ЯЖО́ЎСКІ Юзаф (каля 1793—16.8.1855),

філолаг, філосаф, удзельнік вызв. руху на Беларусі і ў Літве ў пач. 19 ст.; адзін з заснавальнікаў і прэзідэнт (1817—23) т-ва філаматаў. Скончыў базыльянскую школу ў г. Умань (1815), вучыўся ў Віленскім ун-це. Паслядоўнік філасофіі І.​Канта. Склаў статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належыць Таварыству сяброў карыснай забавы» (гл. «Прамяністыя»), перапрацаваў статут літ. т-ва і дамогся яго пераходу пад кіраўніцтва філаматаў. Займаўся ўдасканаленнем арганізац. структуры філаматычнага руху. Арыштаваны па справе т-ва філаматаў. 24.10.1824 вымушана пакінуў Вільню, працаваў настаўнікам у Рышэльеўскім ліцэі ў Адэсе. З ліп. 1825 у Маскве, настаўнік класічных моў у гімназіі, выкладчык грэч. мовы ў Маскоўскім ун-це, займаўся навук. працай. Выдаў у Маскве кнігі «Шэсць песень «Адысеі» Гамера (1828, на лац. мове) і «Аб развіцці філалагічных даследаванняў пісьмаў Платона» (1829). З 1841 жыў на Украіне, працаваў хатнім настаўнікам.

Тв.:

Horacego ody. Wilno, 1822;

Dodatek [do Horacego]. Wilno, 1824.

М.​Я.​Рыбко.

т. 18, кн. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)