УЛЬТРАЦЭНТРЫФУГАВА́ННЕ (ад ультра... + цэнтрыфугаванне),

метад раздзялення і даследавання часціц з памерамі меншымі за 100 нм (калоідныя сістэмы, малекулы бялкоў, нуклеінавых кіслот, сінт. палімераў) пад уздзеяннем цэнтрабежных сіл.

Дазваляе раздзяляць сумесі часціц на фракцыі або індывід. кампаненты, вызначаць малекулярную масу палімераў і іх малекулярна-масавае размеркаванне, а таксама ацаніць форму і памеры макрамалекул у растворы (гл. Седыментацыйны аналіз), уплыў статычнага ціску на стабільнасць часцінак і інш. Ажыццяўляюць пры дапамозе ультрацэнтрыфуг, у якіх цэнтрабежнае паскарэнне дасягае 5∙10​5g (g — паскарэнне свабоднага падзення) і перавышае паскарэнне ў цэнтрыфугах, што выкарыстоўваюць пры цэнтрыфугаванні. Аналіт. ультрацэнтрыфуга створана Т.Сведбергам у 1923.

Літ.:

Боуэн Т. Введение в ультрацентрифугирование: Пер. с англ. М., 1973.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)