ВАЎЧАЯ́ГАДА,

воўчнік (Daphne), род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).

Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)