У́МА (шумерскае Убме),
старажытны горад-дзяржава ў Паўд. Двухрэччы (сучаснае гарадзішча Джоха ў Іраку). У 3-м тыс. да н.э. вяла барацьбу з Лагашам з-за пагранічных тэрыторый і каналаў. У 24 ст. да н.э. правіцель У.Лугальзагісі атрымаў перамогу над Лагашам. У канцы 24 ст. да н.э. заваявана царом Акада Сарганам і ўвайшла ў склад Акадскай дзяржавы. Каля 2200 да н.э. горад захапіла племя гуціяў. У 21 ст. да н.э. У. — акруговы цэнтр Шумера і Акада. Каля 2000 да н.э. страціла сваё значэнне. У пач. 20 ст. н.э. на гарадзішчы Джоха мясц. жыхары знайшлі клінапісныя таблічкі (архіў царска-храмавых гаспадарак 23—21 ст. да н.э.).
т. 16, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)