ВАНА́ДЫЙ
(лац. Vanadium),
V, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 23, ат. м. 50,9415. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: 51V (99,76%) і слаба радыеактыўнага 50V (0,24%, перыяд паўраспаду 1014 гадоў). Належыць да рассеяных элементаў, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Ванадыніт). У зямной кары знаходзіцца 0,019% па масе.
Пластычны серабрыста-шэры метал, шчыльн. 6110 кг/м³, tпл 1920 °C. Устойлівы да ўздзеяння раствораў неарган. к-т, соляў і шчолачаў. Раствараецца ў канцэнтраваных к-тах, у расплавах шчолачаў, на паветры акісляецца да ванадатаў. Пры 600—800 °C узаемадзейнічае з кіслародам, з азотам утварае нітрыд (VN, tпл 2360 °C), з вугляродам — карбід (VC, чорныя крышталі, tпл каля 2830 °C, мае высокую цвёрдасць). Крыніца здабычы — жал. руды, якія маюць злучэнні ванадыю. Атрымліваюць з пентаксіду дыванадыю V2O5 металатэрмічным аднаўленнем. Выкарыстоўваюць як легіруючы кампанент сталяў і спец. сплаваў для авіяц. і касм. тэхнікі, суднабудавання; кампанент звышправодных сплаваў. Злучэнні ванадыю таксічныя; ГДК для V2O5 0,1—0,5 мг/м³.
Г.В.Боднар.
т. 3, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)