ТАБАРЫ́ТЫ,

радыкальна настроеныя ўдзельнікі гусіцкіх войнаў у сярэдневяковай Чэхіі, апаненты памяркоўных гусітаў-чашнікаў. Летам 1419 каля 42 тыс. сялян і гар. беднякоў заснавалі ў Паўд. Чэхіі на гары Табар (адсюль назва) умацаваны лагер (пазней ператварыўся ў горад), які стаў цэнтрам іх руху. Аб’ядноўвалі таксама рамеснікаў, ніжэйшае духавенства, частку дробнай шляхты. У Табары і інш. гарадах і паселішчах утваралі абшчыны-камуны, выбіралі ўласных біскупа, ваен. кіраўнікоў (гетманаў); прапагандавалі ідэю «боскага царства» ўсеагульнай роўнасці і сац. справядлівасці ў грамадстве, адмаўлялі несправядлівыя парадкі, пышны каталіцкі культ. Былі асн. сілай гусіцкага руху, стварылі палявое войска, якое пад камандаваннем палкаводцаў Мікулаша з Гусі (да 1420), Я.Жыжкі (да 1424), Пракопа Вялікага (да 1434) адбіла 5 крыжовых паходаў (1420, 1421, 1426, 1427, 1431), накіраваных супраць іх, у 1428—33 здзейсніла некалькі паспяховых паходаў у суседнія краіны. Але ў выніку ўнутр. расколу пацярпелі паражэнне ад аб’яднаных сіл чашнікаў і іх саюзнікаў (май 1434). Канчаткова разбіты ў 1437.

т. 15, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)