ЮА́НЬ, Дай Юань (Вялікая Юань),

мангольская дынастыя, якая правіла ў Кітаі ў 13—14 ст. У гіст. л-ры існуюць розныя даты яе праўлення [1271 (1279 ці 1280) — 1368]. Заваяванне Кітая пачаў Чынгісхан. Яго пераемнік Угедэй у 1234 падпарадкаваў увесь Паўн. Кітай. У 1250-я г. Манг. імперыя распалася на самаст. дзяржавы; адной з іх стала дзяржава Хубілая (на ханскі прастол уступіў у 1260), у склад якой уваходзілі тэр. ўласна Манголіі і Паўн. Кітая. У 1271 Хубілай даў сваёй дынастыі кіт. назву Юань. У 1279 яго войскі знішчылі кіт. імперыю Паўд. Сун і завяршылі заваяванне Паўд. Кітая. Пасля яго пераемніка Тэмура [1295—1307] пачалася барацьба прэтэндэнтаў на прастол: за 1308—32 змянілася 8 імператараў. У час праўлення Тагон-Тэмура [1333—68] у Кітаі пачаліся нар. паўстанні; у выніку «Чырвоных войск» паўстання 1351—68 манголы былі выгнаны і ў 1368 засн. кіт. дынастыя Мін. Пасля звяржэння Ю. улада чынгісідаў заняпала і ў Манголіі; адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў.

т. 18, кн. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)