МЯТЛІ́ЦА (Agrostis),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. На Беларусі найб. вядомыя віды М.: гіганцкая, або белая (A. gigantea), кармавая расліна натуральных сенажацяў і пашаў; парасткаўтваральная (A. stolonifera); сабачая (A. canina); тонкая (A. tenuis). Трапляюцца па лугах, хмызняках, берагах вадаёмаў.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы выш. да 120 см. Лісце лінейнае, шурпатае.

Дробныя двухполыя кветкі сабраны ў раскідзістую рыхлую шматкаласковую мяцёлку. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.

У.П.Пярэднеў.

Мятліца.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)