ЮА́НЬ, Дай Юань (Вялікая Юань),

мангольская дынастыя, якая правіла ў Кітаі ў 13—14 ст. У гіст. л-ры існуюць розныя даты яе праўлення [1271 (1279 ці 1280) — 1368]. Заваяванне Кітая пачаў Чынгісхан. Яго пераемнік Угедэй у 1234 падпарадкаваў увесь Паўн. Кітай. У 1250-я г. Манг. імперыя распалася на самаст. дзяржавы; адной з іх стала дзяржава Хубілая (на ханскі прастол уступіў у 1260), у склад якой уваходзілі тэр. ўласна Манголіі і Паўн. Кітая. У 1271 Хубілай даў сваёй дынастыі кіт. назву Юань. У 1279 яго войскі знішчылі кіт. імперыю Паўд. Сун і завяршылі заваяванне Паўд. Кітая. Пасля яго пераемніка Тэмура [1295—1307] пачалася барацьба прэтэндэнтаў на прастол: за 1308—32 змянілася 8 імператараў. У час праўлення Тагон-Тэмура [1333—68] у Кітаі пачаліся нар. паўстанні; у выніку «Чырвоных войск» паўстання 1351—68 манголы былі выгнаны і ў 1368 засн. кіт. дынастыя Мін. Пасля звяржэння Ю. улада чынгісідаў заняпала і ў Манголіі; адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў.

т. 18, кн. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЖО́Ў Мікалай Іванавіч (крас. 1895, С.-Пецярбург — 4.2.1940),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч; адзін з арганізатараў і кіраўнікоў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930-я г. Генеральны камісар дзярж. бяспекі (1937). У 1917 працаваў у Віцебску ў артыл. майстэрнях, дэпутат Віцебскага Савета салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік грамадз. вайны. З 1922 сакратар Марыйскага абкома, Сяміпалацінскага губкома, Казахскага крайкома ВКП(б). З 1927 у ЦК ВКП(б). З 1934 нам. старшыні, з 1935 — старшыня Камісіі парт. кантролю пры ЦК і адначасова сакратар ЦК ВКП(б). Чл. выканкома Камінтэрна (1935). З 1936 нарком унутр. спраў, з 1938 — воднага транспарту СССР. Член ВЦВК і ЦВК СССР, Дэп. Вярх. савета СССР (з 1937). 10.6.1939 арыштаваны і паводле пастановы Ваен. калегіі Вярх. суда СССР 3.2.1940 прыгавораны да расстрэлу. Не рэабілітаваны.

Літ.:

Кокурин А., Петров Н. Большая чистка. НКВД: структура, функции. кадры, 1938—1941 гг. // Правда. 1997. 30 мая — 6 июня;

Кузняцоў І. Узлёт і падзенне «жалезнага» наркома // Голас Радзімы. 1998. 2 сак.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 18, кн. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЖО́ЎСКІ Юзаф (каля 1793—16.8.1855),

філолаг, філосаф, удзельнік вызв. руху на Беларусі і ў Літве ў пач. 19 ст.; адзін з заснавальнікаў і прэзідэнт (1817—23) т-ва філаматаў. Скончыў базыльянскую школу ў г. Умань (1815), вучыўся ў Віленскім ун-це. Паслядоўнік філасофіі І.​Канта. Склаў статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належыць Таварыству сяброў карыснай забавы» (гл. «Прамяністыя»), перапрацаваў статут літ. т-ва і дамогся яго пераходу пад кіраўніцтва філаматаў. Займаўся ўдасканаленнем арганізац. структуры філаматычнага руху. Арыштаваны па справе т-ва філаматаў. 24.10.1824 вымушана пакінуў Вільню, працаваў настаўнікам у Рышэльеўскім ліцэі ў Адэсе. З ліп. 1825 у Маскве, настаўнік класічных моў у гімназіі, выкладчык грэч. мовы ў Маскоўскім ун-це, займаўся навук. працай. Выдаў у Маскве кнігі «Шэсць песень «Адысеі» Гамера (1828, на лац. мове) і «Аб развіцці філалагічных даследаванняў пісьмаў Платона» (1829). З 1841 жыў на Украіне, працаваў хатнім настаўнікам.

Тв.:

Horacego ody. Wilno, 1822;

Dodatek [do Horacego]. Wilno, 1824.

М.​Я.​Рыбко.

т. 18, кн. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ТАЎ Уладзімір Дзмітрыевіч (н. 5.11.1926, в. Рацькава Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Канд. гіст. н. (1967). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Ў 1945—61 на камсам. і парт. рабоце ў Літве. З 1961 у Мінску. З 1963 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у 1973—90 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Друкуецца з 1962. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар кніг пра бел. парт. і дзярж. дзеячаў: «А.​І.​Чарвякоў: старонкі біяграфіі» (1978), «М.​М.​Галадзед: Старонкі біяграфіі» (1981), «Аляксандр Чарвякоў» (1986), «Сяргей Прытыцкі: Старонкі біяграфіі» (1991), «Пётр Машэраў» (1992), «Аляксандр Лукашэнка» (2000) і інш. Піша аповесці («Янаўская элегія», 1993), апавяданні, эсэ, нарысы і інш. Творы Я. засн. пераважна на дакументах і фактычным матэрыяле.

Тв.:

Железнодорожная магистраль Белоруссии. Мн., 1971;

Віхурны досвітак: Дакум. аповесці. Мн., 1983;

Вровень с веком: Страницы биогр. о Н.​М.​Голодеде. Мн., 1989;

Приговор века: Ист.-докум. повести. Мн., 1990;

Академическая сюита: Повести. Мн., 1992.

т. 18, кн. 1, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛХО́Ў Юрый Аляксандравіч (н. 7.12.1940, Масква),

бел. кінааператар, рэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1970). З 1971 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм», адначасова з 1990 — у «Белвідэацэнтры». Як аператар зняў дзіцячыя тэлемюзіклы «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977) і фільмы «Марынка, Янка і каралеўская сварка» (1976), «Зорка Венера» (2000; абодва з М.​Браўдэ); маст. фільмы «Браты Рыка» (1980), «Раскіданае гняздо» (1982), «Культпаход у тэатр» (1983), «Двое на востраве слёз» (1986), «Адступнік» (1987), «Наш бронецягнік» (1988), «Сын за бацьку» (1995). Сярод інш. аператарскіх работ у дакумент. кіно: «Я — крэпасць, вяду бой» (1972; у сааўт.), «Загадка Францыска Скарыны» (1973), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «У вайны не жаночы твар» (1980—84, паводле твораў С.​Алексіевіч), «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (1984; абодва з С.​Пятроўскім), «Святлана» (1997) і інш. Паставіў маст. фільмы «Кашкадаў Сільвер» (1988), «Прабач нас, мачыха-Расія» (1990), «Анамалія» (1992), «Анастасія Слуцкая» (2003; прыз Міжнар. кінафестывалю «Брыганціна» ў г. Бярдзянск, Украіна, 2003).

В.​Ф.​Нячай.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́СЕЛКА,

назва бел. т-ра батлейкавага тыпу; самая даўняя і кансерватыўная яго форма; таксама назва скрынкі з нерухомымі лялькамі — правобраз і папярэдніца батлейкавага т-ра (гл. Батлейка). Вядома пераважна ў зах. частцы Беларусі. Назву атрымала ад ясляў (прыстасаванне для корму жывёлы ў хляве), дзе, паводле біблейскага падання, нарадзіўся Ісус Хрыстос. Уяўляла адкрытую скрынку накшталт 1-павярховага доміка без пярэдняй сцяны з лялькамі, якая выстаўлялася ў час богаслужэння на Каляды ў храмах. Пры дапамозе лялек стваралася панарамная статычная кампазіцыя — сцэны на адну з біблейскіх тэм (нараджэнне Хрыста, пакланенне вешчуноў і г.д.). Паказы суправаджаліся звычайна спяваннем рэліг. вершаў, кантаў і псальмаў. Часам Я. аздаблялі дэкарат. дэталямі, промнямі каляднай зоркі з каляровай паперы ці кардону, якія ўваходзілі ў атрыбутыку нар. калядных тэатралізаваных прадстаўленняў.

Літ.:

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр «батлейка». Мн., 1962;

Каладзінскі М.А. Батлейка // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Яго ж. Батлейка. Мн., 2000.

т. 18, кн. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСІ́НСКІ Антон Мікітавіч (4.10.1864, с. Мяжырыч Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 13.11.1933),

бел. гісторык. Акад. Бел. АН (1928), чл. Чэшскай АН (1907), д-р усеагульнай гісторыі (1901), праф. (1896). Скончыў Кіеўскі ун-т (1888). У 1896—1911 праф. Юр’еўскага (Тартускага) ун-та. У 1911—19 дырэктар Пед. ін-та імя П.​Р.​Шалапуціна ў Маскве, адначасова прыват-дацэнт, праф. Маскоўскага ун-та, у 1920—22 праф. Маскоўскага археал. ін-та. У 1922—28 праф. БДУ па кафедры гісторыі сярэдніх вякоў. У 1927—29 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі Інбелкульта, у 1929—33 у Ін-це гісторыі Бел. АН. Навук. працы па сярэдневяковай гісторыі Чэхіі, гісторыі землеўладання на Беларусі ў 15 ст.

Тв.:

Падение земского строя в Чешском государстве (X—XIII вв.). Киев, 1895;

Очерки и исследования по социальной и экономической истории Чехии в средние века. Т. 1. Юрьев, 1901;

Поземельная опись Градищенского монастыря: Опыт изучения памятника аграр. истории Чехии. Мн., 1926.

В.​А.​Астрога, У.​Я.​Калаткоў.

А.М.Ясінскі.

т. 18, кн. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЁНАК Іван Сцяпанавіч (н. 25.1.1937, в. Семяньковічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мед. і біял. навук. Д-р мед. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1963). З 1966 у Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві. З 1973 у Бел. філіяле Цэнтр. НДІ працы (заг. лабараторыі). З 1988 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры медыцыны катастроф). З 1994 у Бел. ун-це інфарматыкі і электронікі (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні ўплыву на здароўе чалавека навакольнага асяроддзя, распрацоўцы метадалогіі прагназіравання ацэнкі здароўя насельніцтва Беларусі ва ўмовах пастаяннай змены фактараў асяроддзя і інш.

Тв.:

Построение модели медико-экологического мониторинга в РБ (разам з Я.​У.​Новікавым) // Предпатология: проблемы и решения. Мн., 2000;

Территориально-дифференцированный подход к оценке здоровья населения с учетом оценки загрязнения окружающей среды (разам з С.​М.​Сакаловым) // Здоровье и окружающая среда. Мн., 2001;

Пути решения проблемы экологической безопасности как управляемой системы // Там жа. Мн., 2002. Т. 1.

т. 18, кн. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНІКО́Ў Анатоль Фёдаравіч (н. 15.7.1950, в. Шмідзельшчына Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. гісторык і публіцыст. Канд. гіст. н. (1987). Скончыў БДУ (1972). З 1972 працаваў у газ. «Чырвоная змена», з 1978 — у газ. «Звязда». Адначасова ў 1995—96 прэс-сакратар Старшыні Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь, у 1996—99 гал. рэдактар час. «Гуманітарна-эканамічны веснік». Даследуе гісторыю Беларусі 19—20 ст., праблемы бел. нац. журналістыкі і міжнац. зносін у Рэспубліцы Беларусь. Аўтар дакумент. аповесцей і нарысаў пра Я.​Адамовіча, А.​Бурбіса, Дз.​Прышчэпава, А.​Смоліча, Е.​Убарэвіча, А.​Чарвякова і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1994 за кн. «Нацдэмы; Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка» (1993).

Тв.:

Сацыялістычнае спаборніцтва і друк Беларусі. Мн., 1980;

Образцовая организованность и сознательная дисциплина — залог трудового успеха. Мн., 1984;

Социалистическое соревнование: новые ориентиры. Мн., 1988;

Айчыны верныя сыны: Гіст. нарысы. Мн., 1997;

Дзеля гэтага варта жыць. Мн., 2000;

Гісторыя Беларусі: пытанні і адказы. Мн., 2004.

А.Ф.Мяснікоў.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЗЛІН Міхаіл Веньямінавіч (29.7.1928, г. Гомель — 1.1.1999),

расійскі фізік. Чл.-кар. Рас. акад. прыродазнаўчых навук (1991), чл. Нью-Йоркскай АН. Д-р фіз.-матэм. н., прафесар. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1950). У 1950—57 на прадпрыемстве «Свярдлоўск-45», з 1959 у Ін-це ядз. сінтэзу Рас. навук. цэнтра «Курчатаўскі ін-т». Навук. працы па фізіцы плазмы, нелінейнай фізіцы, геафіз. і астрафіз. гідрадынаміцы. Даследаваў найб. моцныя няўстойлівасці плазменных патокаў, упершыню эксперыментальна назіраў новыя аб’екты фізікі плазмы — ленгмюраўскі салітон у магн. полі, віхравы салітон Росбі. Растлумачыў феномен галінавання спіральных рукавоў галактык, прадказаў існаванне ў галактыках буйнамаштабных віхраў (гіганцкіх антыцыклонаў), наяўнасць якіх пацверджана астр. назіраннямі. Прэмія імя Л.​А.​Арцымовіча Рас. АН (1995).

Тв.:

Динамика пучков в плазме. М., 1982;

Солитоны Россби // Успехи физ. наук. 1986. Т. 150, вып. 1;

Вихри Россби и спиральные структуры: Астрофизика и физика плазмы в опытах на мелкой воде. М., 1990 (разам з Я.​М.​Снежкіным);

Physics of íntense Beams in Plasmas. Bristol, 1993.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)