запіс, узнаўленне і пераўтварэнне хвалевага фронту эл.-магн. хваль радыёдыяпазону. Метады Р. маюць шмат агульнага з метадамі аптычнай галаграфіі.
Радыёгалаграфічны працэс складаецца з запісу радыёгалаграмы, што адлюстроўвае параметры хвалевага фронту эл.-магн. поля, і ўзнаўлення відарыса аб’екта, з удзелам якога атрымаўся радыёфронт. Для запісу выкарыстоўваюцца неперарыўныя асяроддзі (аналагічныя фотаматэрыялам у аптычнай галаграфіі) або зонды. Неперарыўнымі асяроддзямі служаць плёнкі рэчываў, аптычныя ўласцівасці якіх (празрыстасць, паказчык пераламлення, паварот плоскасці палярызацыі і інш.) залежаць ад т-ры і лакальна мяняюцца пад уздзеяннем цеплаты, якая вылучаецца пры паглынанні радыёхваль. Зондамі з’яўляюцца антэны або целы, якія рассейваюць эл.-магн. хвалі. Для ўзнаўлення відарыса аб’екта выкарыстоўваюць аптычныя, радыётэхн. або выліч. спосабы. Пры аптычным спосабе радыёгалаграма пераносіцца ў адпаведным маштабе на аптычнае асяроддзе (напр., фотаплёнку), потым асвятляецца апорнай хваляй. Для фарміравання апорнай хвалі ў Р. выкарыстоўваюцца 2 спосабы: звычайны (як і ў аптычнай галаграфіі, калі апорная хваля фізічна існуе ў прасторы адначасова з прадметнай) і спецыфічны для Р., калі ў прасторы ёсць толькі адна (прадметная) хваля, а апорная падаецца ў тракт радыёпрыёмніка ці зонда. Р. выкарыстоўваецца для даследавання аддаленых аб’ектаў, напр., планет і Зямлі з космасу (раздзяленне пры адлюстраванні паверхні на некалькі парадкаў вышэйшае, чым пры звычайных метадах радыёлакацыі), для атрымання відарысаў аб’ектаў, схаваных аптычна непразрыстымі асяроддзямі (напр., ва ўмовах густой воблачнасці), у антэннай тэхніцы (для мадэліравання антэн, вымярэння іх параметраў і інш.), для апрацоўкі радыёсігналаў (сцісканне радыёлакацыйных імпульсаў) і інш.
На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца ў БДУ і Гомельскім ун-це.
Літ.:
Сафронов Г.С., Сафронова А.П. Введение в радиоголографию. М., 1973;
Бахрах Л.Д., Курочкин А.П. Голография в микроволновой технике. М., 1979;
Методы измерений параметров излучающих систем в ближней зоне. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац.валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв.гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.
З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,
зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтва СССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькі эканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РЫ,
1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.
2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.
3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаўвял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.
4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.
5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́МЕЛЬ (Ян) (1780, г. Елгава, Латвія — 30.8.1840),
бел. жывапісец, рысавальшчык. Скончыў Віленскі ун-т (1809) і выкладаў у ім (1809—20). У 1820—22 па лжывым абвінавачванні ў крымінальным злачынстве сасланы ў Сібір. З 1822 жыў у Мінску. Творчасць Д. сфарміравалася пад уплывам класіцызму. Майстар гіст. жанру: «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» (абедзве 1820-я г.), «Хрышчэнне славян», «Чарнецкі пераплывае Піліцу», «Смерць Глінскага ў няволі», «Вызваленне Т.Касцюшкі з цямніцы» (1830-я г.), «Твардоўскі паказвае Сігізмунду Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю», «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.», «Разбітыя войскі Напалеона на плошчы ратушы ў Вільні» і інш. Імкнуўся дакладна аднавіць рэальную карціну падзей. У 1820 выканаў эскізы і малюнкі на тэмы вайны 1812, у 1821—22 — шматлікія (некалькі альбомаў) малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры, партрэты («Група татар», «Партрэт Томаса дэ Берваля» і інш. з «Дзённіка падарожжа ў Сібір»), пейзажы («Захад сонца ў Табольску»), размалёўкі Евангелісцкага касцёла ў Табольску і касцёла бернардзінцаў у Томску. Аўтар жывапісных твораў на рэліг. сюжэты (сярэдзіна 1820-х — 1830-я г.): «Святая дзева з дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэнне святога Пятра», «Палажэнне ў труну», «Маленне аб чашы», «Спакушэнне Хрыста», «Агар у пустыні». Напісаў партрэты кн. Д.Радзівіла, графаў І.Храптовіча і К.Тышкевіча, рэктара Віленскага ун-та Ш.Малеўскага, ксяндза Ф.Галанскага, «М.Равіч з сынам», «А.Горват з жонкай», «Валатковіч з жонкай», дзярж. дзеячаў М.Спяранскага, С.Строганава, Е.Кабылінскага і інш. Партрэтам уласціва тонкая псіхал. характарыстыка, некаторыя (аўтапартрэт, партрэт праф. Я.Рустэма) маюць рысы рамантызму. Аўтар пейзажаў Мінска і яго ваколіц («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в.Мн., 1974.
Я.Дамель. Аўтапартрэт.Я.Дамель. Партрэт І.Л.Храптовіча (копія карціны мастака І.Грасі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛАС,
1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес.муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькірэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.
2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.
3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.
4) Матыў, мелодыя песні.
Літ.:
Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛСУАРСІ ((Galsworthy) Джон) (14.8.1867, Кінгстан-Хіл, графства Сурэй, Вялікабрытанія — 31.1.1933),
англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т. Заснавальнік ПЭН-клуба (1921). Манум. эпапея Голсуарсі — хроніка сям’і Фарсайтаў — складаецца з дзвюх трылогій: «Сага пра Фарсайтаў» (раманы «Уласнік», 1906; «У пятлі», 1920; «Здаецца ў наём», 1921; навелы-інтэрлюдыі «Апошняе лета Фарсайта», 1918; «Абуджэнне», 1920) і «Сучасная камедыя» (раманы «Белая малпа», 1924; «Сярэбраная лыжка», 1926; «Лебядзіная песня», 1928; навелы-інтэрлюдыі «Ідылія», «Сустрэчы», абедзве 1927), ахоплівае жыццё Вялікабрытаніі канца 19 — 1-й трэці 20 ст. Ён аўтар зб-каў апавяданняў «Пад чатырма вятрамі» (1897), «На фарсайцкай біржы» (1930) і інш., раманаў «Віла Рубэйн» (1900), «Сядзіба» (1907), «Патрыцый» (1911), «Фрылэнды» (1915) і інш.; трылогіі «Канец главы» (раманы «Дзяўчына-сябар», 1931; «Квітнеючая пустыня», 1932; «Праз раку», 1933); п’ес «Сярэбраная скрынка» (1909), «Мёртвая хватка» (1920) і інш. Асэнсоўваў тэмы: уласніцтва і прыгажосць, уласніцтва і творчасць, «выхаванне пачуццяў» і духоўнае ўдасканаленне асобы, жыццё і мастацтва. Творам Голсуарсі ўласцівы эпічная шырыня, аб’ектыўнасць і шматграннасць у адлюстраванні рэчаіснасці, маштабнасць абагульненняў, спалучэнне псіхал. аналізу з гісторыка-сацыяльным, адметную функцыю ў іх выконвае разгорнутая сістэма сімвалаў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, у т. л. праграмных «Алегорыя пра пісьменніка», «Некалькі труізмаў пра драматургію» (абодва 1909), «Туманныя думкі пра мастацтва» (1911), «Літаратура і жыццё» (1931) і інш. Нобелеўская прэмія 1932.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—16. М., 1962;
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1983—87;
Конец главы. М., 1984.
Літ.:
Дубашинский И.А. «Сага о Форсайтах» Джона Голсуорси. М., 1978;
Дюпре К. Джон Голсуорси: Биогр.: Пер. с англ.М., 1986;
Дьяконова Н.Я. Джон Голсуорси, 1867—1933. Л.;
М., 1960;
Жантиева Д.Г. Джон Голсуорси // Жантиева Д.Г., Английский роман XX в., 1918—1939. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭ́ЗІЯ (ад геа... + грэч. daiō дзялю, падзяляю),
навука аб вызначэнні формы, памераў, гравітацыйнага поля Зямлі, вымярэнні аб’ектаў мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, правядзення праектна-вышукальных работ інж. прызначэння. Цесна звязана з астраноміяй, геаграфіяй, геафізікай, картаграфіяй і інш. Падзяляецца на вышэйшую геадэзію (вывучае форму і гравітацыйнае поле Зямлі, тэорыю і метады пабудовы апорнай геад. сеткі) і ўласна геадэзію (распрацоўвае спосабы вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў інж. справе). Раздзел геадэзіі, які ўключае тэхналогію і арганізацыю вымярэнняў на мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, адносяць да тапаграфіі. Інжынерная геадэзія вывучае комплекс геад. работ, што выконваюцца пры праектаванні, буд-ве і эксплуатацыі гідратэхн., трансп., прамысл., гар. і сельскіх збудаванняў. Касмічная геадэзія на аснове назіранняў штучных спадарожнікаў вывучае форму Зямлі і метады вызначэння каардынат геадэзічных пунктаў на зямной паверхні. Для выканання геад. работ на мясцовасці ўжываюцца спец.геадэзічныя прылады і інструменты. Асноўныя геафіз., тапагр., фотаграмметрычныя, картаграфічныя работы на Беларусі выконваюць Мінскае ВА «Аэратапагеадэзія», Мінская картаграфічная фабрыка.
Геадэзія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э., калі з’явілася неабходнасць правядзення вымярэнняў на зямлі і складання планаў і картаў у гасп. мэтах. Прасцейшыя геад. вымярэнні былі вядомы ў Вавілоне, Асірыі, Егіпце, Грэцыі, Кітаі, Індыі і Рыме. З 18 ст. вядуцца градусныя вымярэнні для вызначэння формы і памеру Зямлі і інш.
На Беларусі геад. работы ў 19 ст. выконвалі М.Глушневіч і І.Ходзька. І.І.Жылінскі быў нач. трыянгуляцыі зах.тэр. Расіі, кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52°паўн. шыраты. Па матэрыялах аэрафотаздымкі складзены дробнамаштабныя карты тэр. ўсёй краіны. Вял. ўклад у тэорыю і практыку інж. вылічэнняў зрабілі вучоныя Беларусі А.А.Дражнюк, І.В.Зубрыцкі, І.І.Купчынаў, Я.Г.Ларчанка, Д.А.Куляшоў, С.М.Лебедзеў, В.Ю.Мінько, В.В.Папоў, А.А.Саламонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы для аховы (гідраізаляцыі) буд. канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных водных раствораў. Падзяляюцца на проціфільтрацыйныя (герметызавальныя) і процікаразійныя; паводле віду асн. матэрыялу — на нафтабітумныя, дзёгцевыя, палімерныя, армацэментавыя і інш. (у іх састаў могуць уводзіцца мінер. напаўняльнікі і мадыфікаваныя дабаўкі — растваральнікі, стабілізатары, пластыфікатары, антысептыкі, структураўтваральнікі і г. д.). Бываюць абклеечныя, абмазачныя, цвёрдыя і пластычныя. Могуць арміравацца стальнымі або палімернымі валокнамі, метал. або шкласеткай, шклотканінай і інш.
Абклеечныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — руберойд, пергамін, гідраізол, шклоруберойд, металаізол і інш. рулонныя матэрыялы, аснова якіх (з кардону, шкловалакна, метал. фольгі і інш.) прамочана або пакрыта бітумам ці дзёгцевымі рэчывамі. Укладваюць у некалькі слаёў, змацоўваюць масцікай. Абмазачныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — гарачыя або халодныя бітумныя і дзёгцевыя масцікі, бітумныя лакі і фарбы з напаўняльнікамі, пасты і эмульсіі (гл.Лакафарбавыя матэрыялы). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі трубаправодаў, падземнай часткі жалезабетонных канструкцый, для аховы метал. канструкцый ад карозіі. Цвёрдыя гідраізаляцыйныя матэрыялы — тынк цэментавы (з воданепрымальнымі і ўшчыльняльнымі дабаўкамі), асфальтавы і інш.; пліты і маты асфальтавыя (арміраваныя і неарміраваныя, гарачапрасаваныя); прыродныя, керамічныя і бетонныя камяні, прамочаныя арган. вяжучымі рэчывамі; жалезабетонныя вырабы (бетоны высокай шчыльнасці), а таксама лісты са сталі і інш. Выкарыстоўваюць для аховы фундаментаў і сцен будынкаў, тунэляў, рэзервуараў, гідратэхн. збудаванняў. Пластычныя гідраізаляцыйныя матэрыялы падзяляюцца на масцікавыя (аналагічныя абмазачным, але наносяцца большай колькасцю слаёў), плітачныя (сумесь бітумаў з напаўняльнікамі, арміраваная кардонам, тканінамі, метал. сеткамі) і асфальтавыя (асфальтавая масціка з напаўняльнікамі, выкарыстоўваецца для ізаляцыі праезнай часткі мастоў, падлогі ў міжпаверхавых перакрыццях і г.д.). Пашыраны пакрыцці з тэрмапластаў — палімерных плёнак (наносяць на трубы для іх гідраізаляцыі і інш.). Гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам геал. і гідрагеал. умоў, рэжыму падземных вод, важнасці збудаванняў і асаблівасці іх эксплуатацыі, ступені небяспекі ад уцечкі вадкасці з ёмістасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА (лац. Ferrum),
Fe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 26, ат. м. 55,847. Складаецца з 4 стабільных ізатопаў: 54Fe (5,84%), 56Fe (91,68%), 57Fe (2,17%), 58Fe (0,31%). У зямной кары 4,65% па масе (найб. распаўсюджаны метал — другі пасля алюмінію). Вядома больш за 300 мінералаў (гл.Жалезныя руды). Самароднае (метэорнае і тэлурычнае) сустракаецца рэдка. Прысутнічае ў арганізмах усіх жывёл і раслін, уваходзіць у склад гемаглабіну.
Ж. — бліскучы серабрыста-белы пластычны метал tпл 1535 °C, tкіп 2750 °C, шчыльн. 7870 кг/м³ (20 °C). Пры звычайным ціску адрозніваюць некалькікрышт. мадыфікацый: α-Fe (існуе да 917 °C), δ-Fe (пры т-рах вышэй за 1394 °C і да т-ры плаўлення) з аб’ёмнацэнтраванай кубічнай рашоткай і γ-Fe (у інтэрвале 917—1394 °C) з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай. Пры т-ры 769 °C (пункт Кюры) ферамагн. α-Fe пераходзіць у парамагн. стан. Парамагн. Ж., устойлівае ў інтэрвале 769—917 °C, наз. β-Fe. Ж. не раствараецца ў вадзе і шчолачах. У вільготным паветры акісляецца і пакрываецца ржой (гл.Карозія металаў), у сухім (пры награванні вышэй за 200 °C) — ахоўнай плёнкай аксідаў (гл.Вараненне). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі Fe(II) (гл.Жалеза злучэнні), канцэнтраванымі азотнай і сернай — пасівіруецца. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, серай, фосфарам, вугляродам, аксідам вугляроду (гл.Карбанілы металаў), вадзяной парай. Асн. масу Ж. выплаўляюць у выглядзе чыгуну і сталі. Аднаўленнем жалеза аксідаў пры 750—1200 °C атрымліваюць губчатае Ж. (97—99% Fe), раскладаннем пентакарбанілу Fe(CO)5 — карбанільнае (парашок з памерамі часцінак 1—15 мкм). Выкарыстоўваюць як матэрыял для стрыжняў электрамагнітаў і якараў эл. машын (тэхнічна чыстае), як каталізатар, антыанемічны сродак (карбанільнае) і інш.
Літ.:
Беккерт М. Железо: Факты и легенды: Пер. с нем. 2 изд. М., 1988.