СКАРАПА́ДСКІ Іван Ільіч (1645, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 14.7.1722),
украінскі дзярж. дзеяч. З 1674 наЛевабярэжнай Украіне, у часы гетманства І.С.Мазепы (1687—1708) быў генеральным бунчужным з 1698, генеральным есаулам з 1701, старадубскім палкоўнікам (1706—08). У Паўночную вайну 1700—21, калі Мазепа з часткай укр.старшыны казацкай перайшоў на бок шведаў (1708), С. захаваў вернасць Расіі і на старшынскай нарадзе ў г. Глухаў (17.11.1708) паводле рэкамендацыі цара Пятра I выбраны гетманам Левабярэжнай Украіны (1708—22). Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. Найбуйнейшы землеўладальнік (валодаў больш як 20 тыс. двароў); праводзіў у інтарэсах старшыны далейшае запрыгоньванне ўкр. сялян (у т. л. забараніў сялянам скардзіцца на паноў), раздаваў укр. землі рус. памешчыкам. Фактычна С. дзейнічаў пад поўным кантролем царскіх улад. Яго спробы ўзмацніць самастойнасць укр. казацкай старшыны ў кіраванні Левабярэжнай Украінай былі беспаспяховымі. Адхіліўшы пратэсты С., які бараніў Сакавіцкія артыкулы 1654, Пётр I 27.5.1722 стварыў Маларасійскую калегію, якая абмежавала ўладу гетмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ ПАЎДНЁВА-АМЕРЫКА́НСКІХ КАРДЫЛЬЕ́Р, складкавая вобласць Андаў, Андыйскі складкавы пояс,
частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, якая акаймоўвае Паўд. Амерыку наЗ і Пн. НаПн сучляняецца са складкавай вобласцю Паўночна-Амерыканскіх Кардыльераў, наПд — з Заходне-Антарктычнай складкавай вобласцю. Складзена з сістэм мерыдыянальных (наПн — шыротных) хрыбтоў: Усходніх, Цэнтральных, Заходніх, Карыбскіх і Патагонскіх Андаў, паміж якімі ляжаць унутр. плато або ўпадзіны.
Развіваецца з позняга пратэразою. Вял. значэнне ў фарміраванні вобласці мела эпоха герцынскай складкавасці. Моцныя арагенічныя працэсы адбываліся і ў мелавы перыяд. У эпоху альпійскай складкавасці (з канца мелу) уздоўж новаўтвораных антыклінорыяў ішло ўкараненне гранітных баталітаў. Найб. актыўны цыкл гораўтварэння адбываецца з канца палеагену (30 млн.г. назад) да нашага часу. У альпійскую эпоху ўтварыліся Карыбскія і Патагонскія Анды, інтэнсіўна праявіўся наземны вулканізм, які працягваецца. Буйныя радовішчы медзі (Чылі), волава, вальфраму і інш. рэдкіх і каляровых металаў (Перу, Балівія), нафты і газу (Венесуэла, Эквадор, Аргенціна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКАЯ СЯДЗІ́БА «АЛЬБЯРЦІ́Н»,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга класіцызму ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Створана ў 1-й пал. 19 ст. ў б.прамысл. прыгарадзе Альбярцін (цяпер у межах горада) на заказ прамыслоўца В.Пуслоўскага. У комплекс уваходзілі: сядзібны дом, флігель, гасп. пабудовы (стайня, млын і інш.), пейзажны парк і лесапарк з воз. Альбярцінскім, створаным запрудай і млыном нар. Іса. Побач з сядзібай размяшчаліся суконная і папяровая ф-кі ўладальніка. Сядзібны дом (пабудаваны на месцы старой карчмы) — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак з асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Нагал. фасадзе ў цэнтры 2-калонны іанічны порцік з антамі, завершаны трохвугольным франтонам, і бакавы рызаліт. У афармленні ўвахода выкарыстаны фігурныя скульптуры львоў. З гасп. пабудоў захавалася стайня (пач. 20 ст., мадэрн) — неатынкаваны мураваны будынак з арнаментальнай муроўкай. У цэнтры гал. фасада арачны партал у выглядзе падковы, ляпная маска каня.
А.М.Кулагін.
Слонімская сядзіба «Альбяруцін». Сядзібны дом. З малюнка 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІРНО́Ў Канстанцін Мікалаевіч (31.5.1854 — пасля 1908),
расійскі военачальнік. Ген.-лейт. (1904). З дваран Мінскай губ. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. (1872) і Міхайлаўскае артыл. (1873) вучылішчы, Міхайлаўскую артыл. (1879?) і Мікалаеўскую Генштаба (1883) акадэміі. У пач.рус.-яп. вайны 1904—05 прызначаны камендантам крэпасці Порт-Артур (з падпарадкаваннем усіх сухап. войск у Порт-Артуры). Але рэальная ўлада над войскамі належала нач. Квантунскага ўмацаванага р-наген.-лейт. А.М.Стэселю. Разам з ген.-лейт. Р.І.Кандраценкам С. ствараў і ўмацоўваў сістэму абароны, кіраваў адбіццём шэрагу штурмаў крэпасці. Наваен. савеце 29.12.1904 выказаўся за працяг барацьбы, але 2.1.1905 Порт-Артур быў здадзены Стэселем (гл. таксама «Порт-Артура абарона»). Пасля вайны разам з ген. Стэселем, В.Рэйсам і А.В.Фокам аддадзены пад суд за капітуляцыю крэпасці, апраўданы. 18.3.1908 выкліканы на дуэль Фокам (прыхільнікам капітуляцыі), якога С. абвінаваціў у здрадзе. На дуэлі С. цяжка паранены, з крас. 1908 у адстаўцы. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЫК,
у беларусаў прылада для рыхлення глебы і загортвання ў яе насення. Выкарыстоўвалі часцей пры ляднай (падсечнай) сістэме земляробства ў лясных зонах. На Віцебшчыне, дзе доўга захоўвалася лядная сістэма, сеялі без папярэдняга ўзорвання, а С. або вершалінай (сукаваткай) адначасова рыхлілі глебу і засыпалі пасеянае насенне. С. рабілі з расколатых ці абчасаных яловых ствалоў, у якіх з аднаго боку пакідалі сукі даўжынёй 40—60 см. Колькасць ствалоў (5—10) была абумоўлена і таўшчынёй дрэўцаў, з якіх рабілі С., і ўмовамі працы. Для апрацоўкі цяжкіх глеб С. рабілі з больш тоўстых дрэўцаў з мацнейшымі сукамі. Ствалы даўжынёю каля метра прывязвалі дубовымі, лазовымі, бярозавымі віткамі да дзвюх папярочных планак, радзей прыбівалі цвікамі. Два крайнія ствалы былі на 1—1,5 м даўжэйшыя за сярэднія. Яны ўтваралі аглоблі, за якія чаплялі пастронкі. С. бытаваў на Беларусі паўсюдна, за выключэннем Гомельшчыны, да пач. 20 ст.; часам яго выкарыстоўвалі замест бараны. У некат. мясцовасцях, асабліва на Віцебшчыне, 7—10-ствольнымі С. баранавалі бульбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НІН Алег Барысавіч (н. 10.4.1948, Берлін),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, кл. М.Аладава і А.Багатырова). З 1974 выкладаў у Лідскім муз. вучылішчы, у мінскіх муз. школах, з 1979 у Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі. Прыхільнік сучаснага муз. авангарда з шырокім вобразным дыяпазонам, экспрэсіўнасцю, трагедыйнай і лірыка-рамант. накіраванасцю. У творах выкарыстоўвае дадэкафонную і постдадэкафонную тэхніку пісьма, алеаторыку, санорыку, шматэлементную поліметрыю. Аўтар балета «Каханне Сапфо» (1998—2001), 4 сімфоній (1-я, 1974; 2-я «Zorca in memoriam», 1985; 3-я «Прысвячэнне Сапфо», 1987; 4-я «Музыка для Восіпа Мандэльштама» для фп., 1992), кантаты «Родная зямля» на вершы Я.Купалы і ўласныя (1975), 3 канцэртаў (1980—2001), камерна-інстр. ансамбляў, вак. цыклаў «Родны край» на вершы А.Бачылы, «Пад вечнымі соснамі» на вершы Р.Барадуліна (абодва 1978), «Месяцовыя песні» на вершы Ф.Гарсія Лоркі (1989), твораў для фп. і інш. Заснавальнік (1990) і прэзідэнт (да 1995) Бел. асацыяцыі сучаснай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПА́ДЧЫННЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы чалавека, абумоўленыя мутацыямі. Падзяляюцца нахрамасомныя хваробы, генныя і мультыфактарыяльныя. Храмасомныя хваробы (храмасомныя сіндромы) характарызуюцца мутацыямі храмасом, генныя (манагенныя) — генаў. Найб. пашыраны мультыфактарыяльныя (мутацыі аднаго або некалькіх генаў, якія ствараюць павышаную адчувальнасць да ўздзеяння на арганізм шкодных фактараў). Вядомы таксама генет. хваробы, звязаныя са зменамі генных структур саматычных клетак (праяўляюцца некат. злаякаснымі пухлінамі, радзей — прыроджанымі заганамі развіцця).
Для большасці С.х. (практычна ўсе храмасомныя хваробы і да 1/3 манагенных) характэрна ранняе праяўленне — унутрывантробна або ў дзіцячым узросце. Часта яны працякаюць хранічна з рэцыдывамі (біяхім. і малекулярныя хваробы), адначасова пашкоджваюцца многія органы (храмасомныя і манагенныя сіндромы), цяжка паддаюцца лячэнню. Для дыягностыкі С.х. прымяняюць біяхім. і малекулярныя метады, праводзяць цытагенет. і малекулярна-цытагенет. даследаванні. Важнае значэнне ў прафілактыцы С.х., іх ранняй дыягностыцы. своечасовым лячэнні мае медыка-генетычнае кансультаванне. Лячэнне сімптаматычнае, патагенетычнае, накіраванае на карэкцыю абмену рэчываў (дыетхарчаванне, харч. дабаўкі, увядзенне ферменту, якога не хапае). На Беларусі пытаннямі С.х. займаецца НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СПАРТА́К»,
спартыўнае таварыства прафсаюзаў у 1935—93. Аб’ядноўвала работнікаў асветы, аўтатранспарту, аховы здароўя, грамадз. авіяцыі, дзярж. гандлю, дзярж. устаноў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, культуры, лёгкай і харч. прам-сці, спажывецкай кааперацыі, сувязі і інш.
Створана ў 1935 як усесаюзнае добраахвотнае фізкультурна-спарт.т-ва работнікаў прамысл. кааперацыі на аснове фізкультурных гурткоў. У 1960 рэарганізавана ў спарт.т-ва прафсаюзаў (12 галіновых прафсаюзаў). Будавалася паводле тэрытарыяльна-вытв. прынцыпу і мела пярвічныя арг-цыі — калектывы фіз. культуры і спарт. саветы (рэсп., краявыя, абл., гар.).
На Беларусі рэсп. савет аб’ядноўваў 6 абл. і 18 гар.спарт. саветаў. Т-ва мела (1981) 36 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ, 8 стадыёнаў, 30 футбольных палёў, 99 спарт. залаў, 102 лыжныя базы, 65 спарт.-аздараўленчых лагераў; культываваліся 40 відаў спорту. У 1985 на базе некалькіх спарт. т-ваў, у т. л. і «С.», створана адзінае добраахвотнае фізкультурна-спарт.т-ва прафсаюзаў; у 1993 раз’яднана на шэраг фізкультурна-спарт. клубаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРЫННЯ́,
1) род паразітычных грыбоў, тое, што клавіцэпс.
2) Хвароба збожжавых, якую выклікае сумчаты грыб клавіцэпс пурпуровы. Характарызуецца ўтварэннем у каласках раслін замест зярнявак буйных ражкоў (склероцыяў грыба) спачатку фіялетавага, потым чорнага колеру. Пашкоджвае больш за 170 культ. і дзікарослых злакаў, найчасцей жыта. У некат. гады масавае развіццё С. назіраецца на тарфяна-балотных глебах Палесся, на пасевах паблізу вадаёмаў і лясоў з павышанай вільготнасцю.
Склероцыі грыба зімуюць у глебе ці ў збожжы, вясной прарастаюць і ўтвараюць да 30 мясістых пурпуровых стром на ножцы (да 5 см) з чырванаватымі галоўкамі. У стромах утвараюцца пладовыя целы з сумкамі і сумкаспорамі, якія выклікаюць першаснае заражэнне раслін. На кветках сумкаспоры прарастаюць у міцэлій, які пранікае ў завязь, разрастаецца і ўтварае канідыяльнае споранашэнне. Грыб выдзяляе ліпкую саладкаватую вадкасць (падзь), якая прываблівае насякомых. Канідыі распаўсюджваюцца насякомымі і выклікаюць масавае заражэнне раслін. У перыяд выспявання зерня міцэлій становіцца цвёрдым, ператвараецца ў склероцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАДНЮ́К Іван Фоціевіч (8.3.1920, с. Кардышоўка Вінніцкага р-на, Украіна — 30.4.1994),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграфічны ін-т (1957). У Вял.Айч. вайну ваен. журналіст. Удзельнічаў у абарончых баях 1941 на Беларусі. Ганаровы грамадзянін г. Смаленск і в. Баравое Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., дзе з 26.6 да 7.7.1941 удзельнічаў у цяжкіх баях. Друкаваўся з 1940. Раман «Людзі не анёлы» (ч. 1—2, 1962—65, аднайм. п’еса 1967) пра жыццё ўкр. сяла. Аўтар раманаў «Вайна» (кн. 1—3, 1970—80, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Масква, 41-ы» (1985), шматлікіх апавяданняў і аповесцей пра Вял.Айч. вайну, п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Эпізоды баёў набел. зямлі ўзнаўляюцца амаль ва ўсіх яго буйных творах. У нарысах з кн. «Любоў мая і боль мой...» (1977), «Запаветнае» (1980), «Жалезныя вятры» (1982) расказаў пра многіх байцоў і камандзіраў — ураджэнцаў Беларусі.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1982—85.
Літ.:
Леонов Б. Главный объект: Очерк творчества И.Стаднюка. М., 1978.