БАРВЕ́НАК (Vinca),

род кветкавых раслін сям. кутровых. 7 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 1 здзічэлы — барвенак малы (Vinca minor), які расце на старых могілках, у садах і парках, і 2 інтрадукаваныя віды — барвенак травяністы (Vinca herbaces) і барвенак вялікі (Vinca major).

Невялікія шматгадовазялёныя ці лістападныя травяністыя расліны і паўкусты з ляжачымі або прыўзнятымі сцёбламі даўж. да 1 м, якія лёгка ўкараняюцца. Лісце супраціўнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, на кароткіх чаранках. Кветкі сінія, фіялетавыя, ружовыя або белыя, адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — 2-цыліндрычная шматнасенная лістоўка. Дэкар., лек. (гіпатэнзіўны і вяжучы сродак) і ядавітыя (маюць алкалоіды вінкамін, пубесцын, мінарын) расліны.

Барвенак малы.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКМА́НІЯ (Beckmannia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 2 віды. Пашыраны ў нетрапічных раёнах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на заліўных лугах і каля вадаёмаў трапляецца бекманія звычайная (Beckmannia eruciformis); бекманія ўсходняя (Beckmannia syzigachne) — рэдкая заносная расліна.

Шмат- або двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі парасткамі або без іх; утвараюць рыхлыя ці шчыльныя дзярніны. Сцябло (саломіна) выш. 30—150 см, прамастойнае. Лісце лінейнае, плоскае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 1—2-кветкавыя сціснутыя з абодвух бакоў каласкі. Суквецце — густая аднабокая коласападобная мяцёлка даўж. да 30 см. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны. Культывуецца (ураджайнасць да 30 ц/га), выкарыстоўваецца ў травасумесях пры залужэнні поймаў.

Бекманія звычайная.

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЁКАТ (Hyoscyamus),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Канарскіх і Азорскіх а-вах. На Беларусі на сметніках і пустках, каля жылля і дарог зрэдку трапляецца блёкат чорны (H. niger).

Адна- і двухгадовыя густаапушаныя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і непрыемным пахам. Сцябло клейкае ад залозістых валаскоў. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, лопасцевае або буйназубчастае, прыкаранёвае звычайна ў разетцы. Кветкі двухполыя, лейкападобныя, у канцавых аблісцелых завітках. Плод — двухгнездавая каробачка. Лек. (спазмалітычны і болепатольны сродак, лісце ўваходзіць у састаў прэпаратаў асматол і аэрон) і ядавітыя расліны, маюць алкалоіды групы атрапіну — атрапін, скапаламін, гіясцыямін (найб. у насенні), тлусты і эфірны алей.

Блёкат чорны.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЦА (Echinochloa),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, часткова ва ўмерана цёплых краінах зямнога шара. На Беларусі як пустазелле, таксама каля дарог і па берагах рэк трапляецца брыца звычайная, або курынае проса (E. crusgalli), зрэдку — яе занесеная разнавіднасць брыца асцюковая (E. Crusgalli var. aristata).

Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным голым і гладкім простым сцяблом (саломінай) і валасніковістым коранем. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае, плоскае. Каласкі з адной двухполай кветкай, звычайна ў густых аднабаковых мяцёлках. Плод — сціснутая з аднаго боку зярняўка. Харч. (з насення атрымліваюць крупы) і кармавыя расліны, некаторыя віды — пустазелле.

Брыца звычайная.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНІ́ДЫЯ (Actinidia),

род павойных кустовых раслін сям. актынідыевых. Каля 40 відаў. Пашырана ў Паўд.-Усх. Азіі, на Д. Усходзе. На Беларусі 4 інтрадукаваныя віды, больш вядомыя актынідыя каламікта (A. kolomicta) і актынідыя востразубчастая (A. arguta).

Актынідыя каламікта (амурскі агрэст) найб. пашыраная ў культуры. Даўж. да 15 м. Кара цёмная. Лісце дробнапілаватае з рыжаватымі валаскамі на жылках. Кветкі белыя. Цвіце ў чэрвені. Плады — зялёныя ягады даўж. 2—3 см, масай да 4 г, з сакавітай мякаццю, багатай цукрамі і вітамінам С, ядомыя. Каштоўны перганос (дае кветкавы пылок). Размнажаюць насеннем, чаранкамі і адводкамі. Добра расце на дрэніраваных, багатых перагноем глебах. Мароза- і газаўстойлівая.

Актынідыя каламікта.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРЫ́ЛІС (Amaryllis),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Адзін від — амарыліса красуня (A. belladonna) расце ў Паўд. Афрыцы (эндэмік Капскай біягеаграфічнай вобласці). На Беларусі вырошчваюць у пакаёвай культуры, цяпліцах і аранжарэях амарыліс гібрыдны, атрыманы ад скрыжавання амарыліса красуні з рознымі відамі гіпеаструма.

Шматгадовая травяністая расліна з буйнымі грушападобнымі цыбулінамі. Лісце скурыстае, бліскучае, рэменепадобнае. Кветкі буйныя (да 26 см у дыям.), лейкападобныя, духмяныя, сабраныя па 2—12 на канцы доўгага (да 70 см) кветканоса ў парасонік; розных колераў (белыя, чырвоныя, ружовыя, аранжавыя, крэмавыя, іншы раз стракатыя, са штрыхамі і плямамі). Цвіце зімою, ранняй вясною. Плод — каробачка з буйным чорным насеннем. Размнажаецца цыбулінамі-дзеткамі. Святлалюбны.

Амарыліс гібрыдны.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРО́ЗІЯ (Ambrosia),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы (у іншых краінах — занесеныя). На Беларусі рэдка трапляюцца амброзія палыналістая (A. artemisiifolia) і трохраздзельная (A. trifida), магчымы знаходкі і інш. відаў, якія актыўна пашыраюцца ў Еўропе і з’яўляюцца каранцінным пустазеллем.

Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае: перыстарассечанае. Кветкі малапрыкметныя, у маленькіх аднаполых кошыках, сабраных у коласападобныя суквецці (песцікавыя 2-кветныя). Плод — калючкаватая сямянка (адна расліна можа даваць да 90 000 сямянак). Пылок з кветак выклікае алергічныя захворванні: сянную ліхаманку, бранхіяльную астму і інш.

Амброзія палыналістая.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МІ (Ammi),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Амі зубная (A. visnaga) і вялікая (A. majus) культывуюцца на Каўказе, паўд. Украіне і ў Малдове. Інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. сад АН Беларусі.

Адна- або двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым голым баразнаватым сцяблом выш. 50—80 см. Лісце складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя ў складаных парасоніках. Плод — двухсямянка; мае эфірны алей, келін, віснагін, ізапімпінелін, бергаптэн і інш. біял. актыўныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца пры каранарнай недастатковасці, бранхіяльнай астме, коклюшы, як спазмалітычныя сродкі; прэпарат аміфурын — для лячэння віціліга і кругападобнай лысасці. Харчовыя (ужываюцца карані), меданосныя, вострапрыпраўныя і эфіраалейныя расліны.

Амі зубная.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́НІС (Adonis),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. казяльцовых. Больш за 20 відаў, пашыраных у стэпавых і лесастэпавых зонах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі ў 1960-я г. Як дэкар. расліны інтрадукаваны 2 віды: адоніс вясновы, або гарыцвет (adonis vernalis), і адоніс палымяны (adonis flammea).

Сцябло прамое або слабагалінастае выш. ад 5 да 40 (зрэдку да 70) см. Лісце рассечана на вузкія сегменты. Кветкі буйныя, адзіночныя, залаціста-жоўтыя або чырвоныя. Плады — авальныя шматарэшкі з прамым або кручкападобным носікам. Выкарыстоўваюць для групавых пасадак і бардзюраў. Прэпараты з адонісу вясновага ўжываюцца пры сардэчнай недастатковасці, неўрозах.

Адоніс: 1 — вясновы; 2 — летні.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙВА́ (Cydonia),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. 1 від — айва звычайная (Cydonia oblonga). Вырошчваюць у Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Усх. Азіі. На Беларусі культывуюць як пладовую і дэкар. расліну, выкарыстоўваюць таксама як каранёвы прышчэп для грушы.

Дрэва або куст выш. 1,5—8 м, ва ўмовах Беларусі куст выш. 3—4 м. Лісце круглае, авальнае ці яйцападобнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу шараватае, лямцавае. Кветкі адзіночныя, белыя, ружовыя, аранжавыя. Цвіце ў маі—чэрв., плады дробныя, залаціста-жоўтыя, апушаныя, выспяваюць у кастрычніку. Плады багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, эфірным алеем, з іх гатуюць варэнне, джэм, кампоты і інш. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлолюбівая і засухаўстойлівая расліна.

Айва звычайная.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)