сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.
Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн.чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння 1/3 насельніцтва і 1/2прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.
Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.
Літ.:
Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;
Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;
История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;
Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на У Гродзенскай і Пн Брэсцкай абласцей. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на З, Пн і ПнУ, Стаўбцоўскай раўнінай на У, Капыльскай градой і Баранавіцкай раўнінай на ПдУ і Пд, Слонімскім узв. на ПдЗ. Выш. да 323 м (Замкавая гара). Пл. 3550 км². Выцягнута з Пн на Пд на 72 км, з З на У на 45—50 км. Раўніны і даліны рэк, якія акаймоўваюць Н.ў., знаходзяцца на выш. 165—175 м, на Пд — да 180—200 м.
Н.ў. прымеркавана да Цэнтральнабел. масіву Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты на цэнтр. і паўн.-ўсх. участках верхнявендска-ніжнекембрыйскім комплексам парод, на паўд. — сярэднерыфейска-ніжнекембрыйскім. Тоўшча даантрапагенавых парод (магутнасць больш за 200 м) пераважна складаецца з мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, якія на асобных участках у выніку дзейнасці ледавікоў моцна дэфармаваны. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 60—316 м) суцэльным чахлом перакрывае даантрапагенавыя пароды. У ёй найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых парод, а таксама азёрных і балотных намнажэнняў міжледавіковых эпох. У час паазерскага зледзянення ў пародах Н.ў. ўзніклі мярзлотныя дэфармацыі, намнажаліся лёсавыя ўтварэнні (магутнасць да 8 м).
Перадумовы ўзнікнення Н.ў. абазначыліся ўжо ў рэльефе крышт. фундамента, дзе выяўлена серыя невял. выступаў. Першыя ледавікі стварылі ядро ўзвышша. Канчаткова рэльеф Н.ў. сфарміраваўся ў выніку дняпроўскага зледзянення і сожскага зледзянення. На Н.ў. вылучаюць 3 тыпы рэльефу. Градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэнні ў цэнтры ўзвышша, на Пд ад г.п. Дзятлава і на ўчастках, што прылягаюць да далін рэк Моўчадзь, Нёўда, Сэрвач, Валоўка. Выш. 300—320 м, глыб. расчлянення 30—60 м/км². Даўж. град да 20—30 км. Спадзіста-выпуклыя схілы расчлянёныя мноствам стараж. лагчын ледавіковага сцёку і ярамі. Узгорыста-марэнны дэнудацыйны рэльеф на б.ч. ўзвышша. Выш. 170—250 м, адносныя перавышэнні 10—30 м. Густата расчлянення да 2—3 км/км². Узгорыста-марэнны рэльеф на лёсападобных пародах вызначаецца згладжанымі і платопадобнымі водападзельнымі паверхнямі і інтэнсіўным ярыста-лагчынным (3—5 км/км²) расчляненнем схілаў. Водна-ледавіковая раўніна нешырокай паласой акаймоўвае зах. схіл узвышша. Далінныя зандры развіты ўздоўж р. Моўчадзь і яе прытокаў. На плоскіх паверхнях трапляюцца тэрмакарставыя западзіны, занятыя балотамі. Карысныя выкапні: мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд. Сярэднія т-ры студз. -6,6 °C, ліп. 17,4 °C, ападкаў 706 мм за год (г. Навагрудак). Рачная сетка належыць да бас. Нёмана. Н.ў. перасякае р. Моўчадзь, на схілах вытокі рэк Іса, Мышанка, Шчара, Сэрвач. Нёўда, Валоўка. На Пд ад г. Навагрудак воз. Свіцязь. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-балотныя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі; лясы яловыя, яловыя з дамешкамі дубу, грабу, ясеню, вязу, клёну; дубровы. Па тэрасах р. Моўчадзь — хваёвыя бары, па далінах рэк і сухадолах — лугі. Пад ворывам 41% тэрыторыі.
Пачалася 7.7.1937 у адказ на ўварванне яп. войск з мэтай захопу тэр. Кітая. Вайне папярэднічала акупацыя Японіяй у 1931—36 Маньчжурыі і шэрагу раёнаў Паўн. Кітая. Яп. мілітарысты імкнуліся ператварыць Кітай у залежную ад іх дзяржаву і разлічвалі на хуткую яго капітуляцыю. Аднак Нац.кіт. ўрад на чале з Чан Кайшы адхіліў патрабаванні Японіі, зрабіў стаўку на зацягванне вайны і звярнуўся па дапамогу да інш. дзяржаў. У жн.-вер. 1937 аформіўся саюз паміж гаміньданам і Камуністычнай партыяй Кітая (КПК), узбр. сілы якой былі ператвораны ў 8-ю і Новую 4-ю арміі ў складзе нац.узбр. сіл краіны. Значная перавага ва ўзбраенні і тэхніцы дазволіла яп. арміі захапіць Пекін і Цяньцзінь (ліп. 1937), Шанхай (ліст. 1937), сталіцу Кітая г. Нанкін (снеж. 1937), гарады Гуанчжоў і Ухань (кастр. 1938). Адчувальную дапамогу Кітаю зброяй і ваен. тэхнікай аказаў СССР. Супраць яп. войск змагаліся сав. лётчыкі-добраахвотнікі, у т. л. беларусы А.С.Благавешчанскі, С.І.Грыцавец і інш.; ва ўзбр. сілах Кітая працавала больш за 3500 сав.ваен. спецыялістаў. Не здолеўшы дамагчыся капітуляцыі Кітая, яп. ўрад у ліст. 1938 спыніў наступальныя дзеянні і засяродзіў увагу на «асваенні» захопленых раёнаў. У сак. 1940 з мясц. калабарацыяністаў японцы стварылі ў Нанкіне т.зв.Цэнтр.нац. ўрад Кітая на чале з Ван Цзінвэем. У гэты час у тыле яп. войск актыўныя дзеянні разгарнулі 8-я і Новая 4-я арміі. Яны занялі шэраг вызваленых раёнаў, якія да 1941 ахоплівалі тэр. з насельніцтвам каля 100 млн.чал., правялі шэраг ваен. аперацый супраць яп. войск, у т. л. «бітву ста палкоў». У адказ яп. войскі перайшлі ў наступленне на вызваленыя раёны і скарацілі іх плошчу ўдвая. Пасля нападзення ў снеж. 1941 Японіі на ЗША урад Кітая 9.12.1941 афіцыйна абвясціў вайну Японіі. Ён атрымліваў ваен. дапамогу ад ЗША і Вялікабрытаніі, але арміі Нац. ўрада і КПК вялі сябе пасіўна. Пасля паражэнняў Японіі на Ціхім акіяне, яп. армія, імкнучыся ператварыць Кітай у надзвычайную базу для вядзення працяглай вайны, аднавіла ў сак. 1944 актыўныя наступальныя дзеянні. Да 1945 яна захапіла вял. тэрыторыі ў Паўд. Кітаі і стварыла сухапутны калідор аж да Індакітая. 9.8.1945 паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945СССР уступіў у вайну з Японіяй. У ходзе Маньчжурскай аперацыі 1945 быў вызвалены Паўн.-Усх. Кітай і ліквідавана Квантунская армія. 9.9.1945 прадстаўнікі Нац.кіт. ўрада і Японіі падпісалі ў Нанкіне акт пра капітуляцыю яп. войск.
Літ.:
Сапожников Б.Г. Китайский фронт во второй мировой войне. М., 1971;
По дорогам Китая, 1937—1945: Воспоминания. М., 1989;
Да арт.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—15. Воіны кітайскай арміі ў час бою за г. Чандэ. Лістапад 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ НО́ЎГАРАД,
горад, цэнтр Ніжагародскай вобл., у Расіі. Размешчаны каля ўпадзення р. Ака ў Волгу. 1385,9 тыс.ж. (1996). Буйны рачны порт, чыг. вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1985). Буйны цэнтр машынабудавання, у т. л. аўта-, авія-, суднабудавання і металаапрацоўкі (акц.т-ва «ГАЗ», ВА «Ніжагародскі машзавод»; ВА «Завод «Чырвонае Сормава» — гал. суднабудаўная база Волжскага флоту; з-ды: спецыялізаваных машын, каробак скарасцей, штампаў і прэс-форм, дызелебудавання, авіябудаўнічы, апаратуры сувязі, тэлевізійны). Прадпрыемствы перапрацоўчай чорнай і каляровай металургіі, хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычнай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харчасмакавай, лёгкай прам-сці. 9 ВНУ. У т. л.ун-т.
Засн. як каменная крэпасць у 1221 уладзімірскім кн. Юрыем Усеваладавічам. З 1350 сталіца Ніжагародска-Суздальскага княства, гандл. і культ. цэнтр (у Пячорскім манастыры ў 1377 створаны Лаўрэнцьеўскі летапіс). У 1392 далучаны да Маскоўскага вял. княства і стаў апорным пунктам у барацьбе з Казанскім ханствам. У 1520 і 1536 на горад нападалі татары. З 2-й пал. 16 ст. адзін з буйнейшых гандл.-рамесніцкіх цэнтраў Маскоўскага княства. У канцы 1611 у Н.Н. пачалося фарміраванне нар. апалчэння К.Мініна і Дз.Пажарскага. З 1719 цэнтр Ніжагародскай губ. У 1817—1917 у горадзе дзейнічаў Ніжагародскі кірмаш (адноўлены з 1990). У 1862 злучаны чыгункай з Масквой. У 1932—91 наз. Горкі.
З 2-й пал. 16 ст. складваюцца 2 часткі горада — Нагорная (цэнтр) і Зарэчная (слабоды, пазней прамысл. раён). Помнікі архітэктуры 16 — пач. 18 ст.: крэмль (крапасныя сцены з вежамі, 1500, 1508—11) з Архангельскім саборам (1624—31, арх. Л. і А.Вазауліны, на месцы сабора 13 ст.); манастыры Пячорскі з Узнясенскім саборам (1632, арх. А.Вазаулін) і 2 шатровымі цэрквамі (1642—45 і 1648), Дабравешчанскі з саборам (1649) і Успенскай царквой (1678); Успенская царква на Ільінскай гары (1672—1715); цэрквы т.зв. строганаўскага стылю (пры сядзібе Строганавых) — Смаленская (1694—97) і Раства (1719). Паводле плана 1824 у межы горада на левым беразе Акі ўвайшла Канавінская слабада з тэр. Ніжагародскага кірмашу; захаваліся саборы Спаскі старакірмашовы (1817—22, арх. А.Манферан) і Кірмашовы Аляксандра Неўскага (1881, арх. Р.Кілевейн і Л.Даль, аднаўляецца), Гал. дом кірмашу (1890, з пач. 1990-х г. цэнтр адноўленай біржавай і кірмашовай дзейнасці). У Нагорнай частцы захаваліся будынкі б. Шляхетнага сходу (1826, арх. І.Яфімаў, класіцызм). т-ра драмы (1896, арх. В.Шротэр, эклектыка), дзяржбанка (арх. В.Пакроўскі, неарускі стыль), дом Сіроткіна (абодва 1913, арх. браты Весніны, неакласіцызм; цяпер маст. музей) і інш. Помнікі: абеліск у гонар К.Мініна і Дз.Пажарскага (1826), М.Горкаму (1952), М.А.Дабралюбаву (1986) і інш.
Літ.:
Бубнов Ю.Н., Орельская О.В. Архитектура города Горького: Очерки истории, 1917—1985. Горький, 1986;
Бубнов Ю.Н. Архитектура Нижнего Новгорода середины XIX — начала XX в. Нижний Новгород, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭНЫ МАНА́СКІЯ,
цэнтралізаваныя манаскія аб’яднанні ў некат. канфесіях, якія маюць статут і ўласную арганізац. структуру. Найб. пашыраны ў рымска-каталіцкай царкве. Звычайна каталіцкія О.м. былі падначалены рым. папе і не падпарадкоўваліся біскупам (епіскапам) на месцах. На чале О.м. стаіць генерал (генерал-магістр), пры якім ёсць капітул — калегія кіруючых асоб. Тэрытарыяльна О.м. падзяляюцца на правінцыі на чале з правінцыяламі. Адрозніваюцца адзін ад аднаго традыц. ладам жыцця, мэтамі, закладзенымі сваімі заснавальнікамі і задачамі, вызначанымі папствам, а таксама колерам і кроем адзення. Маюць свае звычаі і абраднасць. Некат. мужчынскія ордэны маюць жаночыя адгалінаванні (напр., дамініканкі, кармеліткі), існуюць і асобныя жаночыя ордэны (напр., урсулінкі). Члены большасці О.м. жывуць у кляштарах. Старэйшым О.м. лічыцца ордэн бенедыкцінцаў (засн.каля 538). Па меры пашырэння хрысціянства павялічвалася колькасць О.м., узнікла іх «спецыялізацыя». У 11—12 ст. у сувязі з крыжовымі паходамі на Б.Усход узнік шэраг духоўна-рыцарскіх ордэнаў, члены якіх былі адначасова рыцарамі і манахамі: іааніты, Тэўтонскі ордэн і інш., а таксама цыстэрцыянцы. У 12—13 ст. узніклі жабрацкія ордэны (іх члены павінны былі жыць толькі на міласціну, з часам зарок беднасці стаў выконвацца менш строга): аўгусцінцы, бернардзінцы, дамініканцы, кармеліты, францысканцы. Ватыкан выкарыстоўваў О.м. для барацьбы з ерасямі і для місіянерскай дзейнасці. Для барацьбы з Рэфармацыяй быў створаны ордэн езуітаў, якія разам з піярамі адыгралі адначасова вял. ролю ў развіцці навукі і адукацыі. На ўзор рым.-каталіцкіх О.м. былі створаны і уніяцкія ордэны — базыльян (у грэка-каталіцкай царкве) і мхітарыстаў (у армяна-каталіцкай царкве). На Беларусі найб. актыўная дзейнасць О.м. прыпала на 16—17 ст. — перыяд контррэфармацыі; у 19 ст. дзейнасць большасці ордэнаў тут спынена, а іх кляштары падначалены біскупам. У пач. 20 ст. на Беларусі аднавіў дзейнасць ордэн марыянаў (адраджалі грэка-каталіцкі абрад, буйнейшы кляштар у арх. комплексе б.Друйскага кляштара бернардзінцаў) і з’явіўся ордэн назарэцянак. У 20 ст. О.м. ўдасканальвалі і пашыралі сваю дзейнасць у свеце, прыстасоўваючы яе да патрэб сучаснага жыцця і сац.-эканам. і паліт. змен. Паводле кодэкса кананічнага права 1983 О.м. могуць быць заснаваны на папскім і дыяцэзіяльным праве. У першым выпадку яны знаходзяцца ў распараджэнні папы, у другім — пад апекай дыяцэзіяльнага біскупа. Па сваіх задачах і арганізац. структуры да О.м. блізка стаяць кангрэгацыі і аб’яднанні белых ксяндзоў (напр.камуністы), але не лічацца ордэнамі, бо іх члены не даюць спец. манаскіх зарокаў.
У ісламе да О.м. часам адносяць брацтвы дэрвішаў, прыхільнікаў суфізму — кадзірыя, накшбандзія, ясевія, меўлевія, бекташыя, сенусія і інш. Аднак гэта не зусім дакладна: дэрвішы не даюць зароку бясшлюбнасці, могуць выйсці з манастыра, жаніцца, вярнуцца да часова пакінутай сям’і.
Літ.:
Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;
Карсавин Л.П. Монашество в средние века. М., 1992;
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль са спец. агрэгатамі і абсталяваннем для тушэння пажараў, выканання спец. і дапаможных работ. Дастаўляе да месца пажару баявы разлік, вогнетушыльныя рэчывы, пажарна-тэхн., аварыйна-выратавальнае і інш. абсталяванне. Звычайна выкарыстоўваюцца шасі серыйных аўтамабіляў (КамАЗ, УАЗ, ЗІЛ, КрАЗ, МАЗ і інш.). Падзяляюцца на асноўныя, спец. і дапаможныя. Асноўныя П.а. прызначаны для непасрэднага тушэння пажару — падачы ў зону гарэння вогнетушыльных рэчываў (вады, пены, парашкоў, газаў і інш.). Бываюць агульнага выкарыстання (аўтацыстэрны, аўтапомпы, аўтамабілі помпава-рукаўныя) і мэтавага выкарыстання (пажарныя помпавыя станцыі, парашковыя, пенныя, аўтамабілі газавадзянога, газавага і камбінаванага тушэння, аэрадромныя). Найб. пашыраны аўтацыстэрны, у т. л. вытв-сці «Белкамунмаша» і «Агата». Абсталёўваюцца пажарнымі помпамі высокага (да 40 МПа) і нізкага (да 10 МПа) ціску, ёмістасцямі для вады (2,5—12 м³) і пенаўтваральніка (150—4000 л), пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальным абсталяваннем. Аўтапомпы і помпава-рукаўныя аўтамабілі выкарыстоўваюцца разам з аўтацыстэрнамі або самастойна пры заборы вады з вадаёмаў. Пажарныя помпавыя станцыі падаюць ваду па магістральных пажарных рукавах непасрэдна да перасоўных лафетных ствалоў або да П.а. Аўтамабілі пеннага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў паветрана-мех. пенай; парашковага тушэння — для тушэння пажараў на аб’ектах хім., нафтаперапрацоўчай прам-сці, атамнай энергетыкі, лятальных апаратаў; камбінаванага тушэння — для падачы ў ачаг гарэння вогнетушыльных парашковых саставаў і паветрана-мех. пены. Аўтамабілі газавага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў электраабсталявання пад напружаннем, музеяў і архіваў, гаручых і лёгкаўзгаральных вадкасцей, а таксама пажараў у цяжкадаступных месцах, П.а. газавадзянога тушэння — для тушэння газанафтавых фантанаў (маюць авіяц. турбарэактыўны рухавік з сістэмай трубаправодаў для падачы вады). П.а. аэрадромныя служаць для выратавання пасажыраў і экіпажа самалёта (верталёта), тушэння пажару і работ па ліквідацыі аварыі. Бываюць стартавыя (базіруюцца непасрэдна каля ўзлётнай паласы) і асноўныя (выязджаюць па сігнале трывогі). Спецыяльныя П.а. прызначаны для падняцця людзей на вышыню, забеспячэння сувязі і асвятлення, разборкі канструкцый, барацьбы з дымам, ратавання матэрыяльных каштоўнасцей, пракладкі рукаўных ліній і інш. Да іх адносяцца аўтадрабіны (гл.Пажарныя драбіны), аўтапад’ёмнікі, аўтамабілі газадымаахоўнай службы, сувязі і асвятлення, тэхн. службы, рукаўныя і штабныя. Аўтапад’ёмнікі служаць для выканання работ і ратавання людзей на вышыні; П.а. сувязі і асвятлення — для арганізацыі сувязі, кіравання на пажары, сілкавання электраэнергіяй эл. інструменту; П.а. тэхнічнай службы — для аварыйна-выратавальных работ у задымленых памяшканнях (аснашчаюцца пражэктарамі, кампрэсарам для сілкавання сціснутым паветрам пнеўмаінструменту і газаструменнага дымасоса, электрагенератарам); П.а. газадымаахоўнай службы — для барацьбы з дымам і забеспячэння работ у задымленых памяшканнях, маюць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання; П.а. рукаўныя — для механізаванага пракладвання і прымання магістральных рукаўных ліній, тушэння пажараў вадзянымі і паветрана-пеннымі струменямі з дапамогай стацыянарных і перасоўных лафетных ствалоў. Дапаможныя П.а.: аўтапалівазапраўшчыкі, перасоўныя рамонтныя майстэрні, аўтамабілі-лабараторыі, аўтобусы, грузавыя аўтамабілі і інш. Пашыраецца выкарыстанне П.а. хуткага рэагавання для дастаўкі на месца пажару, аварыі, дарожна-трансп. здарэння баявога разліку, пажарнага і аварыйна-выратавальнага абсталявання (выпускаюцца ВА «Віцязь», г. Віцебск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), палеазой (ад палеа... + грэч. zoē жыццё),
першая пасля пратэразою (дакембрыю) эратэма агульнай стратыграфічнай шкалы адкладаў зямной кары фанеразою; папярэднічае мезазойскай эратэме (эры) і адпавядае палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Вылучана ў 1837 англ. геолагам А.Седжвікам. Падзяляецца на кембрыйскую, ардовікскую, сілурыйскую, дэвонскую, каменнавугальную і пермскую сістэмы (перыяды; гл. адпаведныя арт.). Пачалася 570 млн.г. назад, доўжылася каля 340 млн. гадоў.
Утвораныя ў дапалеазойскі час платформы ў Паўн. (Кіт.-Карэйская, Паўн.-Амерыканская, Сібірская, Усх.-Еўрапейская) і Паўд. (Антарктычная, Аравійская, Афрыканская, Аўстралійская, Індастанская, Паўд.-Амерыканская) паўшар’ях існавалі на працягу палеазойскай эры. Яны неаднаразова апускаліся і заліваліся морамі, у якіх намнажаліся марскія асадкі; на кантынентах фарміраваліся чырванаколерныя пароды, у паглыбленнях — вугляносныя тоўшчы (Данбас, Рурскі бас. і інш.) і эвапарытавыя ўтварэнні (Перадуральскі прагін і інш.). На працягу палеазою адбываліся вял. тэктанічныя рухі, якія суправаджаліся інтэнсіўным вулканізмам і гораўтварэннем (каледонская складкавасць, герцынская складкавасць). У канцы палеазою паўн. платформы ўтварылі суперкантынент Лаўразію, паўд. — Гандвану, якія раздзяляліся акіянам Тэціс.
У арган. свеце на пачатку эры з’явіліся жывёльныя арганізмы з цвёрдым мінералізаваным шкілетам, у кембрыі — археацыяты, трылабіты, беззамковыя брахіяподы, у ардовіку—сілуры — грапталіты, імшанкі, наўтыліды, канадонтаносьбіты; у дэвоне — ганіятыты, гастраподы, замковыя брахіяподы, каралы; у карбоне—пермі — фарамініферы, пеліцыподы і інш. З пазваночных, асабліва ў дэвоне, шырока вядомы рыбы, у карбоне—пермі — разнастайныя земнаводныя. Істотныя змены адбыліся і ў раслінным свеце: у кембрыі—ардовіку пераважалі водарасці, у сілуры з’явіліся першыя расліны сушы (псілафіты), у дэвоне — мохападобныя, прапапараці, членістасцябловыя. Каменнавугальны перыяд характарызуецца росквітам дрэвападобных раслін (асн. крын ша намнажэння вугалю), пермскі — пашырэннем хвойных, з’яўленнем цыкадавых і гінгкавых. З адкладамі эратэмы звязаны багацейшыя радовішчы каменнага вугалю, нафты, мінер. солей, фасфарытаў, жал. руд, медзі, золата і інш.
На Беларусі вядомы ўтварэнні ўсіх перыядаў палеазойскай эры. Адклады сістэм: кембрыйскай (гліны, пясчанікі, алеўраліты, магутнасцю да 430 м), ардовікскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, магутнасцю да 150 м) і сілурыйскай (арганагенныя вапнякі, мергелі, гліны, магутнасцю да 630 м) пашыраны ў Брэсцкай ўпадзіне і на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы; дэвонскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, пясчанікі, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, вулканагенныя ўтварэнні, ніжнедэвонскія магутнасцю да 80 м, сярэднедэвонскія да 200 м і верхнедэвонскія да 3000—3500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і месцамі ў Брэсцкай упадзінах, на Жлобінскай і Латвійскай седлавінах, усх. схілах Бел. антэклізы; каменнавугальнай (пясчанікі, гліны, глініста-мергельныя пароды з праслоямі вапнякоў, даламітаў, бурых вуглёў, магутнасцю ад некалькіх метраў да 1000 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, на крайнім ПдЗ Валынскай монакліналі; пермскай (чырванаколерныя пясчанікі, гліны, даламіты, гіпсы і інш., магутнасцю 30—500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне, на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Да адкладаў палеазою прымеркаваны радовішчы нафты, каменнай і калійных солей, даламітаў, гаручых сланцаў, даўсаніту, пітных і мінеральных вод, расолаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 43,1 тыс.чал. (2000), гарадскога 36,4%. Сярэдняя шчыльн. 15 чал. на 1 км. Цэнтр — г.Петрыкаў. Уключае г.п.Капаткевічы, 125 сельскіх населеных пунктаў, Капаткевіцкі пасялковы Савет, 16 сельсаветаў: Бабуніцкі, Галубіцкі. Грабаўскі, Камаровіцкі, Капцэвіцкі, Колкаўскі, Конкавіцкі, Лучыцкі, Ляскавіцкі, Муляраўскі, Мышанскі, Навасёлкаўскі, Петрыкаўскі, Пціцкі, Снядзінскі і Чалюшчавіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся, паверхня плоская, забалочаная, 95% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 185 м (каляв. Чалюшчавічы). Уздоўж рэк пясчаныя дзюны і грады. Карысныя выкапні: калійная соль, нафта, буры вугаль, торф, пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18,5 °C Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Пціч, Бобрык, Трэмля, Убарць. Воз. Дзікае. Меліярац. каналы: Міхедава-Грабаўскі, Лукіч, Курыціцкі, Галоўчыцкі. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,1%), тарфяна-балотныя (26,9%), поймавыя (алювіяльныя, 19,1%), дзярнова-падзолістыя (13,2%). Пад лесам 56,3% тэр. раёна, у т. л. штучныя хваёвыя насаджэнні (18%). Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя. Пад балотамі 4% тэрыторыі. На тэр. раёна ч.нац. парку Прыпяцкі; біял. заказнікі мясц. значэння: Камаровіцкі, Бобрыкаўскі, Возера Белеў; ахоўныя тарфянікі: Глухі Мох, Снапішча-1, Маркаў Мох, Ліпнікі (частка), Варанецкі Мох, Слабадское, Бажылаў Гул, Касішча, Тапіла. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — геал. агаленне Дарашэвічы, мясц. значэння — паркі: Дарашэвічы, І.Шклярэўскага, дубровы ў Капаткевіцкім, Петрыкаўскім, Кашэвіцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 89,6 тыс.га, з іх асушаных 45,2 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 10 калгасаў, 12 саўгасаў, 9 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод), буд. матэрыялаў (керамзіт, сценавыя блокі, цэгла, сталярныя вырабы і інш.), дрэваапр. (мэбля, сувеніры), камбікормавай, харч. (цэльнамалочныя прадукты, сухое і абястлушчанае малако, масла, казеін, кансервы), кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя, кандытарскія, макаронныя вырабы, кісель) прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гомель—Брэст, аўтадарога Гомель—Кобрын. У раёне 23 сярэднія, 9 базавых, 9 пач., у т. л. школа-садок, 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Капаткевіцкая дапаможная школа для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, Петрыкаўская школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, СПТВ, 2 навучальна-вытв. камбінаты, 2 цэнтры пазашкольнай працы, 2 дамы рамёстваў, клуб «Юны марак», 27 дашкольных устаноў, 50 клубаў, 49 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 8 амбулаторый, 37 фельч.-ак. пунктаў, Пціцкі дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр. Музей В.І.Талаша ў в. Навасёлкі. Помнікі архітэктуры: Успенская царква (1642) у в. Кашэвічы, паркі (19 — пач. 20 ст.) у вёсках Брынёў, Дарашэвічы, Лучыцы, свіран (19 — пач. 20 ст.) у в. Людзвіноў. Мемарыяльны комплекс «Загінуўшым і жывым» (1975) у в. Навасёлкі ў гонар партызан і на ўшанаванне памяці 520 землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Выдаецца газ. «Петрыкаўскія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР IАляксеевіч
(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),
расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.К.Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.І.Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр.фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн.спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каляв.Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Літ.:
Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;
Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;
Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ.Т. 1—3. Смоленск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ГІМНА́ЗІІ,
сярэднія навуч. ўстановы, якія існавалі ў 1858—1918 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Мужчынская дзяржаўная гімназіязасн. ў 1858 на базе мясц. 5-класнага дваранскага пав. вучылішча як класічная гімназія. У 1859—60 адкрыты 6-ы і 7-ы класы. Выкладаліся закон Божы, рус., франц., ням., польск. і лац. мовы, геаграфія, гісторыя, матэматыка, хімія, законазнаўства, чарчэнне, маляванне і інш. Пры гімназіі працавалі: падрыхтоўчы клас, фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыя, царква, кнігарня. Ў кастр. 1861 адбыліся хваляванні сярод вучняў старэйшых класаў, у выніку 6-ы і 7-ы класы былі часова закрыты, каля 60 юнакоў пакінулі гімназію. У лютым 1863 частка выкладчыкаў і вучняў далучылася да паўстанцаў; у 1864 заменены рускімі 6 выкладчыкаў-палякаў. У 1858 вучыліся 130, у 1863—300, у 1871—154 юнакі. Скарачэнне колькасці навучэнцаў звязана з пераўтварэннем у 1865 яе ў рэальную гімназію, выпускнікі якой не мелі права паступаць ва ун-ты. За гады дзейнасці гімназіі ў ёй вучыліся 2764 выхаванцы. У 1872 рэарганізавана ў Пінскае рэальнае вучылішча. Жаночая эксперыментальная гімназія адкрыта ў 1860 пры мужчынскай гімназіі «ў выглядзе доследу» на правах прыватнай навуч. установы. Вучэбная праграма адпавядала 1—3 класам гімназіі. У 1860 было 39 вучаніц. У 1862 зачынена. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 26.8.1906. Мела падрыхтоўчае гадавое аддзяленне, 7 асн. класаў, 8-ы пед. курс і дадатковыя курсы па латыні і законах яўр. веры. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, графіка, педагогіка, музыка, рукадзелле, гігіена. У 1911 было 375 вучаніц. У 1915 гімназія эвакуіравана ў г. Ялец Арлоўскай губ. Скасавана ў 1917. Прыватная жаночая яўрэйская гімназія Л.Л.Валер арганізавана 8.6.1906 з прыватнага вучылішча. Дзейнічалі падрыхтоўчае аддзяленне і 7 асн. класаў. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, матэматыка, гісторыя, геаграфія, законы яўр. веры, прыродазнаўства, музыка, рукадзелле. У 1911 былі 264 вучаніцы. Закрыта ў 1915. Прыватная жаночая яўрэйская гімназія Л.І.Лабзоўскай-Шапіра адкрыта ў 1908 на базе пач. жаночага вучылішча (засн. ў 1900). Дзейнічалі падрыхтоўчае аддзяленне і 7 асн. класаў. Выкладаліся рус., ням. і франц. мовы, законы яўр. веры, педагогіка, касмаграфія, фізіка, матэматыка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, музыка, рукадзелле і інш. У 1911 было 299 вучаніц. У 1915 эвакуіравана ў г. Елізаветград Херсонскай губ. Скасавана ў 1918. Прыватная жаночая прагімназія В.Е.Семавой утворана 10.12.1906 з 2-класнага жаночага вучылішча (дзейнічала з 1872). Мела 5 класаў. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, маляванне, чыстапісанне, рукадзелле. Штогод вучыліся 120—140 вучаніц. У 1915 эвакуіравана ў г. Пераяслаўль Палтаўскай губ. Скасавана ў 1918.
Літ.:
Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;
Памятная книжка Виленского учебного округа за 1911/1912 учебный год. Вильна, 1912.