УРАДЖА́ЙНАСЦЬ сельскагаспадарчых культур,

колькасць прадукцыі раслінаводства з адзінкі пасяўной плошчы. Вызначаюць у цэнтнерах з 1 га (у цяплічна-парніковай вытв-сці ў кг/м²). Узровень У. залежыць ад кліматычных, геагр., глебавых, мікрабіял., агратэхн., эканам. і інш. фактараў. Павышэнню У. садзейнічае вырошчванне с.-г. культур па інтэнсіўнай тэхналогіі. Адрозніваюць патэнцыяльную, планавую, У. на корані, фактычны збор, сярэднюю У.

Патэнцыяльная У. — макс. колькасць прадукцыі, якую можна атрымаць з 1 га пры поўнай рэалізацыі прадукц. якасцей с.-г. культуры, сорту; вылічваюць н.-д. ўстановы для вызначэння набору сартоў, найб. рацыянальнай с.-г. структуры для пэўнага рэгіёна. Планавая У. — колькасць прадукцыі, якую можна атрымаць з 1 га у канкрэтных гасп. умовах. У. на корані — колькасць гатовай прадукцыі ў полі перад своечасовай уборкай. Паказчык выкарыстоўваецца для распрацоўкі мер па зніжэнні страт ураджаю. Свірнавая У. (фактычны збор) — сабраная і ўлічаная прадукцыя. Сярэдняя У. вызначаецца за 1 ці некалькі гадоў па гаспадарцы або адм. адзінцы (раёне, вобласці).

т. 16, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)