферу суб’ектыўнасці, некантралюемую творчасць. У літаратуры (пераважна ў паэзіі) для С. характэрна «аўтаматычнае пісьмо» (запіс слоў, вобразаў і фрагментаў маўлення, што ўзнікалі ў выніку спантанных асацыяцый), адмова ад рыфмы, метрыкі, члянення на строфы, завершанасці, граматыка-сінтакс. і жанрава-кампазіцыйнай арганізацыі (Л.Арагон, Р.Вітрак, Р.Дэснос, Ж.Както, Р.Кено, П.Рэвердзі, Сен-Жон Перс, Ф.Супо, Т.Тцара, Р.Шар, П.Элюар і інш.). Паўплываў на авангардысцкія кірункі ў л-ры 2-й пал. 20 ст. (тэатр абсурду, «новы раман», канкрэтная паэзія і інш.). Асобныя элементы С. актуалізуюцца і ў сучаснай бел. л-ры: творчасць удзельнікаў суполкі «Бум-Бам-Літ» А.Бахарэвіча, З.Вішнёва, В.Жыбуля, С.Мінскевіча, А.Туровіча і інш.У выяўленчым мастацтве для дасягнення глыбіні падсвядомасці мастакі распрацоўвалі спец. прыёмы «псіхічнага аўтаматызму», спантаннага формаўтварэння (выпадковыя лініі, зробленыя алоўкам на паперы, дэкалькаманія, калаж, фюмаж, фратаж). С. у выяўл. мастацтве развіваўся ў 2 асн. кірунках: А.Масон, Х.Міро, М.Эрнст уводзілі пазасвядомы пачатак у творчы працэс, аперыравалі свабоднымі вобразамі і адвольнымі формамі, якія часта пераходзілі ў абстракцыю; С.Далі, П.Дэльво, Р.Магрыт, І.Тангі імкнуліся выявіць ірэальны вобраз з ілюзорнай дакладнасцю праз манеру пісьма, блізкую да акад. жывапісу; сродкамі фігуратыўнага мастацтва яны стваралі вобраз, немагчымы ў рэальнасці (расцяканне цвёрдых прадметаў, празрыстасць шчыльных аб’ектаў, расслаенне фігуры на некалькі выяў і інш.). Для абодвух кірункаў характэрны алагізм, парадаксальныя спалучэнне форм, зрокавая няўстойлівасць, зменлівасць вобразаў, частае выкарыстанне эратычных матываў. На Беларусі ў сюррэалістычнай манеры працавалі і працуюць мастакі В.Альшэўскі, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, У.Тоўсцік і інш.У кінематографе сюррэалістычныя фільмы вызначаюцца туманнай сімвалічнасцю, алагічнасцю вобразаў, прыгнечаным эратызмам, адчуваннем суму, адзіноты, смерці (С.Брэкхейдж, Л.Буньюэль, Далі, М.Дэрэн, К.Харынгтан, К.Энгер і інш.).
Літ.:
Куликова И.С. Сюрреализм в искусстве. М., 1970;
Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980;
Антология французского сюрреализма, 20-е гг.: Пер. с фр.М., 1994;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Сюрреализм и авангард. М., 1999;
Вирмо А. и О. Мэтры мирового сюрреализма: Пер. с фр. СПб., 1996;
Passeron R. Encyclopedia surrealizmu: Przekł. z fr. Warszawa, 1993.
Е.А.Лявонава (літаратура), С.У.Пешын.
Да арт.Сюррэалізм. С.Далі. Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння. 1944.Да арт.Сюррэалізм. Х.Міро. Жанчына і птушка ў месячным святле. 1949.Да арт.Сюррэалізм. Р.Магрыт. Помста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́КІО,
горад, сталіца Японіі. Знаходзіцца на ПдУ в-ва Хонсю, на раўніне Канто, каля ўпадзення рэк Суміда і Тама ў бухту Сінагава Такійскага зал. Ціхага акіяна. Адзін з найбуйнейшых гарадоў свету. У т.зв. сталічны раён уваходзяць гарады і нас. пункты 4 прэфектур, 34 750 тыс.ж. (2000). Т. — гал. вузел чыгунак і аўтадарог краіны, буйны порт (штогадовы грузаабарот больш за 80 млн.т). Міжнар. аэрапорты Ханеда і Нарыта. Вузел скорасных чыгунак і нац. аўтастрад. У Т. ствараецца каля 30% валавога ўнутр. прадукту краіны. Таварныя, фондавыя і валютныя біржы, штаб-кватэры яп. і замежных манаполій, банкі, страхавыя і трансп. кампаніі. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (трансп. сродкі, станкі, дакладныя прылады, эл.-тэхн. і электроннае абсталяванне), металургічная, хім. (лякарствы, касметыка, фотатавары, лакі, фарбы і інш.), нафтаперапр. і нафтахім. (у т. л. валокны, пластмасы), паліграф. (каля 50% вытв-сці ў краіне), харч., лёгкая, вытв-сць цацак і інш. Метрапалітэн. Такійскія дзярж. і муніцыпальны ун-ты, прыватныя ун-ты Васэда, Кэйо, Мэйдзі. Яп.АН. Яп. акадэмія мастацтваў. Нац. даследчы цэнтр абароны ад стыхійных бедстваў. Тэатры, у т. л.нац. тэатр Кабукі. Больш за 30 музеяў. Цэнтр турызму міжнар. значэння.
У 1457 на месцы сучаснага Т. пабудаваны замак Эда, вакол якога пачалі расці пасяленні рамеснікаў і гандляроў. У канцы 16 ст. замкам завалодаў заснавальнік 3-й дынастыі сёгунаў (правіцеляў) Японіі Іэясу Такугава. На працягу перыяду праўлення сёгунаў Такугава (1603—1867) Эда быў іх рэзідэнцыяй (афіц. сталіца г. Кіёта). У 18 ст. Эда — адзін з найбуйн. гарадоў свету (у 1787—1,3 млн.чал.). У 1869 у Эда перанесена з Кіёта рэзідэнцыя імператара, горад стаў сталіцай Японіі і перайменаваны ў Т. («усходняя сталіца»), У 2-й пал. 19 ст. тут развіваліся шаўковая, лакавая, фаянсавая і эмалевая, з канца 19 ст. — машына- і суднабудаўнічая прам-сць. У 1923 амаль палавіна горада знішчана землетрасеннем і пажарамі. У 1944—45 многія кварталы зруйнаваны бамбардзіроўкамі амер. авіяцыі. У 1948 у Т. адбыўся судовы працэс над гал. японскімі ваен. злачынцамі (гл.Такійскі працэс). Месца правядзення XVIII Алімп. гульняў (1964).
Гістарычна Т. падзяляецца на Стары горад і Новы горад. Цэнтр забудаваны шчыльна, ускраіны — нераўнамерна. У цэнтры знаходзяцца: комплекс імператарскага палаца (1457, пашыраны ў 1624—44, да 1869 замак Эда — узор яп. замкавай архітэктуры перыяду Эда); палацавы комплекс (каля 1600, перабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст.), новы палац (1960); паркі Рыкугіен (1695—1702) і Уэна са званіцай 17 ст.; сінтаісцкія храмы Тосёгу (сучасны выгляд з 17 ст.) і Мэйдзі (канец 19 ст.), свяцілішча Ясукуні (1919); будыйскі храм Канон (засн. у 7 ст., адноўлены ў 1955).
Сярод значных будынкаў: палац Акасака (1899—1908, арх. А.Катаяма), парламент (1918—36), т-р Кабукі (1924, арх. С.Акада), цэнтр. тэлеграф (1925, арх. М.Ямада). Вылучаюцца пабудовы К.Тангэ, К.Маэкава — шпіталь Кэйо (1948), Метраполітэн фестывал хол (1958—61), комплекс ун-та Гакусёін (1959—60), грамадскія і жылыя будынкі. У 2-й пал. 20 ст. створаны новыя гар. цэнтры Т. з вышыннымі і падземнымі збудаваннямі, жылымі дамамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА Міхаіл Іванавіч (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),
рускі кампазітар. Заснавальнікрус.муз. класікі. Паходзіў са стараж.бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.Філда і Ш.Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк.рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус.нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп.нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац.муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж.муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус.муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.
Літ.:
Асафьев Б. М.И.Глинка. Л., 1978;
Канн-Новикова Е. М.И.Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;
Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;
Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;
Стасов В.В. Избранные статьи о М.И.Глинке. М., 1955;
Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;
Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;
Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;
адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.
У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М.Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.І.Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.Міладоўскага (лібр. М.Лапіцкага і У.Сыракомлі).
Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз. камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.
Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.Афенбах; Ф.Эрвэ, Ш.Лекок, Р.Планкет), венская (Ф.Зупэ, К.Мілёкер, І.Штраус-сын, К.Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.Легар, І.Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз.т-ра — мюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.Лоу, Дж.Гершвіна, Р.Роджэрса, Л.Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.Дунаеўскім і М.Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.Мілюцін, Б.Аляксандраў, К.Лістоў, В.Салаўёў-Сядой, А.Фельцман, В.Баснер і інш.
На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.Кандрусевіча).
Сярод артыстаў аперэты: Г.Шнайдэр (Францыя), А.Жырардзі (Аўстрыя), Г.Марышка і Х.Хонці (Венгрыя), Р.Ярон, Т.Шмыга (Расія), М.Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.Гайда, В.Мазур, Р.Харык, А.Ранцанц, З.Вяржбіцкая, Г.Казлоў і інш.
Літ.:
Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;
Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;
Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.
Б.С.Смольскі, Н.А.Юўчанка.
Да арт.Аперэта. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Ю.Семянякі Дзярж. тэатра муз. камедыі Беларусі. 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАГА́Л (Chagall) Марк (Моўша Хацкелевіч, Майсей Захаравіч; 7?.7.1887, г. Віцебск — 28.3.1985),
бел. і франц. мастак яўрэйскага паходжання. Ганаровы д-р ун-та ў г. Глазга (Вялікабрытанія; 1959). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна (1906), рысавальнай школе пры Т-ве заахвочвання мастацтваў (1907—08), прыватнай школе А.Званцавай у Л.Бакста і М.Дабужынскага (1908—10) у Пецярбургу. Удзельнік выставак аб’яднанняў «Асліны хвост» (1912), «Бубновы валет» (1916), «Свет мастацтва» (1919, 1922). У 1910—14 жыў у Парыжы, дзе пад уплывам еўрап. авангардысцкіх кірункаў і рус.нар. мастацтва пісаў карціны, якім уласцівы рытмічная арганізацыя кампазіцыі, геаметрызаванасць аб’ёмаў, напружанасць і эмацыянальнасць колеру, часта дамінаванне яўр.рэліг. і фалькл. тэматыкі: «Я і мая вёска» (1911), «Расіі, аслам і іншым» (1911—12), «Аўтапартрэт з сямю пальцамі», «Яўрэй моліцца» (абодва 1912). З 1914 у Віцебску, з 1915 у Расіі. З 1918 паўнамоцны прадстаўнік па справах мастацтваў у Віцебскай губ., заснавальнікВіцебскага народнага мастацкага вучылішча. З 1920 у Маскве. У 1921—22 выкладаў у прац. калоніі «III Інтэрнацыянал» для беспрытульнікаў у г.п. Малахаўка пад Масквой. У 1922 ці 1923 эмігрыраваў у Парыж, з 1941 у ЗША, у 1947 вярнуўся ў Францыю. Працаваў у жывапісе, станковай і кніжнай графіцы, тэатр.-дэкарацыйным, манум., дэкар.-прыкладным мастацтве, скульптуры. Асн. тэмы творчасці — сімвалічна асэнсаваныя, выяўленыя праз спалучэнне розначасовых і рознапрасторавых эпізодаў мантажу віды Віцебска, Парыжа, свет цырка, закаханыя, матывы іудзейскай містыкі: «Віцебск» (1908), «Стары Віцебск», «Блакітныя закаханыя» (абодва 1914), «Зялёныя закаханыя» (пасля 1914), «Ружовыя закаханыя», «Шэрыя закаханыя» (абодва 1916), «Сіні дом у Віцебску», «Шэры дом у Віцебску» (абодва 1917), «Над горадам» (1918), «Павянчаныя Эйфелевай вежай» (1928), «Стары горад» (1929), «Аголеная над Віцебскам» (1933), «У часу няма берагоў» (1939—41), «Масты Сены» (1953), «Каровы над Віцебскам» (1966), «Анёл над Віцебскам» (1977), «Мастак над Віцебскам» (1977—78, варыянт 1982); серыя літаграфій «Успаміны аб Віцебску» (пач. 1960-х г.). Крыніца сюжэтаў для кампазіцый Ш. — яўр. местачковы побыт, трактаваны ў наіўна-паэт., гратэскна-сімвалічным, іранічна-фантаст. духу. Яны вылучаюцца жывапісным тэмпераментам, эмацыянальнасцю і пластычнай выразнасцю, сакавітым колерам і адначасова мяккім лірызмам. Аўтар партрэтаў: «Мяснік» («Партрэт дзеда», 1910), «Партрэт брата Давіда з мандалінай» (1914), «Бэла ў белым каўнерыку» (1917), «Вянчанне» (1918), аўтапартрэтаў; ілюстрацый да кніг «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1923—27), «Байкі» Ж.Лафантэна (1925—30), Бібліі (1930—39, 1952—56), «Тысяча і адна ноч» (1946), «Дафніс і Хлоя» Лонга (1952), вершаў А.Вазнясенскага (1969—70), «Бура» У.Шэкспіра (1975), «І на зямлі» А.Мальро (1977); сцэнаграфій балетаў «Алека» на музыку П.Чайкоўскага (1942), «Жар-птушка» І.Стравінскага (1945) у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку і інш. Працаваў у манум. мастацтве: размалёўкі плафонаў т-раў «Гранд-Апера» ў Парыжы (1963—64) і «Метраполітэн-опера» (1965—66), вітражы для Іерусалімскай клінікі (1962), Рэймскага сабора (1974), касцёла св. Стэфана ў г. Майнц (Германія, 1978—85), мазаікі для Нац. банка ў г. Чыкага (ЗША, 1972) і інш. Пісаў вершы. У г. Ніца (Францыя) створаны музей Ш., прысвечаны яго творам на біблейскія тэмы, у Віцебску — Дом-музей, Артцэнтр імя Ш., яму пастаўлены помнік (1992, скульпт. А.Гвоздзікаў). У 1994 і 1997 у Віцебску адбыліся 1-ы і 2-і Міжнар. пленэры Ш.
Тв.:
Рус.пер. — Ангел над крышами: Стихи Проза. Статьи. Выступления. Письма. М., 1989;
Моя жизнь. СПб., 2000;
Бел.пер. — Паэзія. Мн., 1989.
Літ.:
Апчинская Н. Марк Шагал: Графика. М., 1990;
Яе ж. Марк Шагал: Портрет художника. М., 1995;
Подлипский А. Марк Шагал: Основные даты жизни и творчества. 2 изд. Витебск, 2000;
Яго ж. Васильковые годы Марка Шагала. или Витебск в судьбе художника. Витебск, 1997;
Meyer F. Mare Chagall: Life and work. New York, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРОДНІЦТВА
Заснавальнік навуковага агародніцтва на Беларусі — М.В.Рытаў. Значны ўплыў на навук. развіццё агародніцтва на Беларусі зрабілі Горы-Горацкі земляробчы ін-т і Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та раслінаводства (у 1931 на яго базе створана Бел. плодаагароднінная доследная станцыя), дзе распрацоўваліся тэорыя і метады навук. даследаванняў па агародніцтве ва ўмовах Беларусі. У 1925 арганізавана Дзярж. інспекцыя па сортавыпрабаванні с.-г. культур. У 1956 арганізаваны Бел.НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1972 Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва). У 1990 створаны Бел.НДІ агародніцтва.
У 1960-я г. пачаты даследаванні па распрацоўцы сістэмы выкарыстання гербіцыдаў пры вырошчванні агароднінных культур (Л.Л.Гуніч, П.С.Жуковіч, Ю.М.Забара, В.Г.Рагожнікаў, А.П.Харытонава). З 1970-х г. інтэнсіўна вядзецца селекцыйна-насенняводчая праца, у т. л. селекцыя асн. агароднінных культур Беларусі; капусты белакачаннай (М.А.Гарадзілаў, Л.І.Чулкова), сталовых буракоў (М.М.Высоцкая, Л.Г.Няфёдава), агуркоў (Н.М.Завадская, А.М.Купрэева), памідораў (М.І.Касцечка, Г.М.Палянская, М.І.Фёдарава), цыбулі (В.Ф.Дзевятава), бабовых (Г.В.Казак, П.Ф.Лысаконь). Вывучаюцца цытаплазматычная мужчынская стэрыльнасць цыбулі (В.Ф.Дзявятава), устойлівасць яе да фітафтарозу (В.В.Псарова, М.І.Фёдарава). Праведзена хіміка-тэхналагічнае даследаванне раянаваных і перспектыўных сартоў (Г.І.Пушкіна, В.Ф.Саўчанка, Т.В.Сцепанішына).
Да сярэдзіны 1980-х г. на Беларусі раянавана 12 сартоў агароднінных культур бел. селекцыі, у т. л. памідоры Нёман і Даходны, капуста Летняя 103 і Русінаўка, гарох Ліпеньскі і Рэкорд 158, цыбуля Янтарная, часнок азімы Палёт і Беларускі, сталовыя буракі Халадастойкі. Распрацоўваецца тэхналогія вырошчвання ранняй агародніны пад плёначнымі тунэльнымі пакрыццямі (М.М.Грышкевіч), выкарыстанне плёнкі пры вырошчванні агуркоў у адкрытым грунце (Т.С.Якубіцкая). Праведзены даследаванні па хваробаўстойлівасці культур, выведзены сарты, устойлівыя да фітафтарозу, бурай плямістасці лісця (В.Дз.Паліксенава, В.В.Пісарава), мучністай расы, аліўкавай плямістасці агуркоў (В.Л.Налобава).
Калектывам Бел.НДІ агародніцтва створана больш за 150 сартоў і гібрыдаў агароднінных і востра-араматычных культур. У дзярж. выпрабаванне перададзены сарты агуркоў Світанак, Зарніца, Янус F1, Верасень (Т.В.Мацюк, В.Л.Налобава, А.Я.Хлебародаў); сталовых буракоў Прыгажуня (В.П.Меляшкевіч, Л.Г.Няфёдава); памідораў Раніца (Ф.І.Анцугай, В.Г.Іванюк, М.І.Фёдарава), Шторм F1, Ранні; перцаў Алеся, Кубік Ж., Вожык (Л.А.Мішын, Л.В.Хатылёва, Н.А.Юбко); цыбулі Ветразь, Крывецкі ружовы, Дыямент (В.Ф.Дзевятава, М.Г.Купрэенка); часнаку азімага Вітажэнец (М.П.Купрэенка); кропу Сож 2000 (В.П.Меляшкевіч, В.Л.Налобава, А.П.Шкляроў). Распрацаваны эфектыўныя тэхналогіі вырошчвання расады капусты ў адкрытым грунце (А.А.Аутка, Ю.М.Забара, А.А.Казіміраў), агароднінных культур у зімовых і плёначных цяпліцах (М.Ф.Сцяпура), касетная тэхналогія і абсталяванне для вырошчвання расады (А.А.Аутка, В.В.Пазняк, А.П.Шкляроў), вырошчванне цыбулі як аднагадовай культуры на вузкапрофільных градах (А.А.Аутка, М.П.Купрэенка, А.А.Меляшкевіч). Вывучаны ўплывы розных відаў угнаенняў на ўласцівасці глебы, ураджаю, якасць агародніны (В.П.Пярэднеў, М.І.Рышкевіч, М.П.Сапун, М.Ф.Сцяпура). Распрацоўваюцца пытанні інтрадукцыі і стварэння сартоў зяленіўных і малапашыраных агароднінных культур (А.П.Шкляроў). Развіваюцца кірункі па вывучэнні маркетынгавай дзейнасці ў агародніцтве, паляпшэнні якасці прадукцыі, павелічэнні асартыменту (Г.І.Гануш).
Літ.:
Гануш Г.И. Овощеводство Беларуси. Мн., 1996;
Аутко А.А. Технологии возделывания овощных культур. Мн., 2001;