СТАКГО́ЛЬМ (Stockholm),

горад, сталіца Швецыі. Знаходзіцца ў сярэдняй частцы краіны, на берагах пратокі Норстрэм, якая злучае воз. Меларэн з зал. Сальтшэн Балт. мора. Адм. ц. аднайм. лена. 1583 тыс. ж. з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт краіны. Міжнар. аэрапорт Арланда. Гал. эканам. і культ. цэнтр, прыпадае 10% прамысл. вытв-сці краіны. У С. знаходзяцца буйнейшыя банкі, праўленні вядучых прамысл. канцэрнаў і гандл. кампаній Швецыі. Прам-сць: маш.-буд. (эл.-тэхн., радыёэлектроннае, абсталяванне для харч. прам-сці, транспартнае), паліграф., харч., лёгкая, фармацэўтычная, хімічная. Метрапалітэн. АН. Ун-т. Стакгольмскі міжнар. ін-т даследаванняў праблем міру.

Рыбалоўныя і гандл. паселішчы ўзніклі на тэр. С. ў пачатку н.э. Паводле дакумент. звестак вядомы з 1252. У 2-й пал. 13 ст. атрымаў гар. права. З канца 13 ст. пастаянная рэзідэнцыя швед. ўрада. Як гал. горад Швецыі меў шматлікія прывілеі, у т. л. права манапольнага гандлю, гар. самакіравання і суда. У сярэдневякоўі найбуйнейшы рамесны цэнтр (у 1356 у С. ўзніклі першыя ў Швецыі рамесніцкія цэхі). важны гандл. порт. У 1520 заняты датчанамі і стаў месцам масавых пакаранняў праціўнікаў дацкага караля Крысціяна II (т. зв. Стакгольмская крывавая лазня). Пасля выгнання датчан (1523) горад хутка рос як эканам. і паліт. цэнтр, стаў буйнейшым экспарцёрам жалеза і чыгуну. У 1862 скасаваны сярэдневяковы магістрат, горад атрымаў уласнае муніцыпальнае заканадаўства. У 1900 у С. засн. Нобелеўскі фонд, тут з 1901 прысуджаюцца Нобелеўскія прэміі. У 1912 месца правядзення V летніх Алімп. гульняў. У С. шмат разоў праходзілі міжнар. сустрэчы, кангрэсы, нарады, з’езды. У 1948—75 у С. дзейнічала суполка «Беларуская грамада» (заснавальнік бел. эмігрант В.​Лукашык).

Гіст. ядро С. — Гамла стан, ці Стары горад, — склалася на в-ве Стадэн, з інш. часткамі цэнтра злучана шматлікімі мастамі. Захаваліся помнікі сярэдневяковага дойлідства: 2 вежы гар. умацаванняў (2-я пал. 15 ст.), раманска-гатычныя храмы Стурчурка (13 ст., фасад перабудаваны ў 1736—42 у стылі класіцызму) і Рыдархольмсчурка (1270—1310; каралеўская пахавальня 1671—1743, арх. Н.​Тэсін Старэйшы і Н.​Тэсін Малодшы, барока). У 17 ст. ўзводзілі культавыя і свецкія будынкі з элементамі позняга рэнесансу і барока (царква Цюскачурка, каля 1640, арх. Х.​Я.​Крыстлер). Узоры швед. сталага барока: палацы Дротнінгхольм (з 1662, арх. Тэсін Старэйшы) і каралеўскі (1697—1760, арх. Тэсін Малодшы і інш.; у паўд. яго крыле царква Слотсчурка). Сярод інш. помнікаў: біржа (1768—76, арх. К.​Ю.​Кронстэт, Э.​Пальмстэт, ракако), у духу нац. рамантызму — Паўн. музей (1892—1906, арх. І.​Г.​Класан), ратуша (1911—23, арх. Р.​Эстберг) і царква Хёгалідсчурка (1914—22, арх. І.​Тэнгбум); «Лясны крэматорый» (1935—40, арх. Э.​Г.​Асплунд). Генплан С. 1944—52 (праект арх. С.​Г.​Маркеліуса і інш.) прадугледжваў рост горада шляхам стварэння групы паўаўтаномных раёнаў, звязаных з цэнтрам радыяльнымі трансп. лініямі (Велінгбю, Фарста, Шэрхальмен). З пабудоў 2-й пал. 20 ст. вылучаецца Культ. цэнтр з будынкам новага рыксдага (1966—73, арх. П.​Сельзінг). Музеі: нац., этнагр. пад адкрытым небам у парку Скансэн, «Мілесгордэн» («Сад Мілеса»), Т-ры: муз. швед. каралеўская опера, «Оскар-тэатр», Каралеўскі драм. т-р і інш.

Панарама Стакгольма.

т. 15, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)