ШАГА́Л (Chagall) Марк (Моўша Хацкелевіч, Майсей Захаравіч; 7?.7.1887, г. Віцебск — 28.3.1985),
бел. і франц. мастак яўрэйскага паходжання. Ганаровы д-р ун-та ў г. Глазга (Вялікабрытанія; 1959). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна (1906), рысавальнай школе пры Т-ве заахвочвання мастацтваў (1907—08), прыватнай школе А.Званцавай у Л.Бакста і М.Дабужынскага (1908—10) у Пецярбургу. Удзельнік выставак аб’яднанняў «Асліны хвост» (1912), «Бубновы валет» (1916), «Свет мастацтва» (1919, 1922). У 1910—14 жыў у Парыжы, дзе пад уплывам еўрап. авангардысцкіх кірункаў і рус.нар. мастацтва пісаў карціны, якім уласцівы рытмічная арганізацыя кампазіцыі, геаметрызаванасць аб’ёмаў, напружанасць і эмацыянальнасць колеру, часта дамінаванне яўр.рэліг. і фалькл. тэматыкі: «Я і мая вёска» (1911), «Расіі, аслам і іншым» (1911—12), «Аўтапартрэт з сямю пальцамі», «Яўрэй моліцца» (абодва 1912). З 1914 у Віцебску, з 1915 у Расіі. З 1918 паўнамоцны прадстаўнік па справах мастацтваў у Віцебскай губ., заснавальнік Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. З 1920 у Маскве. У 1921—22 выкладаў у прац. калоніі «III Інтэрнацыянал» для беспрытульнікаў у г.п. Малахаўка пад Масквой. У 1922 ці 1923 эмігрыраваў у Парыж, з 1941 у ЗША, у 1947 вярнуўся ў Францыю. Працаваў у жывапісе, станковай і кніжнай графіцы, тэатр.-дэкарацыйным, манум., дэкар.-прыкладным мастацтве, скульптуры. Асн. тэмы творчасці — сімвалічна асэнсаваныя, выяўленыя праз спалучэнне розначасовых і рознапрасторавых эпізодаў мантажу віды Віцебска, Парыжа, свет цырка, закаханыя, матывы іудзейскай містыкі: «Віцебск» (1908), «Стары Віцебск», «Блакітныя закаханыя» (абодва 1914), «Зялёныя закаханыя» (пасля 1914), «Ружовыя закаханыя», «Шэрыя закаханыя» (абодва 1916), «Сіні дом у Віцебску», «Шэры дом у Віцебску» (абодва 1917), «Над горадам» (1918), «Павянчаныя Эйфелевай вежай» (1928), «Стары горад» (1929), «Аголеная над Віцебскам» (1933), «У часу няма берагоў» (1939—41), «Масты Сены» (1953), «Каровы над Віцебскам» (1966), «Анёл над Віцебскам» (1977), «Мастак над Віцебскам» (1977—78, варыянт 1982); серыя літаграфій «Успаміны аб Віцебску» (пач. 1960-х г.). Крыніца сюжэтаў для кампазіцый Ш. — яўр. местачковы побыт, трактаваны ў наіўна-паэт., гратэскна-сімвалічным, іранічна-фантаст. духу. Яны вылучаюцца жывапісным тэмпераментам, эмацыянальнасцю і пластычнай выразнасцю, сакавітым колерам і адначасова мяккім лірызмам. Аўтар партрэтаў: «Мяснік» («Партрэт дзеда», 1910), «Партрэт брата Давіда з мандалінай» (1914), «Бэла ў белым каўнерыку» (1917), «Вянчанне» (1918), аўтапартрэтаў; ілюстрацый да кніг «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1923—27), «Байкі» Ж.Лафантэна (1925—30), Бібліі (1930—39, 1952—56), «Тысяча і адна ноч» (1946), «Дафніс і Хлоя» Лонга (1952), вершаў А.Вазнясенскага (1969—70), «Бура» У.Шэкспіра (1975), «І на зямлі» А.Мальро (1977); сцэнаграфій балетаў «Алека» на музыку П.Чайкоўскага (1942), «Жар-птушка» І.Стравінскага (1945) у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку і інш. Працаваў у манум. мастацтве: размалёўкі плафонаў т-раў «Гранд-Апера» ў Парыжы (1963—64) і «Метраполітэн-опера» (1965—66), вітражы для Іерусалімскай клінікі (1962), Рэймскага сабора (1974), касцёла св. Стэфана ў г. Майнц (Германія, 1978—85), мазаікі для Нац. банка ў г. Чыкага (ЗША, 1972) і інш. Пісаў вершы. У г. Ніца (Францыя) створаны музей Ш., прысвечаны яго творам на біблейскія тэмы, у Віцебску — Дом-музей, Артцэнтр імя Ш., яму пастаўлены помнік (1992, скульпт. А.Гвоздзікаў). У 1994 і 1997 у Віцебску адбыліся 1-ы і 2-і Міжнар. пленэры Ш.
Тв.:
Рус.пер. — Ангел над крышами: Стихи Проза. Статьи. Выступления. Письма. М., 1989;
Моя жизнь. СПб., 2000;
Бел.пер. — Паэзія. Мн., 1989.
Літ.:
Апчинская Н. Марк Шагал: Графика. М., 1990;
Яе ж. Марк Шагал: Портрет художника. М., 1995;
Подлипский А. Марк Шагал: Основные даты жизни и творчества. 2 изд. Витебск, 2000;
Яго ж. Васильковые годы Марка Шагала. или Витебск в судьбе художника. Витебск, 1997;
Meyer F. Mare Chagall: Life and work. New York, 1963.