ТРАПІ́ЧНЫ ЦЫКЛО́Н, трапічны ўраган,

магутны атмасферны віхор у трапічных шыротах. Узнікае паміж 5—20° паўн. і паўд. шырот і рухаецца ў пасатным патоку на З (ПнЗ у Паўн. і ПдЗ у Паўд. паўшар’ях). У параўнанні з цыклонамі ўмераных шырот адрозніваецца меншымі памерамі (да 300—400 км) і значна большымі барычнымі градыентамі, выключна моцнымі вятрамі (да 70 м/с, у парывах больш за 100 м/с). Суправаджаецца катастрафічнымі ліўневымі ападкамі і навальніцамі, выклікае моцнае хваляванне на моры і разбурэнні ў прыбярэжных раёнах. Унутр. ч. Т.ц. называюць вокам буры. Штогод на Зямлі адзначаюць 70—80 Т.ц. Каля берагоў Усх. Азіі наз. тайфунамі.

т. 15, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ЛАЎ Фёдар Андрэевіч (1792—1855),

жывапісец. Творчасць звязана з Расіяй і Беларуссю (Магілёў, Слаўгарад). Верагодна, з прыгонных, які атрымаў вольную. Працаваў у жанры партрэта. Напісаў больш за 50 твораў, сярод якіх партрэты М.​А.​Шахаўскога, Л.​М.​Шахаўской (абодва сярэдзіна 1810-х г.), Л.​А.​Шахаўской, П.​М.​Мураўёвай, невядомага (усе 1820-я г.), А.​М.​Мураўёва, П.​М.​Мураўёвай з дачкой Соняй (абодва канец 1820 — пач. 1830-х г.), групавы партрэт сям’і кн. Шахаўскіх.

Літ.:

Котельникова И.Г. Ф.​А.​Тулов — малоизвестный русский портретист первой половины XIX в. // Памятники культуры. Ежегодник, 1980. Л., 1981.

А.​К.​Рэсіна.

Ф.Тулаў. Партрэт А.​М.​Мураўёва.

т. 16, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУНМЭНХО́Й, Аб’яднаны саюз, Саюзная ліга,

кітайская рэв. арг-цыя ў пач. 20 ст. Створана Сунь Ятсенам у 1905 у Японіі ў выніку зліцця арг-цыі Сінчжунхой і шэрагу рэв. гурткоў. Праграма Т. грунтавалася на 3 нар. прынцыпах Сунь Ятсена (нацыяналізм, народаўладдзе, нар. дабрабыт), якія ставілі за мэту скінуць у Кітаі маньчжурскую дынастыю Цын, усталяваць рэспубліку, ураўнаваць правы на зямлю для ўсіх сялян. У 1906—11 Т. арганізаваў у Цэнтр. і Паўд. Кітаі некалькі антыманьчжурскіх паўстанняў, актыўна ўдзельнічаў у Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13, якая скінула дынастыю Цын. У жн. 1912 Т. аб’яднаўся з некат. інш. паліт. арг-цыямі ў Нар. партыю — Гаміньдан.

т. 16, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРНІ́Р СПАРТЫ́ЎНЫ,

форма правядзення спарт. спаборніцтваў у розных відах спорту, дзе адбываецца асабістае або каманднае супрацьборства. Бываюць Т.с. кругавы (кожны ўдзельнік паслядоўна сустракаецца з усімі адзін або некалькі разоў), кубкавы (алімп.; на кожным этапе выбываюць пераможаныя і вызначаецца пераможца); т.зв. швейцарскі (колькасць сустрэч — тураў меншая за колькасць удзельнікаў; у 1-м туры пары вызначаюцца жараб’ёўкай, у наступных жараб’ёўка злучае сапернікаў, якія маюць аднолькавую колькасць ачкоў). На адным Т.с. магчыма выкарыстанне розных сістэм.

Заснавальнікі Т.с. ўстанаўліваюць прызы для ўдзельнікаў. Бываюць Т.с. традыц. (напр., штогодні навагодні Гастынгскі турнір шахматыстаў; г. Гастынгс, Вялікабрытанія). міжнар. (напр., па вольнай барацьбе на прызы А.​Мядзведзя, Мінск). турнір «Вялікага шлема» ў тэнісістаў і інш.

т. 16, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРО́ЎЛЯ, Тураўля,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка (выцякае з возера), за 16 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,9 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 0,8 м, даўж. берагавой лініі 8,7 км, пл. вадазбору 803 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 10—18 м (на ПнУ 7—9 м), пераважна пад хваёвым лесам, на Пн месцамі разараныя, амаль на ўсім працягу вылучаецца абразійны ўступ выш. 3—6 м над узр. возера. Берагі высокія, месцамі спадзістыя, забалочаныя. Дно сапрапелістае, вузкая паласа ўздоўж берага выслана апясчаненым ілам. Зарастае. Упадае пратока з воз. Суя і ручай.

т. 16, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́КЛІЦ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (выцякае з возера), за 13 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 2 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 3,2 м, даўж. берагавой лініі 5,5 км, пл. вадазбору 32,9 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—8 м (на У да 10 м), пад лесам, участкамі разараныя. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком, на Пд сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж берагоў да глыб. 0,5 м пясчанае. Моцна зарастае. Упадаюць 2 ручаі, у т. л. з воз. Луконец. Возера зарыблялася сярэбраным карасём.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНДЗІ́Н Г’ЯТСО́, Далай-лама 14-ы (н. 6.7.1935, в. Амдо, прав. Цынхай, Кітай), духоўны кіраўнік будыстаў-ламаістаў. У 1940 абвешчаны перараджэннем (рэінкарнацыяй) Далай-ламы 13-га. У 1950 афіцыйна прыняў сан далай-ламы і стаў духоўным і свецкім правіцелем Тыбета. Пасля ўступлення кіт. войск у Тыбет вымушаны ў 1951 прызнаць суверэнітэт Кітая над Тыбетам У 1954—59 дэп. Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, адначасова ў 1955—59 — старшыня падрыхтоўчага к-та па стварэнні Тыбецкага аўт. раёна. Пасля паўстання 1959 у Тыбеце эмігрыраваў у Індыю, дзе пасяліўся ў в. Дхарамсала. Выступае за незалежнасць Тыбета, але падтрымлівае выключна мірныя сродкі барацьбы. Нобелеўская прэмія міру 1989.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УБЫВА́ЮЧАЙ ДАХО́ДНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

адзін з тэзісаў неакласічнай тэорыі вытв-сці, паводле якога паслядоўнае павелічэнне на адзінку выдаткаў аднаго з фактараў вытв-сці (працы, капіталу, зямлі) пры нязменнай велічыні іншых і нязменных тэхн. умовах дае паніжальную аддачу ў выглядзе прыросту прадукцыі. Паступовае памяншэнне прадукцыйнасці пэўнага фактару вытв-сці прыводзіць да ўраўноўвання яго цаны і выручкі ад прадукцыі, якая атрымліваецца за кошт выкарыстання дадатковых адзінак гэтага фактару. У.д.т. сфармулявана ў пач. 20 ст. А.​Маршалам, Ф.​Эджуартам і інш. (прадстаўнікі Кембрыджскай школы). Яна не дзейнічае ва ўмовах, калі маштабы вытв-сці пашыраюцца і адначасова павялічваецца выкарыстанне ўсіх фактараў, а таксама ва ўмовах тэхн. прагрэсу. Гл. таксама Прадукцыйнасці тэорыі.

т. 16, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАЦЭНТРЫФУГАВА́ННЕ (ад ультра... + цэнтрыфугаванне),

метад раздзялення і даследавання часціц з памерамі меншымі за 100 нм (калоідныя сістэмы, малекулы бялкоў, нуклеінавых кіслот, сінт. палімераў) пад уздзеяннем цэнтрабежных сіл.

Дазваляе раздзяляць сумесі часціц на фракцыі або індывід. кампаненты, вызначаць малекулярную масу палімераў і іх малекулярна-масавае размеркаванне, а таксама ацаніць форму і памеры макрамалекул у растворы (гл. Седыментацыйны аналіз), уплыў статычнага ціску на стабільнасць часцінак і інш. Ажыццяўляюць пры дапамозе ультрацэнтрыфуг, у якіх цэнтрабежнае паскарэнне дасягае 5∙10​5g (g — паскарэнне свабоднага падзення) і перавышае паскарэнне ў цэнтрыфугах, што выкарыстоўваюць пры цэнтрыфугаванні. Аналіт. ультрацэнтрыфуга створана Т.Сведбергам у 1923.

Літ.:

Боуэн Т. Введение в ультрацентрифугирование: Пер. с англ. М., 1973.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́МА (шумерскае Убме),

старажытны горад-дзяржава ў Паўд. Двухрэччы (сучаснае гарадзішча Джоха ў Іраку). У 3-м тыс. да н.э. вяла барацьбу з Лагашам з-за пагранічных тэрыторый і каналаў. У 24 ст. да н.э. правіцель У.​Лугальзагісі атрымаў перамогу над Лагашам. У канцы 24 ст. да н.э. заваявана царом Акада Сарганам і ўвайшла ў склад Акадскай дзяржавы. Каля 2200 да н.э. горад захапіла племя гуціяў. У 21 ст. да н.э. У. — акруговы цэнтр Шумера і Акада. Каля 2000 да н.э. страціла сваё значэнне. У пач. 20 ст. н.э. на гарадзішчы Джоха мясц. жыхары знайшлі клінапісныя таблічкі (архіў царска-храмавых гаспадарак 23—21 ст. да н.э.).

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)