ТЭЛЕКАНТРО́ЛЬ,

кантроль стану або рэжыму работы аб’екта на адлегласці тэлемех. сродкамі; галіна тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца для назірання за работай установак, машын, механізмаў і апаратаў (у т. л. касм. караблёў, ракет, штучных спадарожнікаў Зямлі) у розных галінах прам-сці, на транспарце, у энергетыцы і інш.

Дыскрэтны Т. (тэлесігналізацыя) перадае 2 ці больш паведамленняў (напр., «уключана», «выключана»). Неперарыўны Т. перадае на адлегласць неперарыўныя змены якіх-н. фіз. велічынь (гл. Тэлевымярэнні). У сістэме Т. на падкантрольным аб’екце ўстанаўліваюцца органы кантролю (пераўтвараюць вымераную фіз. велічыню ў першасны сігнал), кадзіравальнае прыстасаванне (шыфруе першасны сігнал) і перадавальнае прыстасаванне (пераўтварае зашыфраваны сігнал у форму, зручную для перадачы па лініях сувязі). Прыёмны бок сістэмы Т. мае прыёмнае прыстасаванне (пераўтварае прыняты сігнал у сігнал Т.), дэкадзіравальнае прыстасаванне (расшыфроўвае сігнал Т.) і індыкатары параметраў, якія кантралююцца. Замкнёная сістэма Т., выхадныя ланцугі якой уздзейнічаюць на сістэму рэгулявання зададзеным аб’ектам, утварае сістэму тэлерэгулявання. Гл. таксама Тэлекіраванне.

Я.​І.​Анацкі, М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)