ТАНАНА́ЕЎ Іван Уладзіміравіч (4.6.1904, с. Сярповае Маршанскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 28.2.1993),
расійскі хімік. Акад.Рас.АН (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1925), дзе і працаваў. З 1935 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АНСССР, адначасова ў 1939—68 выкладаў у маскоўскіх ВНУ (з 1940 праф.). У 1965—88 гал. рэдактар час. «Неорганические материалы». Навук. працы па неарган. і аналіт. хіміі, фіз.-хім. аналізе. Прапанаваў метад вывучэння гетэрагенных сістэм з маларастваральнымі кампанентамі (1967—69, метад астаткавых канцэнтрацый Т.). Распрацаваў метады атрымання звышчыстых крэмнію, германію, ферацыянідны метад атрымання рубідыю і цэзію з раствораў калійных солей. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1971.
Тв.:
Химия германия. М., 1967 (разам з М.Я.Шпіртам);
Химия ферроцианидов. М., 1971 (у сааўт.);
Особенности кристаллохимии соединений редкоземельных элементов. М., 1984 (разам з Г.А.Бандуркіным, Б.П.Джурын-1 скім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТА́РСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (кыпчацка-булгарская група); мова татар, афіц. мова Татарстана. Пашырана ў Башкортастане, Чувашыі, Удмурціі, Мардовіі, у многіх абласцях Расіі, асобных раёнах Узбекістана, Казахстана, Азербайджана, Таджыкістана, Туркменістана. Мае 3 групы дыялектаў: цэнтр. ў Паволжы (вакол Казані), зах. на еўрап. частцы Расіі (вакол Варонежа, Саратава, Разані і інш.), усх. ў Сібіры (вакол Томска, Цюмені, Табольска і інш.). Татарскія дыялекты значна адрозніваюцца фанет. і марфал. рысамі. Т.м. ўласцівы: у фанетыцы — 10 галосных фанем, наяўнасць галосных няпоўнага ўтварэння, адсутнасць губна-зубной фанемы «в», адсутнасць афрыкаты «ч»; у марфалогіі — аналітызм часавых форм дзеяслова; у сінтаксісе — багацце тыпаў даданых сказаў; у лексіцы — запазычанні з араб., перс., рус. моў. Сучасная літ. Т.м. па фанетыцы і лексіцы блізкая да цэнтр. дыялекту, а па марфал. структуры — да заходняга. Пісьменнасць (помнікі з 13 ст.) да 1928 на аснове араб., потым лац., з 1939 на аснове рус. алфавіта.
Літ.:
Закиев М.З. Татарский язык // Языки народов СССР. М., 1966. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́Ў Васіль Юр’евіч (н. 1.1.1948, в. Гута Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Львоўскае вышэйшае ваен.-паліт. вучылішча (1973). Працаваў у газетах. З 1989 сакратар Гомельскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1965. Выдаў кнігі апавяданняў «Хітры Данік» (1975), «Дзень у горадзе» (1985), кнігу-дзённік «Пахвалі пражыты дзень» (1988). Аўтар нар. драмы пра пасляваен. бел. вёску «Сівы бусел», п’есы «Вокны» (абедзве паст. 1985), камедый «Прыгоды з Канапухіным», «Лесвіца» (абедзве паст. 1988), «Кветкі-ягадкі, альбо Курорт для зяця» (паст. 1990 Бел. т-рам імя Я.Коласа), «Шкірдзюкі займаюць абарону», трагікамедыі пра паслячарнобыльскую бяду «Усміхаўся месяц белай вішні» (абедзве паст. 1996), п’ес «Блакада ў Кругліцы» (1994), «Дурная баба» (1997), «Дрэва, альбо Жыццё ў адсутнасць дажджу» (1998), «Слуп» (2001) і інш., аднаактовак («Стары і дарога», «Кубік Рубіка», «Дублёр», «Арышт» і інш.). На бел. мову пераклаў п’есы Л.Петрушэўскай «Маскоўскі хор», С.Злотнікава «Сцэны каля фантана».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́Ў Мікола (Мікалай Гаўрылавіч; 8.3.1918, в. Горанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.4.1979),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1939). З 1943 у рэд. магілёўскай абл.газ. «За Радзіму», з 1949 у час. «Полымя», з 1957 гал.рэд.газ. «Літаратура і мастацтва», з 1959 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1972—79 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1938. Аўтар рамана «Згуртаванасць» (1949—50) пра ўсенародны характар партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У кнігах прозы «Пошукі скарбаў» (1963), «Дыханне агню» (1978) тэмы штодзённай працы людзей, хараства душы чалавека, роздум над жыццём, яго сэнсам, узвышанае пачуццё любові да роднай зямлі, маральна-этычныя праблемы. На бел. мову перакладаў творы з англ. (М.Твэн), лат., малд. (В.Рошка), рус. (С.Варонін, М.Прыляжаева, Я.Фёдараў), укр. і інш. л-р.
Тв.:
Дыханне агню: Раман, апавяданні. Мн., 1988.
Літ.:
Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 66—90.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́Ў Павел Іванавіч (3.9.1930, с. Скадаінаўка Каменскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 1.1.1998),
бел. пісьменнік, літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1981), праф. (1982). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1983). Скончыў БДУ (1955). З 1955 працаваў у газ. «Зорька», «Піянер Беларусі» (1960—64). З 1969 у БДУ (у 1981—86 дэкан ф-та журналістыкі). Друкаваўся з 1947. Пісаў на бел. і рус. мовах пераважна для дзяцей: кн. «Мікіткаў падарунак» (1960), «Вішнёвая квецень» (1965), «Самае галоўнае» (1977), аповесці «Пра Сяргейку і лясных жыхароў» (1961), «Піліпка з Галубінай Слабодкі» (1969), «Граніца была побач» (1972). Даследаваў памфлет і сатыру: манаграфіі «Вечны бой: (Памфлетная спадчына Я.Галана і традыцыі М.Горкага)» (1970), «Іду на вы» (1975), «Граніцы жанру» (1977).
Тв.:
Час світальнай зоркі: Выбранае. Мн., 1980;
«Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РСКА (Turska) Галіна (15.10.1901, г. Іркуцк, Расія — 5.1.1979),
польскі мовазнавец, славіст. Д-рфілал.н. (1949). Праф. (1954). Скончыла Віленскі ун-т (1929). Працавала ў Віленскім і Тарунскім ун-тах, з 1960 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Даследавала польска-бел.-літ. моўныя сувязі, бел. ўплывы ў мове твораў А.Міцкевіча, Я.Ходзькі, польскія гаворкі ў літ. і бел. вёсках 19 — пач. 20 ст. У манаграфіі «Мова Яна Ходзькі» (1930) адзначала, што бел. лексічныя, фанет., марфал. і сінтакс. ўплывы ў яго творах пераважаюць над лац., франц., ням. і рускімі; дамінуючымі з’яўляюцца бел. ўплывы і ў польскіх гаворках Віленшчыны. Аўтар прац «Польская мова на Віленшчыне» (1930), «Польская мова на базе літоўскай (Аб узнікненні польскамоўных арэалаў на Віленшчыне)» (1939), «Пэўны выпадак рэканструкцыі фармальнай прыкметы ў беларускіх дыялектах» (1949), «Слоўнік найцяжэйшых выразаў у 5 і 6 тамах «Люду беларускага» М.Федароўскага» (1969), «Беларускія лексічныя запазычанні ў польскай мове (старапольскі перыяд)» (1970), «Заўвагі пра беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» Браніславам Тарашкевічам» (1984) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУТАНХАМО́Н (літар. — жывы вобраз Амона; троннае імя Небхепрура),
егіпецкі фараон эпохі Новага царства (XVIII дынастыя), правіў каля 1400 — каля 1392 да н.э. Зяць Аменхатэпа IV (Эхнатона) і, магчыма, яго сын ці малодшы брат. Уступіў на прастол у 12-гадовым узросце пад імем Тутанхатон, памёр, не дажыўшы да 20 год. Фактычна ўлада знаходзілася ў руках візіра Эе і інш. вяльмож. Пры Т. адменены рэліг. рэформы Эхнатона, адноўлены культ бога Амона, сам Т. адмовіўся ад імя Тутанхатон і вярнуў рэзідэнцыю фараона з Эхетатона ў г. Фівы. У 1922 выяўлена грабніца Т. — адзінае амаль не разрабаванае пахаванне фараона, дзе захаваліся цудоўныя помнікі мастацтва.
Літ.:
Картер Г. Гробница Тутанхамона: Пер. с англ.М., 1959;
Кацнельсон И.С. Тутанхамон и сокровища его гробницы. 2 изд. М., 1979;
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992.
Тутанхамон у свяшчэннай лодцы. Статуэтка з грабніцы Тутанхамона ў Фівах. XVIII дынастыя. 1-япал. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАЛО́ГІЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ,
адна з плыняў у каталіцкай тэалогіі. Узнікла ў 1960-яг. ў Лац. Амерыцы. Заснавальнік — перуанскі багаслоў Г.Гуцьерэс, які выдаў у 1971 кн. «Тэалогія вызвалення. Перспектывы». Важкі ўклад у развіццё Т.в. зрабілі Л.Боф, К.Торэс, Э.Камара, О.Рамера і інш. Цэнтральныя ў Т.в. ідэі сац. справядлівасці, ганьбаванне сац. сістэм, гвалтоўных па сваёй сутнасці, якія выклікаюць голад і жабрацтва. асуджэнне паўфеад. структур Лац. Амерыкі і палітыкі неакаланіялізму. Афіц. каталіцкай тэалогіі з ідэяй сапраўднай веры Т.в. супрацьпаставіла ідэю сапраўднага дзеяння, якое вядзе да вызвалення чалавека; у некат. выпадках апраўдваецца нават узбр. барацьба. Прапаведнікі Т.в. заклікалі да скасавання несправядлівых сац. структур, эксплуатацыі бедных багатымі, няроўнага статуса жанчын, дыскрымінацыі, паліт. тыраніі і г.д. Т.в. зрабіла вял. ўплыў на інтэлектуальную думку і сац.-паліт. працэсы ў Лац. Амерыцы 1970—80-х г., нягледзячы на асуджэнне афіц. Ватыкана. З канца 1990-х г. адбываецца новы ўздым. Т.в., у якой, побач з уласна лац.-амер., дзейнічаюць афр., фемінісцкая, экатэалогія і інш. Т.в.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕКАНТРО́ЛЬ,
кантроль стану або рэжыму работы аб’екта на адлегласці тэлемех. сродкамі; галіна тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца для назірання за работай установак, машын, механізмаў і апаратаў (у т. л.касм. караблёў, ракет, штучных спадарожнікаў Зямлі) у розных галінах прам-сці, на транспарце, у энергетыцы і інш.
Дыскрэтны Т. (тэлесігналізацыя) перадае 2 ці больш паведамленняў (напр., «уключана», «выключана»). Неперарыўны Т. перадае на адлегласць неперарыўныя змены якіх-н. фіз. велічынь (гл.Тэлевымярэнні). У сістэме Т. на падкантрольным аб’екце ўстанаўліваюцца органы кантролю (пераўтвараюць вымераную фіз. велічыню ў першасны сігнал), кадзіравальнае прыстасаванне (шыфруе першасны сігнал) і перадавальнае прыстасаванне (пераўтварае зашыфраваны сігнал у форму, зручную для перадачы па лініях сувязі). Прыёмны бок сістэмы Т. мае прыёмнае прыстасаванне (пераўтварае прыняты сігнал у сігнал Т.), дэкадзіравальнае прыстасаванне (расшыфроўвае сігнал Т.) і індыкатары параметраў, якія кантралююцца. Замкнёная сістэма Т., выхадныя ланцугі якой уздзейнічаюць на сістэму рэгулявання зададзеным аб’ектам, утварае сістэму тэлерэгулявання. Гл. таксама Тэлекіраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ХНІКА БЯСПЕ́КІ,
сістэма арганізацыйных мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў, якія прадухіляюць уздзеянне на работнікаў небяспечных вытв. фактараў; ахова ўсяго арганізма чалавека або асобных яго органаў ад неспрыяльнага ўплыву тэхнал. працэсаў, тэхн. сродкаў і прадметаў працы. Сістэма нарматыўных актаў Т.б. Рэспублікі Беларусь, заснаваная на Канстытуцыі і Кодэксе законаў аб працы, абавязковая для выканання ўсімі арг-цыямі незалежна ад формы ўласнасці.
Арганізац. мерапрыемствы па Т.б. ўключаюць: інструктаж і навучанне работнікаў бяспечным і бясшкодным метадам працы, карыстанню ахоўнымі сродкамі, распрацоўку і ўкараненне рэгламентаў працы і адпачынку пры выкананні цяжкіх работ у шкодных умовах і г.д. Паводле сферы выкарыстання адрозніваюць адзіныя правілы па Т.б. для ўсіх галін нар. гаспадаркі; міжгаліновыя, што рэгламентуюць бяспеку працы для пэўнага віду работ у розных галінах вытв-сці; галіновыя, якія адносяцца да канкрэтнай вытв-сці. Абавязкі па Т.б. заканадаўствам ускладзены на наймальніка. Нагляд і кантроль за яе выкананнем ажыццяўляюць спец. ўпаўнаважаныя органы, прафсаюзы, Саветы дэпутатаў, мін-вы і ведамствы, пракуратура. Гл. таксама Ахова працы.